Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельская пракуратура папярэдзіла беларусаў пра адказнасьць за ўдзел у аўтабізнэсе ўкраінцаў


Аўтамабіль з эўрапейскай рэгістрацыяй ва Ўкраіне

Гомельская пракуратура засьцерагае беларусаў ад «дапамогі» ўкраінцам у перагоне эўрапейскіх аўтамабіляў. За паслугі па афармленьні аўто з Эўропы беларусы атрымліваюць па 30-40 даляраў. Пры прававых праблемах з аўтамабілем на тэрыторыі Ўкраіны яны могуць атрымаць буйны штраф ці забарону на ўезд у суседнюю краіну.

Пракуроры Гомельшчыны даручылі памежнікам і мытнікам праводзіць на мяжы тлумачальную працу з беларусамі, якія едуць ва Ўкраіну.

Суайчыньнікаў будуць папярэджваць пра юрыдычныя наступствы рэгістрацыі на сябе часовага ўвозу эўрапейскіх аўтамабіляў на тэрыторыю Украіны. Гэта зьвязана з аварыяй у Нікалаеўскай вобласьці Украіны, дзе загінулі пяць і пацярпелі дванаццаць жыхароў Гомельскай вобласьці.

Удзельнікі «бясплатнай паездкі» на мора атрымалі па 30-40 даляраў за дапамогу ўкраінцам у рэгістрацыі эўрапейскіх аўто.

На ўкраінскай мытні аўтамабілі афармляюцца як часова ўвезеныя. Афармляць часовы ўвоз вялікай колькасьці машын на сябе ўкраінскія «перакупшчыкі» ня могуць, бо гэта забараняе мытнае заканадаўства. «На дапамогу» паклікалі нерэзыдэнтаў Украіны — беларусаў. На іх афармляецца часовы ўвоз аўтамабіляў з Эўропы.

Нерэзыдэнт мае права на часовы ўвоз аўтамабіля на тэрмін да аднаго года. Пасьля гэтага ён абавязаны вывезьці аўто. Калі ня зробіць гэтага — будзе прыцягнуты да адказнасьці па ўкраінскім мытным кодэксе. За парушэньне пагражае штраф да 640 даляраў.

Як беларусаў выкарыстоўваюць для ўвозу ва Ўкраіну аўтамабіляў на нумарах Эўразьвязу

Асоба, якая часова ўвезла аўтамабіль, ня мае права перадаваць кіраваньне іншым людзям, інакш яе чакае штраф да 320 даляраў.

«Таксама беларусаў, якія зарэгістравалі на сябе такі аўтамабіль, чакае забарона на ўезд ва Украіну», — засьцерагае гомельская пракуратура.

Пасьля аварыі з Мікалаеўскай вобласьці ў Гомель перавезьлі адзінаццаць пацярпелых. Ва ўкраінскай бальніцы застаўся адзін беларус, цяжкі стан якога не спрыяе яго вяртаньню.

«Езьдзілі на мора, нам заплацілі па 30 даляраў». Чаму маўчаць пацярпелыя ў аварыі беларусы?

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG