Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабічу прапанавалі стаць прадстаўніком Пуціна ў Беларусі. Што на гэта Менск?


Пастаяннаму прадстаўніку прэзыдэнта Расеі ў Паволскай фэдэральнай акрузе Міхаілу Бабічу, які разглядаецца на пасаду пасла ў Менску, можа быць нададзены статус спэцыяльнага прадстаўніка прэзыдэнта. Раней такі статус мелі Віктар Чарнамырдзін і Міхаіл Зурабаў ва Ўкраіне.

Пра гэта РБК распавяла крыніца, блізкая да Крамля. Пацьвердзіў інфармацыю і суразмоўца журналістаў РБК, блізкі да МЗС Расеі.

Сумяшчэньне пасады амбасадара ў іншай краіне з пасадай спэцыяльнага прадстаўніка прэзыдэнта — досыць рэдкі выпадак у расейскай дыпляматычнай практыцы. Напрыклад, дзьве гэтыя пасады сумяшчалі Віктар Чарнамырдзін і Міхаіл Зурабаў, якія былі пасламі ва Ўкраіне і адначасова спэцыяльнымі прадстаўнікамі прэзыдэнта РФ у справе разьвіцьця гандлёва-эканамічных адносін з гэтай краінай.

Пасада спэцпрадстаўніка прэзыдэнта дае амбасадару дадатковыя рычагі ўплыву, кажа крыніца, блізкая да МЗС. Акрамя традыцыйнай дыпляматычнай работы па лініі МЗС, ён можа па сваім кірунку ставіць задачы расейскім органам выканаўчай улады, склікаць нарады з удзелам чыноўнікаў ураду.

Паколькі адносіны Масквы і Менску складаюцца не заўсёды проста, прэзыдэнту Расеі важна мець у Беларусі ня проста пасла, а чалавека з дадатковымі магчымасьцямі, кажа крыніца, блізкая да Крамля.

Кандыдатуру Міхаіла Бабіча на пасаду пасла Расеі ў Беларусі ўжо ўхваліў камітэт Дзяржаўнай Думы ў справах СНД і камітэт Савету Фэдэрацыі ў міжнародных справах.

Цяпер Масква чакае агрэмана на прызначэньне Бабіча.

МЗС Беларусі: Інфармацыю СМІ не камэнтуем

Міністэрства замежных спраў Беларусі ведае пра новыя публікацыі, якія зьяўляюцца ў расейскіх СМІ наконт магчымага прызначэньня Міхаіла Бабіча амбасадарам Расеі ў Менску. Аднак прэсавая служба МЗС Беларусі іх не камэнтуе. Раней афіцыйны прадстаўнік МЗС заяўляў, што запыт наконт агрэмана Бабічу ў Менск не паступаў. Новай інфармацыі наконт гэтага няма.

Экспэрт: Бабіча на дыван у беларускі МЗС не паклічаш

Аглядальнік Раман Якаўлеўскі тлумачыць, што Маскве ня трэба чакаць згоды беларускага боку на дадатковыя функцыі Міхаіла Бабіча:

«Дадаваць амбасадару яшчэ і паўнамоцтвы спэцпрадстаўніка прэзыдэнта — справа выключна крамлёўская. І на гэта Пуціну ня трэба прасіць дазволу ні ў Лукашэнкі, ні тым больш у Макея».

Раман Якаўлеўскі.
Раман Якаўлеўскі.

На думку палітоляга, «узмоцненыя» паўнамоцтвы новага амбсадара найперш сьведчаць, што Беларусь для Расеі выходзіць цяпер на спэцыфічны першы плян.

«Мабыць, Масква хоча радыкальных зьменаў у двухбаковых дачыненьнях. Калі б Крэмль нічога не зьбіраўся мяняць, то навошта тады Бабічу спэцпрадстаўніцтва? І калі мы згадаем, хто яшчэ меў такія паўнамоцтвы, а гэта два расейскія амбасадары ва Ўкраіне — Чарнамырдзін і Зурабаў, то ўзгадайце, чым гэта ўсё скончылася для абедзьвюх краін: і Расеі, і Ўкраіны», — кажа экспэрт.

Умацаваньне паўнамоцтваў новага амбасадара — удар па тых, хто кажа, што амбасадар нічога не вырашае, — дадае Якаўлеўскі:

«І тут я бачу два аспэкты. Па-першае, Сурыкава ўсё ж час ад часу выклікалі на дыван у МЗС Беларусі. Выклікаць туды ж чалавека, які ня проста кіраўнік дыпмісіі, а яшчэ і асабісты прадстаўнік Пуціна, будзе складаней. Па-другое, канечне, час ад часу Сурыкаў непасрэдна выходзіў на Лукашэнку. Новы статус Бабіча дазволіць яму рабіць такія кантакты нашмат больш актыўнымі і рэгулярнымі».

Экспэрт прагназуе, што з чаканым прыездам новага амбасадара Расеі павысіцца актыўнасьць апалягетаў «русского мира в Беларуси».

«У МЗС Расеі ёсьць афіцыйная структура — „Россотрудничество“. Яе філія ў Беларусі знаходзіцца ў Доме Масквы ў Менску. Думаю, пасьля прыезду новага амбасадара там будзе шумна», — мяркуе Раман Якаўлеўскі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG