Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сябру адарвала нагу». Грузінскі ваенны лекар пра жнівень 2008 году


Дом у Горы пасьля расейскага авіяналёту, 9 жніўня 2008
Дом у Горы пасьля расейскага авіяналёту, 9 жніўня 2008

10 гадоў таму, у ноч з 7 на 8 жніўня 2008 года, у Паўднёвай Асэтыі пачалася «пяцідзённая вайна» паміж узброенымі сіламі Грузіі і Расеі, на чыім баку таксама былі паўднёваасэтынскія фармаваньні. Праз 10 гадоў Радыё Свабода зьбірае сьведчаньні відавочцаў тых падзей, якія змагаліся з абодвух бакоў. Вось адно зь іх

Паводле афіцыйнай пазыцыі ўладаў Расеі і самаабвешчаных Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, іх дзеяньні, названыя «прымусам Грузіі да міру», былі адказам на агрэсію Грузіі супраць цывільнага насельніцтва Паўднёвай Асэтыі і расейскіх міратворцаў. У Тбілісі і тады, і цяпер працягваюць настойваць на зусім іншай вэрсіі — што гэта была сплянаваная агрэсія з боку Расеі, падрыхтаваная за 6 дзён да баявых дзеяньняў у Паўднёвай Асэтыі, дзе Грузія вырашыла правесьці вайсковую апэрацыю ў адказ на правакацыі паўднёваасэтынскіх узброеных фармаваньняў.

Грузія лічыць, што ўзброены канфлікт пачаўся ня 8-га, а ў ноч на 7 жніўня: не з абстрэлу грузінскай артылерыяй горада Цхінвалі, а з абстрэлу паўднёваасэтынскай артылерыяй грузінскага сяла Аўневі, дзе цяжкія раненьні атрымалі два грузінскія міратворцы. Аднак у дакладзе камісіі Эўразьвязу (так званым «дакладзе Тальявіні») гаворыцца, што «кульмінацыяй» доўгага пэрыяду правакацый і росту напружанасьці стаў артылерыйскі абстрэл грузінскай арміяй сталіцы Паўднёвай Асэтыі Цхінвалі ў ноч на 8 жніўня.

Грузінскія вайскоўцы, якія потым ненадоўга занялі Цхінвалі, неўзабаве былі выбітыя з гораду. На працягу некалькіх дзён расейскія войскі сумесна з паўднёваасэтынскімі і іншымі атрадамі так званых «добраахвотнікаў», выціснулі грузінскія войскі з Паўднёвай Асэтыі, а таксама ва ўзаемадзеяньні з абхаскімі сіламі — з Кадорскай цясьніны Абхазіі. Расейскія танкі спыніліся амаль пад Тбілісі. Баявыя дзеяньні працягваліся да канца дня 12 жніўня.

Цхінвалі, расейскія вайскоўцы праяжджаюць каля падбітага грузінскага танка, жнівень 2008
Цхінвалі, расейскія вайскоўцы праяжджаюць каля падбітага грузінскага танка, жнівень 2008

Адным з удзельнікаў «пяцідзённай вайны» быў грузінскі ваенны лекар, хірург, палкоўнік Лаша Каява, які зь першага да апошняга дня камандаваў ваенна-палявым шпіталём у мястэчку Тквіяві, менш чым за 10 км ад Цхінвалі. У інтэрвію Радыё Свабода ён прыгадвае тыя дні:

— Вайна пачалася для мяне з тэлефанаваньня начальніка штабу сухапутных войскаў узброеных сілаў Грузіі. Я павінен быў зьявіцца ў сваю частку і выклікаць увесь асабовы склад майго палявога шпіталя. Тое, што называецца «баявыя дзеяньні ў жніўні 2008-га», для мяне пачаліся з гэтага. А наогул я ня першы раз бачыў вайну. Бо ў Грузіі ўсякія дробныя сутычкі паміж грузінамі і абхазамі, грузінамі і асэтынамі адбывалася з 1989 годуА ле . А ў 1992 годзе я, як ваенны лекар, хірург агульнага профілю, удзельнічаў і ў тагачасных падзеях пад Цхінвалі.

Я даўно служу ў войску і таму дакладна ведаю, дзе, што, калі, як і чаму пачалося. Вайну ў жніўні 2008-га я б назваў па шахматнаму — «Белыя пачынаюць і прайграюць». З самага пачатку было ясна, што гэты ўзброены канфлікт пачаты дзеля вялікіх інтарэсаў Расейскай Фэдэрацыі. Усе перадумовы былі для таго, каб ён пачаўся. Масква заўсёды лічыла, што Каўказ — гэта «паўднёвая брама Расеі». І альбо хтосьці яе адбірае ў Расеі, і тады гэтая брама адчыненая, альбо Расея бярэ ўвесь Каўказ. Расея імкнулася зачыніць сваю «браму», таму яна ўсімі сіламі рыхтавала гэты канфлікт.

— Вы самі бачылі, як наступалі расейскія войскі? Наогул, наколькі блізка вы знаходзіліся да перадавой?

— Цяжка, ведаеце, пры асымэтрычных баявых дзеяньнях сказаць, у колькіх мэтрах ты знаходзісься ад лініі агню. Але калі лічыць, што Тквіяві ад Цхінвалі знаходзіцца менш чым за 10 кілямэтраў, то я думаю, што ня вельмі далёка.

— Ваш ваенна-палявы шпіталь пераяжджаў або ўвесь час знаходзіўся ў адным і тым жа месцы?

— Тры дні быў у Тквіяві, а потым мы сталі адыходзіць.

Абмен параненымі і палоннымі на мосьце праз Ігаеці, 19 жніўня 2008
Абмен параненымі і палоннымі на мосьце праз Ігаеці, 19 жніўня 2008

— Калі грузінскія вайскоўцы і цывільнае насельніцтва сталі несьці самыя вялікія страты?

— Гэта было на другі дзень, ды і 9 жніўня забітых і параненых было вельмі шмат. Ужо праціўнік стаў атакаваць, былі асэтынскія бандфармаваньні, і яшчэ нейкія рускія казацкія атрады там былі. Да канца першага дня, да вечара 8 жніўня, яны больш актыўна пачалі весьці баявыя дзеяньні супраць нас.

— Вы баяліся трапіць у палон?

Цяжка не баяцца трапіць у палон, калі ў цябе пад камандаваньнем знаходзяцца 470 чалавек, і ў асноўным жанчыны. Вядома, не вельмі было б прыемна «падарыць» гэтых жанчын «казакам» і іншым бандытам. Я, дарэчы, значна менш баяўся таго, што нас захопяць рэгулярныя расейскія войскі. Таму што ўсе ведалі, што ў сваіх дзеяньнях расейцы вельмі лічацца з меркаваньнем цывілізаванага сьвету, у сэнсе — з Захадам. І мы былі ўпэўненыя, што дзікасьці і зьверстваў зь іх боку ня будзе. Але вось трапіць у палон да асэтынскіх бандытаў ці да «казакоў» — гэта магло мець вельмі кепскія наступствы.

— Што з таго, што здарылася 10 гадоў таму ўспамінаецца мацней за ўсё?

— Часта стараюся нават прыгадваць нешта сьмешнае, калі ў нашых шэрагах панавала разгубленасьць, такога было шмат. Эвакуацыйны транспарт у мяне быў цывільны, які павінен быў перавозіць параненых з палявой брыгады да мяне ў шпіталь. Але гэтыя цывільныя кіроўцы неяк былі напалоханыя, І не хацелі падʼяжджаць непасрэдна да лініі агню. Варта было іх неяк падбадзёрыць. Таму я і адзін мой сябар, які таксама быў вэтэранам баявых дзеяньняў у Абхазіі 1992-1993 гадоў, самі першымі селі ў машыну і самі паехалі па першых параненых. Я, начальнік ваенна-палявога шпіталя, вяду першую санітарную машыну і сам сяджу за рулём і жартуем адзін з адным.

Самае было прыемнае, самае добрае, што магу прыгадаць — тое, што ўсе параненыя, якіх дастаўлялі мне, засталіся жывыя да гэтага часу. Пасьля вайны яны ўсё ачунялі і вярнуліся да нармальнага ладу жыцьця. А самы цяжкі ўспамін — як другога майго старога сябра наўпрост мне мне на апэрацыйны стол прывезьлі зь міна-выбуховай ампутацыяй нагі, кажучы мэдычнай мовай. Мінамётная міна ўпала і адарвала яму нагу. Вось гэта быў самы непрыемны асабісты ўспамін.

Мэмарыял памяці грузінскіх салдатаў, якія загінулі ў вайне 2008 году, Горы
Мэмарыял памяці грузінскіх салдатаў, якія загінулі ў вайне 2008 году, Горы

— Як тады і цяпер вы ўспрымалі і ўспрымаеце Расею, расейскія войскі, наогул расейскі народ? Як сапраўднага ворага, зь нянавісьцю, ці вы былі хутчэй у непаразуменьні і зьдзіўлены, як гэта ўсё атрымалася?

— Зьдзіўленьня ніяк не магло быць, таму што я ўжо дзьве-тры вайны прайшоў і яшчэ партызанскі рух. Ведаеце, успрыняцьце было і ёсьць без усялякай нянавісьці. Я б коратка апісаў яго так: яны за сваю дзяржаву змагаюцца, а я за сваю. Калі я бачу расейскіх салдат, вядома, сказаць, што пры гэтым адчуваю вялікае захапленьне і пачуцьцё акрыленасьці — гэта будзе няпраўдай. А да звычайных расейскіх людзей — звычайнае стаўленьне. Расейскія турысты да нас прыяжджаюць, я зь імі часта маю зносіны. Усё нармальна, — распавёў Радыё Свабода грузінскі ваенны лекар, вэтэран вайны 2008 году Лаша Каява.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG