Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад Беластокам пашкоджаны помнік у гонар «Бурага». Улады абяцаюць яго аднавіць


Адкрыцьцё помніка, 15 ліпеня
Адкрыцьцё помніка, 15 ліпеня

2-га жніўня невядомыя размалявалі спрэем помнік «выклятым жаўнерам» каля мясцовасьці Пасьвентнэ пад Беластокам, паведамляе Gazeta Wyborcza.

На помніку ў гонар чатырох жаўнераў, якія ўдзельнічалі ў баі ў ваколіцы, у тым ліку Рамуальда Райса «Бурага» — адказнага за забойствы беларусаў Падляшша — было замаляванае яго імя. Перад помнікам невядомыя напісалі — «Забойцы».

Беларуская памяць пра «выклятых жаўнераў»

Мясцовыя ўлады, якія спрычыніліся да паўстаньня помніку, назвалі росьпіс помніка «вандалізмам вышэйшай клясы і сьвінствам». Войт Вітальд Лапіньскі заявіў газэце, што ён дасьць распараджэньне аднавіць пашкоджаныя фрагмэнты.

Мэр гораду Лапы, які знаходзіцца па-суседзтву з гмінай Пасьвентнэ, Уршуля Яблоньска заявіла ў інтэрвію «Выборчай»:

— Ёсьць шмат герояў, якія выклікаюць супярэчнасьці, але ці азначае гэта, што трэба пра іх забыць, бо ёсьць нейкая частка грамадзтва, якая думае пра іх інакш, не як пра герояў?

На ўрачыстым адкрыцьці 15 ліпеня прысутнічаў падляскі віцэ-ваявода, дэпутат кіроўнай партыі ПіС і каталіцкія духоўныя. Прадстаўнік Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы Багуслаў Лабэндзкі, датычны да маршаў нацыяналістаў у Гайнаўцы, зачытаў ліст ад сына Рамуальда Райса.

Памятная шыльда на помніку заканчваецца сказам: «Удзячныя землякі. Калі мы забудзем пра іх, ты Божа на небе забудзь пра нас».

***

Рамульд Райс «Буры» адказвае за забойствы 79 мірных беларусаў Падляшша.

31 студзеня 1946 году «выклятыя жаўнеры» з аддзелу «Бурага» забілі 30 праваслаўных фурманаў з 12 вёсак — Краснае Сяло, Збуч, Чыжы, Вялікія Пасечнікі, Ягаднікі, Лозіцы, Махнатае, Заляшаны, Ракавічы, Крывая, Арэшкава, Выганоўская Волька — якія на загад улады паехалі ў пушчу нарыхтоўваць дровы для школы. «Буры» загадаў адпусьціць усіх фурманаў-каталікоў, а праваслаўных ягоныя жаўнеры, паводле некаторых сьведчаньняў, забівалі сякерамі, бо шкадавалі патронаў.

1 лютага «Буры» спаліў вёскі Заляшаны і Выганоўскую Вольку. У Заляшанах ягоныя жаўнеры забілі 15 чалавек, пераважна жанчын і дзяцей.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG