Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Трамп атрымаў ліст ад Кім Чэн Ына


Падчас сустрэчы ў Сінгапуры.
Падчас сустрэчы ў Сінгапуры.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп ў сераду атрымаў ліст ад паўночнакарэйскага лідэра Кім Чэн Ына, што стала працягам абмеркаваньня праблемы дэнуклеарызацыі Карэйскага паўвострава. Пра гэта ў чацьвер паведаміў Белы дом, піша Голас Амэрыкі.

Па выніках саміту ў Сінгапуры ў чэрвені два лідэры падпісалі дэклярацыю, паводле якой кіраўнік Паўночнай Карэі пацьвердзіў сваё «непахісным» імкненьне да дэнуклеарызацыі. Але на працягу апошніх тыдняў у гэтым кірунку быў дасягнуты толькі нязначны прагрэс.

«Перапіска двух лідэраў мае на мэце разьвіць посьпех, дасягнуты на сустрэчы ў Сінгапуры, паглыбіць абавязацельствы, узятыя ў сумеснай заяве ЗША-КНДР», — заявіла прэс-сакратар Белага дома Сара Сандэрс, выкарыстоўваючы абрэвіятуру афіцыйнай назвы Паўночнай Карэі: Карэйская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка.

У чацьвер Дональд Трамп напісаў пра гэты ліст у «Твітэры» і падзякаваў Кім Чэн Ыну за вяртаньне парэшткаў амэрыканскіх салдат, якія загінулі падчас Карэйскай вайны 1950-1953 гадоў.

Трамп таксама напісаў: «Я зь нецярпеньнем чакаю, што мы зноў хутка ўбачымся!» Аднак у бягучых плянах двух лідэраў няма якой-небудзь даты двухбаковых перамоваў.

Прэзыдэнт ЗША неаднаразова паўтараў, што пагадненьне, дасягнутае з Паўночнай Карэяй, мае важнае значэньне, паколькі ў выніку Пхеньян замарозіў ядзерныя і ракетныя выпрабаваньні і пачаў працэс вяртаньня парэшткаў загінулых амэрыканскіх вайскоўцаў.

Пра гэта прэзыдэнт Трамп яшчэ раз сказаў на сустрэчы са сваімі прыхільнікамі ў Тампе ў Фларыдзе, і дадаў, што адміністрацыя ЗША працягне сачыць за сытуацыяй на Карэйскім паўвостраве.

Тым часам дзяржсакратар ЗША Майк Пампэа, які знаходзіцца з візытам у Малайзіі ў рамках турнэ па краінах Азіі, як чакаецца, закліча партнэраў па перамовах да нарошчваньня міжнароднага ціску на Пхеньян з дапамогай санкцый.

Высокапастаўлены супрацоўнік Дзярждэпартамэнту распавёў пра гэта журналістам у ходзе гутаркі падчас палёту амэрыканскай дэлегацыі ў Куала-Лумпур.

«У нас ёсьць занепакоенасьць з нагоды таго, што Паўночная Карэя абыходзіць некаторыя з гэтых санкцый, не выконваючы ўласных абавязацельстваў^; таму дзяржсакратар выкарыстоўвае гэтыя магчымасьці, каб нагадаць усім аб абавязацельстве захоўваць санкцыі ў якасьці сродку дасягнуць канчатковай мэты: цалкам вэрыфікаванай... дэнуклеарызацыі Паўночнай Карэі», — сказаў прадстаўнік зьнешнепалітычнага ведамства ЗША.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG