Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Намесьнік міністра фінансаў: Ёсьць рэальная пагроза, што расейскі бэнзін выцесьніць беларускі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Існуе рэальная пагроза, што расейскі бэнзін выцесьніць беларускі з рынку Беларусі. Такое меркаваньне 9 жніўня выказаў журналістам намесьнік міністра фінансаў Беларусі Дзьмітры Кійко.

«Калі раней такая магчымасьць існавала толькі тэарэтычна, то цяпер яна выглядае цалкам рэальнай. Масква ўжо абвясьціла, што ў 2019 годзе пачынае падатковы нафтавы манэўр. Для нас гэта адмоўны фактар. Мы ўжо палічылі, што ў наступным годзе страцім на гэтым 600 мільёнаў рублёў. І гэта зьмяншае нашы магчымасьці для зьніжэньня падатковай нагрузкі ў краіне», — сказаў намесьнік міністра.

Расея яшчэ ў 2015 годзе прыняла рашэньне аб абнуленьні мыта на нафту і павышэньні падатку на здабычу карысных выкапняў. Яго назвалі «вялікім нафтавым манэўрам».

Беларусь цяпер атрымлівае нафту з Расеі бяз мыта, а экспартнае мыта ад вырабленых з гэтай нафты прадуктаў трапляе ў беларускі бюджэт.

У Расеі спрачаліся, зь якога часу пачынаць рэалізацыю манэўру. Цяпер стала ясна, што ён пачынаецца ад 2019 году.

Як адкажа Менск

Дзьмітры Кійко лічыць, што для таго, каб неяк кампэнсаваць незаплянаваныя страты, спатрэбіцца рэформа падатковай сыстэмы. У прыватнасьці, паводле яго, мабыць, давядзецца павялічыць ускосныя падаткі, напрыклад, на алькаголь і тытунь, скараціць падатковыя льготы і бюджэтныя выдаткі.

«Мы ўваходзім у рэжым „жэстачайшай“ эканоміі», — падсумаваў сытуацыю намесьнік міністра.

Ён лічыць, што дзеяньні Масквы падрываюць адзіны рынак нафтапрадуктаў Эўразійскага эканамічнага саюзу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG