Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ня маем права ўмешвацца». Мінінфарм адказаў наконт артыкулу пра «сьвядомых» у «Лідскай газеце»


Міністэрства інфармацыі Беларусі пракамэнтавала публікацыю дзяржаўнай «Лідскай газеты», у якой аўтар, на думку актывістаў БНФ, «зьняважліва ставіўся да беларускай мовы».

Пра гэты выпадак Свабода пісала раней.

Артыкул пад назвай «Интерес в этом деле скорее личный» быў апублікаваны ў «Лідскай газеце» за 27 чэрвеня. У ім аўтар Антон Быстрыцкі выказаў сумнеў, ці патрэбны ў Беларусі нацыянальны ўнівэрсытэт імя Ніла Гілевіча; назваў бацькоў, якія аддаюць дзяцей у беларускамоўныя клясы, «сьвядомымі», а да беларускай мовы ў расейскамоўным артыкуле выкарыстаў проста слова «мова» ў двукосьсі.

Актывісты БНФ Валер Мінец і Сяргей Пантус заявілі, што газэта распальвае варожасьць паміж беларусамі, якія карыстаюцца беларускай і расейскай мовамі.

Анісім: «Чаму ў газэце зьневажаюць дзяржаўную мову?»

Старшыня Таварыства беларускай мовы, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім зьвярнулася ў Міністэрства інфармацыі з запытам наконт гэтай публікацыі. Паводле Анісім, у артыкуле прысутнічае зьняважлівае стаўленьне да дзяржаўнай беларускай мовы, а таксама ў нэгатыўным кантэксьце згадваецца ейнае імя.

Алена Анісім
Алена Анісім

Старшыня ТБМ задала шэраг пытаньняў міністру інфармацыі Аляксандру Карлюкевічу:

  • Якая ягоная пазыцыя адносна гэтай публікацыі?
  • Ці зьяўляецца артыкул часткай агульнай стратэгічнай палітыкі Мінінфарму, ці гэта выключна пазыцыя рэдакцыі газэты?
  • Чаму газэта, якая абазначана як дзьвюхмоўная, значную большасьць сваіх матэрыялаў друкуе на расейскай мове, а ў дачыненьні дзяржаўнай беларускай мовы дэманструе зьняважлівыя адносіны?

Мінінфарм: «Не дапускаецца незаконнае абмежаваньне свабоды масавай інфармацыі»

У Міністэрстве інфармацыі адказалі на ліст Алены Анісім. Паводле першага намесьніка міністра інфармацыі Паўла Лёгкага, Мінінфарм не вызначае рэдакцыйную палітыку гэтай газэты, бо не зьяўляецца ні заснавальнікам, ні рэдакцыяй выданьня.

Павал Лёгкі
Павал Лёгкі

Да таго ж, паводле Лёгкага, «не дапускаецца незаконнае абмежаваньне свабоды масавай інфармацыі» і міністэрства «ня мае права ўмешвацца ва ўнутраную дзейнасьць рэдакцыі „Лідскай газеты“». Пры гэтым Лёгкі спасылаецца на закон аб СМІ.

Адказ Міністэрства інфармацыі:

Наконт пытаньня аб дзьвюхмоўі ў дзяржаўнай газэце Мінінфарм паведаміў, што суадносіны ўжываньня дзяржаўных моў у такіх выданьнях не рэглямэнтаваныя законам аб СМІ і «павінны быць у полі зроку рэдакцыйных калектываў».

Пры гэтым у лісьце адзначылі, што Мінінфарм станоўча ставіцца да ўжываньня беларускай мовы ў СМІ і ня робіць розьніцы паміж расейскай і беларускай мовамі.

«Пры ўзгадненьні на пасады галоўных рэдактараў СМІ кіраўніцтва Міністэрства інфармацыі ўдзяляе больш пільную ўвагу выкарыстаньню беларускай мовы на старонках пэрыядычных выданьняў», — дадаюць у міністэрстве.

Пра зьняважлівае стаўленьне да беларускай мовы ў «Лідскай газеце» ў лісьце міністэрства згадкі не было.

Рэдактарка газэты: «Дашліце, калі ласка, на факс»

Галоўная рэдактарка «Лідскай газеты» Кацярына Серафіновіч адмовілася пракамэнтаваць публікацыю Быстрыцкага. Як толькі карэспандэнтка Свабоды прадставілася ёй, Серафіновіч запыталася, ці ёсьць у яе акрэдытацыя МЗС Беларусі. «Дашліце, калі ласка, на факс. Да пабачэньня». І паклала слухаўку.

Копія акрэдытацыі МЗС Беларусі ў якасьці карэспандэнта замежнага СМІ на імя Іны Студзінскай была дасланая ў рэдакцыю «Лідскай газеты». Свабода спадзяецца на інтэрвію з рэдактаркай гэтага выданьня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG