Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэс-сакратар Пуціна: ліст ад маці Сянцова атрымалі, але пра рэакцыю не скажу


Люміла Сянцова

Прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў заявіў 9 жніўня, што ў Крамлі атрымалі ліст маці Алега Сянцова, які амаль 90 дзён трымае галадоўку ў расейскай турме. У лісьце маці просіць памілаваць сына.

«Я ведаю, што гэты ліст паступаў у адпаведнае падразьдзяленьне адміністрацыі прэзыдэнта. Але пакуль я не гатовы сказаць вам пра якую-небудзь рэакцыю, — сказаў Пяскоў. — Вы ведаеце, што ў працэдуры памілаваньня прадугледжаны неабходны па заканадаўстве набор дзеяньняў. Большага пакуль сказаць не магу».

Ён не ўдакладніў, калі Крэмль атрымаў ліст.

Яшчэ 13 ліпеня Пяскоў казаў журналістам, што прашэньне маці Алега Сянцова да прэзыдэнта Пуціна аб памілаваньні яе сына «не застанецца па-за ўвагай». Яно «безумоўна будзе разгледжана», заявіў тады прэс-сакратар расейскага лідэра.

Па словах адваката Сянцова Дзьмітрыя Дзінзэ, рашэньне аб памілаваньні — калі яно будзе прымацца — можа заняць ад двух тыдняў да месяца.

«Неабходны па заканадаўстве набор дзеяньняў» уключае ў сябе стварэньне камісіі, якая павінная атрымаць заключэньне з калёніі аб фізычным стане зьняволенага і яго паводзінах. Прыкладна тое ж самае, што адбываецца пры прыняцьці рашэньня аб умоўна-датэрміновым вызваленьні. Трэба атрымаць псыхалягічнае заключэньне, заключэньне ад кіраўніцтва калёніі, ці ёсьць нейкія нараканьні або заахвочваньні за час адбыцьця пакараньня. У выніку робіцца выснова, ці ўяўляе ён грамадзкую небясьпеку і ці можна яго памілаваць. Выносяцца рэкамэндацыі, якія разглядае прэзыдэнт і прымае рашэньне", — растлумачыў Дзінзэ.

Упаўнаважаная па правах чалавека Ўкраіны Людміла Дзянісава апублікавала фатаграфіі Алега Сянцова, якія ёй перадала расейскі амбудсмэн Тацьцяна Маскалькова. Паводле яе слоў, «Алег актыўны, глядзіць тэлевізар, чытае кніжкі, піша нешта час ад часу».

Пры гэтым Дзянісава, спасылаючыся на словы Дзінзэ, кажа, што Сянцоў перажывае трэці крызіс здароўя. Яго хацелі адправіць у шпіталь для прымусовага харчаваньня, але ён адмовіўся.

«Ён пʼе мінімальную колькасьць мэдычнай сумесі і ваду, каб не губляць прытомнасьць і кантраляваць дзеяньні, якія зь ім адбываюцца. Яго вага ўжо зьнізіўся да 70 кіляграмаў», — паведамляе амбудсмэн.

Алег Сянцоў, украінец і жыхар Крыму, быў затрыманы расейскімі спэцслужбамі ў траўні 2014 году. У жніўні 2015 году Паўночна-Каўкаскі акруговы вайсковы суд у Растове-на-Доне прысудзіў яго да 20 гадоў калёніі строгага рэжыму па абвінавачваньні ў падрыхтоўцы тэрактаў у Крыме. Сянцоў сваю віну не прызнаў і на працэсе заяўляў, што яго катавалі. Тэрмін ён адбывае ў калёніі ў горадзе Лабытнангі ў Ямала-Ненецкай аўтаномнай вобласьці.

14 траўня сёлета Сянцоў абвясьціў аб пачатку галадоўкі і запатрабаваў вызваліць усіх украінскіх палітвязьняў, якія ўтрымліваюцца ў расейскіх турмах. Расейскія ўлады ніяк не адрэагавалі на яго патрабаваньні. Сянцоў неаднаразова заяўляў, што будзе трымаць галадоўку «да канца».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG