Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі дазволілі рэфэрэндум. Упершыню за 25 гадоў


Цэнтарвыбаркам Расеі на пасяджэньні 8 жніўня дазволіў правесьці рэфэрэндум па пэнсійнай рэформе ў Расеі (упершыню за 25 гадоў) і прызнаў, што тры пытаньні аб павышэньні пэнсійнага ўзросту, якія ініцыятыўныя групы ўжо прапанавалі вынесьці на галасаваньні, адпавядаюць заканадаўству.

Першым было ўхваленае пытаньне ад маскоўскай ініцыятыўнай групы, якую ўзначальвае кандыдат у мэры Масквы ад «Справядлівай Расеі» Ільля Сьвірыдаў. Яно гучыць так: «Вы за тое, каб узрост, устаноўлены заканадаўствам Расейскай Фэдэрацыі аб пэнсійным забесьпячэньні па стане на 1 ліпеня 2018 года, па дасягненьні якога ўзьнікае права на прызначэньне пэнсіі па старасьці, не мяняўся?»

Другая аналягічная па сэнсе фармулёўка была прапанавана аддзяленьнем КПРФ Алтайскага краю, трэцяя — Усерасейскім саюзам грамадзкіх арганізацый па працы са шматдзетнымі сем’ямі Маскоўскай вобласьці.

Цяпер ініцыятыўныя групы павінны зарэгістраваць падгрупы ня менш як у 42 рэгіёнах і сабраць 2 мільёны подпісаў у падтрымку рэфэрэндуму. Права правесьці рэфэрэндум атрымае тая ініцыятыўная група, якая зробіць гэта першай.

У сярэдзіне ліпеня Дзяржаўная дума Расеі ўхваліла ў першым чытаньні ўрадавы законапраект аб паступовым павышэньні пэнсійнага ўзросту да 65 гадоў для мужчын і да 63 гадоў для жанчын. Пэнсійная рэформа ўжо выклікалі акцыі пратэсту ў дзясятках гарадоў Расеі.

Апошні раз усерасейскі рэфэрэндум праводзіўся ў 1993 годзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG