Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віталі воплескамі. У Львове ацанілі посьпехі беларусаў у вывучэньні ўкраінскай мовы


Урачыстае ўручэньне сэртыфікатаў на веданьне ўкраінскай мовы. Выпускнікі курсаў украінскай мовы ў Менску з амбасадарам Украіны Ігарам Кізімам. 8 чэрвеня 2018 году

Сёлета беларускія слухачы курсаў украінскай мовы ў Менску і Гомлі ўпершыню атрымалі магчымасьць прадоўжыць вывучэньне мовы ў летняй школе «Крок да Ўкраіны» ў Міжнародным інстытуце адукацыі, культуры і сувязяў з дыяспарай.

У Львове беларусы прадэманстравалі добрыя вынікі

Сёлета ўдзельнікамі летняй школы ў Львове сталі прадстаўнікі 6 краінаў сьвету — Аргентыны, Беларусі, Славеніі, Альжыру, Турэччыны, ЗША. Паводле арганізатараў праекту, дэлегацыі зь Беларусі і Аргентыны дэлегацыі былі найбольш шматлікімі.

Беларусы сярод удзельнікаў львоўскіх курсаў:

«Адзінаццаць найлепшых студэнтаў, якія былі слухачамі курсаў украінскай мовы ў Менску і Гомлі, прайшлі ў Львове поўную праграму. Яна складалася ня толькі з навучальных заняткаў, але і з культурнай праграмы — гэта наведваньне тэатраў, розных музэяў, выставак на ўкраінскай мове, былі выязныя экскурсіі ў Тустань і на Яварыўшчыну. Было мноства майстар-клясаў, на якіх нашы студэнты пазнавалі ня толькі культуру і гісторыю, але і вывучалі ўкраінскую мову», — паведаміла Свабодзе каардынатарка летняй школы «Крок да Ўкраіны» Міжнароднага інстытуту адукацыі, культуры і сувязяў з дыяспарай Алена Мядзьведзева.

Паводле яе, практыка запрашэньня беларусаў на вывучэньне ўкраінскай мовы ў Львоў у далейшым будзе рэгулярнай:

«Плянуем налета гэтую традыцыю працягваць, бо курсы ў Менску, Гомлі не закрываюцца. Ня ведаю, ці магу я гэта выдаваць, але яшчэ і ў Берасьці плянуюць адкрываць курсы ўкраінскай мовы, то праз год чакаем значна большую колькасьць удзельнікаў менавіта зь Беларусі».

Алена Мядзьведзева паведаміла, што беларусы прадэманстравалі высокі ўзровень веданьня ўкраінскай мовы.

«На курсах пры амбасадзе Ўкраіны ў Менску стваралася пачатковая група, але па выніках тэстаў узровень выявіўся значна вышэйшым. Пасьля завяршэньня курсаў у Менску слухачы атрымалі сэртыфікаты сярэдняга ўзроўню — яны прыехалі ўжо з пэўным багажом: гэтыя студэнты маглі і размаўляць, і пісаць, і чытаць, таму мы іх залічвалі на самы высокі ўзровень».

У Беларусі прайшоў першы выпуск курсаў украінскай мовы

«Пасьля завяршэньня двухтыднёвага навучаньня гэтыя студэнты зрабілі выдатныя праекты, і гэтым людзям проста аплядавалі стоячы. Посьпехі былі ацэненыя вельмі станоўча. У нас на закрыцьці курсаў прысутнічаў іхны выкладчык Ягор Дзёбік, і яму было вельмі прыемна, што ягоныя студэнты прадэманстравалі высокія вынікі», — расказала Алена Мядзьведзева.

Курсы падтрымалі Лукашэнка і Парашэнка

Прэзыдэнты Беларусі і Ўкраіны Аляксандар Лукашэнка (зьлева) і Пятро Парашэнка
Прэзыдэнты Беларусі і Ўкраіны Аляксандар Лукашэнка (зьлева) і Пятро Парашэнка

​Амбасада Ўкраіны ў Беларусі зь верасьня 2017 году арганізавала бясплатныя курсы ўкраінскай мовы ў менскай сядзібе Таварыства беларускай мовы. У Гомельскім цэнтры беларускай мовы і культуры ўкраінскую мову пачалі вывучаць з кастрычніка мінулага году. У Менску і Гомлі курсы ўкраінскай мовы наведвалі каля ста чалавек, па іхных выніках яны атрымалі сэртыфікаты розных ступеняў.

У ліпені 2017 году Аляксандар Лукашэнка дамовіўся з прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам на адкрыцьцё курсаў украінскай мовы ў Беларусі і беларускай — ва Ўкраіне. У Кіеўскім нацыянальным унівэрсытэце ўжо вывучаюць беларускую мову, таксама вывучэньне беларускай мелі пачаць у луцкім Усходнеэўрапейскім нацыянальным унівэрсытэце. У Беларусі агучваліся пляны на выкладаньне ўкраінскай мовы ў Берасьцейскай і Гомельскай абласьцях.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG