Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэдунівэрсытэт ў Токіё на іспытах заніжаў ацэнкі дзяўчатам, каб набіраць больш мужчын


Такійскі мэдыцынскі ўнівэрсытэт штучна заніжаў балы на ўступных іспытах дзяўчатам-абітурыенткам, каб колькасьць студэнтак у вну не перавышала 30%, паведамляюць крыніцы мясцовым СМІ. Гэтая практыка нібыта працягвалася з 2010 году.

Ананімная крыніца ва ўнівэрсытэце патлумачыла гэта японскай тэлерадыёкампаніі NHK тым, што многім жанчынам-лекарам нібыта складана спраўляцца з шматгадзіннымі зьменамі або адказваць на экстраныя выклікі пасьля замужжа і родаў.

Іншая крыніца сказаў газэце «Асахі сімбун», што многія студэнткі сыходзяць з унівэрсытэту, каб нараджаць і гадаваць дзяцей. «Існавала негалоснае разуменьне [залічаць больш мужчын] ў якасьці аднаго з спосабаў вырашэньня праблемы недахопу лекараў», — распавяла газэце ананімная крыніца.

Унівэрсытэт праводзіць унутранае расьсьледаваньне. Згодна з законам, унівэрсытэт мае права ўсталяваць працэнт гендэрных суадносін студэнтаў, але пра гэта павінна быць афіцыйна абвешчана на пачатку ўступнай кампаніі. Такійскі ўнівэрсытэт пра падобную квоту пры наборы студэнтаў ня паведамляў.

У мінулым месяцы пракуратура абвінаваціла былога кіраўніка рады дырэктараў і прэзыдэнта ўнівэрсытэту ў дачы хабару высокапастаўленаму чыноўніку з міністэрства адукацыі. Мэдунівэрсытэт павысіў ацэнку сыну чыноўніка на ўступным экзамэне наўзамен на ўдзел ВНУ у праграме субсыдаваньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG