Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адказ карэспандэнту «СБ. Беларусь Сегодня» на «зручных у побыце жанчын»


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Пераход на асобы — досыць звычайная ў сварках практыка. І хай гэта лічыцца неэтычным, але калі аргумэнты па сутнасьці сканчваюцца, людзі часта пад уплывам эмоцый пераходзяць да абмеркаваньня асобаў апанэнтак ці апанэнтаў.

І калі супрацоўнік дзяржаўнага выданьня замест выказваньня салідарнасьці з затрыманымі каляжанкамі зь незалежных мэдыя заяўляе, што «зьблізу, здаецца, не бачыў іх ніколі. Можа, яны цалкам сабе сымпатычныя дамы і вельмі прыемныя і зручныя ў побыце», мяне гэта не зьдзіўляе, але дужа абурае.

Для карэспандэнта газэты «СБ. Беларусь Сегодня» Дзьмітрыя Крата Марына Золатава і Тацяна Каравянкова — не каляжанкі, а апанэнткі, якіх ён відавочна баіцца, як мне падаецца. Чым яшчэ, акрамя страху, патлумачыць гэтыя выказваньні? Калі ён расказвае пра тое, як радуецца затрыманьню гэтых жанчын, ён не спасылаецца на канкрэтныя факты, якія б пацьвердзілі, наколькі кепска Золатава і Каравянкова працуюць у журналістыцы, а проста абстрактна разважае, разбаўляючы гэтыя разважаньнямі адсылкамі да «жаночага».

У незалежных журналістак ёсьць шмат ідэалягічных разыходжаньняў з праўладнымі журналістамі, але выказваньне Крата вельмі яскрава паказала яшчэ адзін цывілізацыйны разрыў: пакуль моцныя жанчыны самааддана працуюць, задаючы прафэсійную плянку, заўжды знойдзецца мужчына, які перавядзе канфлікт у гендэрную плашчыну. Мужчына, які будзе настолькі баяцца іх прафэсіяналізму і ўсьведамляць уласную неканкурэнтаздольнасьць, што паспрабуе паставіць сябе на прыступку вышэй у іншым полі і назаве іх «зручнымі ў побыце».

У незалежных журналістак ёсьць шмат ідэалягічных разыходжаньняў з праўладнымі журналістамі, але выказваньне Крата вельмі яскрава паказала яшчэ адзін цывілізацыйны разрыў.

Вось гэта майстэрства прафэсійнай дыскусіі! Вось гэта праява чалавечай годнасьці! Пакуль Марына і Тацяна знаходзяцца за кратамі, Дзьмітры нібыта іранізуе на тэму іх «жаночых якасьцей». І каб ні ў каго не засталося сумневаў у тым, што заява пра зручнасьць — не выпадковая агаворка, а цалкам сабе праява сьвядомай пазыцыі, у канцы тэксту Дзьмітры дадае: «Адціскайцеся, барышні. Мужык вас больш, чым паймеў».

Гэта, трэба думаць, пачуцьцё гумару такое. Назаві апанэнтак зручнымі ў побыце жанчынамі і выкарыстай мэтафару пра згвалтаваньне. Мяркую, у прыстойнай рэдакцыі супрацоўніка за такія выпады (хай гэта і ягоная асабістая старонка ў сацыяльнай сетцы) чакалі б пэўныя санкцыі. Але гэта дзяржаўная прэса Беларусі, і ў нас тут, як кажуць, свая атмасфэра.

А страх Крата перад Золатавай і Каравенкавай я вельмі добра разумею. Я б на яго месцы таксама баялася — яны моцныя і сьмелыя прафэсіяналкі і робяць якасную журналістыку, пакуль Дзьмітры занатоўвае для «СБ. Беларусь сегодня» выказваньні Лукашэнкі на розныя тэмы.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG