Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каньяк, цукеркі і каўбаса. За такі хабар дырэктару «Краснапольля» прысудзілі чатыры гады і канфіскацыю


8 жніўня суд Расонскага раёну прызнаў 56-гадовага дырэктара камунальнага ўнітарнага сельскагаспадарчага прадпрыемства «Краснапольле» Сяргея Карпенку, які кіраваў гаспадаркай 24 гады, вінаватым у атрыманьні хабару шляхам вымаганьня.

Як высьветліла сьледзтва, 4 траўня Карпенка, які таксама зьяўляўся дэпутатам райсавету, знаходзячыся ў сваім працоўным кабінэце, запатрабаваў ад беспрацоўнай за працаўладкаваньне ў прадпрыемстве «Краснапольле» хабар у выглядзе прадуктаў харчаваньня і сьпіртовых напояў, паведамляюць «Народныя навіны Віцебску».

Пасьля гэтага жанчына зьвярнулася ў міліцыю. 7 траўня яна прынесла ў кабінэт і перадала дырэктару сельгаспрадпрыемства бутэльку каньяку, тры палкі каўбасы і скрынку цукерак агульным коштам 45 рублёў 56 капеек.

Сяргей Карпенка быў затрыманы ў працоўным кабінэце, а затым зьмешчаны ў сьледчы ізалятар. У выніку яго прызналі вінаватым у атрыманьні хабару шляхам вымаганьня, і на падставе часткі 2 артыкула 430 Крымінальнага Кодэксу яму прызначана пакараньне 4 гады пазбаўленьня волі з канфіскацыяй усёй маёмасьці і пазбаўленьнем права займаць кіроўныя пасады 4 гады. Адбываць пакараньне былы старшыня будзе ў папраўчай калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, пра гэта «Народным навінам Віцебску» паведамілі ў прэс-службе Віцебскага абласнога суду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG