Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маральны тэрор і беспрацоўе. Як «сэкстрэмістка» з Femen пражыла год пасьля акцыі пратэсту перад Лукашэнкам


Анжаліна Дыяш з адвакатам у судзе
Анжаліна Дыяш з адвакатам у судзе

7 жніўня Пячэрскі раённы суд Кіева аднавіў разгляд справы актывісткі Femen Анжаліны Дыяш за акцыю «Жыве Беларусь!» у Адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны 21 ліпеня 2017 году, калі там знаходзіўся Аляксандар Лукашэнка.

Лукашэнку і Парашэнку сьведкамі не запрасілі

Судовы працэс на Анжалінай Дыяш пачаўся летась у кастрычніку. Абарона пад час дасудовага расьсьледаваньня настойвала на ўдзеле ў працэсе ў якасьці сьведак абодвух прэзыдэнтаў — Аляксандра Лукашэнкі і Пятра Парашэнкі. Але сьледчыя нават не разглядалі адпаведнае хадайніцтва адваката. Потым судовыя паседжаньні прызначаліся і пераносіліся. У працэсе ўжо зьмяніўся і пракурор, а справа так і ня рухалася зь месца.

Цяпер суд пастанавіў перадаць матэрыялы справы аб хуліганстве іншаму судзьдзі гэтага ж Пячэрскага раённага суду, які слухае справу аб выкарыстаньні Дыяш заведама падробленага дакумэнту. На судовым разглядзе справы адвакат мае намер пераканаць суд у неабходнасьці залучыць да працэсу і Пятра Парашэнку, і Аляксандра Лукашэнку.

Дзьве справы за адну акцыю

Супраць Анжаліны Дыяш былі адкрытыя дзьве крымінальныя справы — паводле часткі 1 артыкулу 296 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны («хуліганства, якое суправаджаецца асаблівым нахабствам і цынізмам») і паводле часткі 4 артыкулу 358 («выкарыстаньне заведама фальшывага дакумэнта»). Абодва гэтыя правапарушэньні караюцца як штрафам, так і пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 2 да 5 гадоў.

Аднак, паводле адваката Яраслава Яцэнкі, суд толькі ў верасьні вынесе вэрдыкт аб аб’яднаньні гэтых двух эпізодаў у адну справу, і толькі потым пачнецца разгляд па сутнасьці.

«Я ведала, што будзе цяжка»

Анжаліна Дыяш
Анжаліна Дыяш

Нягледзячы на доўгую судовую цяганіну, Анжаліна Дыяш ня страчвае аптымізму і не зьбіраецца адмаўляцца ад свайго ўдзелу ў арганізацыі Femen.

Актывістка пераконвае, што пратэст на сустрэчы Парашэнкі і Лукашэнкі быў для яе сьвядомым выбарам: яна прадчувала магчымыя наступствы, хоць не разьлічвала на такі працяглы працэс. Але ні сам суд, ні магчымыя наступствы яе не спынілі — на працягу году Анжаліна Дыяш неаднойчы была адной з хэдлайнэрак новых акцый арганізацыі.

«Гэты год быў вельмі насычаны, таму што ў мяне было яшчэ некалькі гучных акцый, і апошняя — паўгода таму ў Чэхіі з Зэманам (падчас прэзыдэнцкіх выбраў. — РС)».

Дыяш кажа, што шмат зьмянілася ў яе жыцьці за мінулы год.

«Асяродзьдзе зьмянілася — нехта маральна тэрарызуе і трэціруе маю сям’ю ў маім горадзе, было пэўнае неразуменьне і сярод маіх сяброў. Хтосьці застаўся, хтосьці сышоў. Многае памянялася. І з працай цяпер складана — не магу нічога знайсьці. Але я спадзяюся, што ўсё будзе добра», — распавяла Свабодзе Анжаліна Дыяш.

Дзяўчына дадала, што празь яе дзейнасьць у Femen пакутуе і маці.

«Мама шмат нэрваў патраціла за гэты год. У яе адрас на працы гучаць насьмешкі, нейкія колкасьці. У маім горадзе пра мае акцыі ведаюць усе, бо там з маёй зьнешнасьцю ня так шмат дзяўчат. Немагчыма спакойна прайсьці па вуліцы. Апошнім разам, калі я там была, мяне называлі прадажнай шлюхай», — кажа актывістка.

Страціла працу

Неўзабаве пасьля акцыі перад Пятром Парашэнкам і Аляксандрам Лукашэнкам Анжаліна Дыяш страціла працу ў дзіцячым садку — бацькі дзяцей былі абураныя яе дзейнасьцю ў Femen. Але яна ўпэўненая, што знайдзе нешта новае для сябе:

«Я зараз маю падпрацоўкі, але асноўнай працы няма. Я ў пошуку такой працы, каб людзям было камфортна побач са мной працаваць і каб мне таксама было камфортна зь імі. Але гэтая сытуацыя мяне не зламала. Сапраўды, я ведала, што будзе цяжка, я ня зьдзіўленая. Проста я ня думала, што ўсё будзе так доўга».

Адвакат спадзяецца на апраўданьне або штраф

Анжаліна Дыяш з адвакатам
Анжаліна Дыяш з адвакатам

​Адвакат актывісткі Яраслаў Яцэнка кажа, што пакуль абвінавачаньне не агучвала тых санкцый, на якіх будзе настойваць у судзе пры разглядзе справы па сутнасьці.

«Анжаліна раней не судзімая, таму, нават калі будзе і абвінаваўчы прысуд, я ня думаю, што будзе нешта больш сурʼёзнае, чым штраф. Хутчэй за ўсё, нават ня будзе ўмоўнага тэрміну», — прагназуе ён.

Абаронца мяркуе, што зацягваньне судовага працэсу можа сьведчыць аб тым, што ні суд, ні ўлада ня маюць плянаў разьдзімаць гэтую тэму да ўзроўню ажыятажу.

«Такія працяглыя пераносы судовых пасяджэньняў і зацягваньні сьведчыць пра тое, што гэтую справу хочуць проста пагасіць, каб не было рэзанансу, каб усе пра гэта забыліся; і, адпаведна, калі такая мэта ёсьць (а я думаю, што яна ёсьць), то нейкага суровага пакараньня ня будзе, бо гэта зноў распаліць цікавасьць да справы», — тлумачыць адвакат Анжаліны Дыяш.

Яраслаў Яцэнка перакананы, што ў дзеяньнях актывісткі няма складу злачынстваў, якія ёй інкрымінуюць:

«Мы будзем ісьці на апраўдальны прысуд, будзем даказваць яе невінаватасьць. А як ужо спрацуе сыстэма, паглядзім. Скажу толькі, што на дасудовым сьледзтве было дапушчана вельмі шмат працэсуальных памылак. І калі гэтая справа будзе не на кантролі ў кагосьці вышэй, а будзе разглядацца сапраўды з пазыцый абʼектыўнасьці і законнасьці, то можна разьлічваць на тое, што ўсе так званыя доказы, якія сабраў бок абвінавачаньня, будуць разьбітыя, і зусім магчыма выйсьці на апраўдальны прысуд».

Адвакат прагназуе, што па сутнасьці справа пачне разглядацца ў судзе не раней, чым у верасьні-кастрычніку.

Акцыя Femen «Жыве Беларусь». Як гэта было

21 ліпеня 2017 году Анжаліна Дыяш прыйшла ў Адміністрацыю прэзыдэнта Ўкраіны як журналістка ўкраінскага выданьня «Деловая столица» на сустрэчу Пятра Парашэнкі з Аляксандрам Лукашэнкам. А празь некалькі хвілінаў пасьля пачатку цырымоніі падпісаньня міжурадавых дамоваў яна скінула зь сябе пінжак і, прарваўшыся праз ахову, пачала скандаваць лёзунгі «Жыве Беларусь!» і «Стоп дыктатура!». На яе аголеных грудзях было напісана «Жыве Беларусь!».

Відэа: Аголеная жанчына — Лукашэнку: «Жыве Беларусь!» і «Стоп дыктатуры»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:40 0:00

Супрацоўнікі дзяржаўнай аховы спрацавалі дастаткова хутка — Анжаліну вывелі з залі і перадалі паліцыі, дзе яе пратрымалі ўсю ноч, а на наступны дзень суд вызваліў з-за кратаў пад падпіску аб нявыезьдзе. Супраць яе завялі крымінальную справу аб хуліганстве, а пазьней і яшчэ адну — аб выкарыстаньні заведама падробленага дакумэнта. Выдавецкая група «Картэль», у якую ўваходзіць выданьне «Деловая столица», заявіла, што Анжаліне Дыяш журналісцкае пасьведчаньне не выдавалася, а дакумэнт з такім нумарам належаў іншаму штатнаму супрацоўніку.

На рахунку актывісткі — чатыры гучныя акцыі

Пасьля акцыі перад Аляксандрам Лукашэнкам і Пятром Парашэнкам Анжаліна Дыяш правяла яшчэ некалькі акцый.

7 лістапада 2017 году ў чырвонай хустцы і галіфэ часоў СССР яна паднялася на помнік рабочым заводу «Арсэнал» у Кіеве і заклікала аб’яднацца «пралетарыяў усіх краін», каб раздушыць «шакалядную гідру». Гэтая акцыя стала намёкам на цяперашняга прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнку, які валодае бізнэсам у вытворчасьці шакаляду.

Анжаліна Дыяш падчас акцыі 7 лістапада 2017 году
Анжаліна Дыяш падчас акцыі 7 лістапада 2017 году

У верасьні 2017 году ў Харкаве за некалькі хвілін да пачатку адборачнага матчу чэмпіянату сьвету па футболе між зборнымі Ўкраіны і Турэччыны актывістка напаўаголеная выбегла на поле. На грудзях у яе было напісана «Эрдаган — забойца».

Сёлета ў студзені Анжаліна Дыяш кінулася да прэзыдэнта Чэхіі Мілаша Зэмана на выбарчым участку ў Празе, выкрыкваючы: «Zeman, Putin’s slut!» (Зэман — Пуцінава к*рва!). За гэтую акцыю праскі суд пакараў яе трохмесячным умоўным зьняволеньнем з гадавым выпрабавальным тэрмінам, а потым Анжаліну дэпартавалі з Чэскай Рэспублікі з гадавой забаронай уезду.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG