Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі прайшоў першы выпуск курсаў украінскай мовы


Выпускнікі курсаў з сэртыфікатамі, у цэнтры Ігар Кізім і Алена Анісім

Каля ста чалавек у Менску і Гомлі ў мінулым навучальным годзе наведвалі курсы ўкраінскай мовы. Больш за палову зь іх пасьпяхова здалі выніковы экзамэн і атрымалі сэртыфікаты розных ступеняў.

Большасьць курсантаў — дарослыя, але былі асобныя курсы і для дзяцей. Курсы арганізавалі ўкраінская дыяспара, амбасада Ўкраіны ў Беларусі і Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (ТБМ), якое дало памяшканьні.

Урачыстае ўручэньне сэртыфікатаў на веданьне ўкраінскай мовы прайшло 8 чэрвеня ў амбасадзе Ўкраіны ў Менску.

Пасол Кізім уручае сэртыфікат аб заканчэньні курсаў украінскай мовы
Пасол Кізім уручае сэртыфікат аб заканчэньні курсаў украінскай мовы

Паводле слоў амбасадара Ігара Кізіма, мінулы навучальны год для курсаў быў пасьпяховы, заняткі будуць працягвацца і ў наступным годзе.

«Наша мэта ў тым, каб даць магчымасьць усім ахвотным вывучаць украінскую мову і зрабіць унёсак у разьвіцьцё добрых адносін і сяброўства паміж Украінай і Беларусьсю», — сказаў Ігар Кізім.

Старшыня ТБМ дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім заявіла, што ўдзел у арганізацыі курсаў быў «жэстам салідарнасьці з Украінай» і яе арганізацыя ганарыцца быць партнэрам для вывучэньня і распаўсюду ўкраінскай мовы і культуры ў Беларусі.

Старшыня ТБМ Алена Анісім, выкладчыкі Аксана Цыпліцкая і Ягор Дзёбік
Старшыня ТБМ Алена Анісім, выкладчыкі Аксана Цыпліцкая і Ягор Дзёбік

Выкладалі на курсах у Менску прафэсійныя філёлягі Аксана Цыплыцкая, якая скончыла Чарнавіцкі ўнівэрсытэт, і Ягор Дзёбык, які вучыўся ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце. У наступным годзе Ягор будзе выкладаць беларускую мову студэнтам Луцкага ўнівэрсытэту.

Увогуле, паводле амбасадара Кізіма, украінская мова як курс выкладаецца ў дзесяці ВНУ Беларусі. У мінулым навучальным годзе ў агульнаадукацыйных школах Беларусі зьявілася магчымасьць вывучаць украінскую мову факультатыўна.

Як украінцы перавядуць усю адукацыю на родную мову

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG