Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы не ўмеюць выбачацца. І выбачаць


Ганна Севярынец

І ніхто ж ня выбачыцца. Ніхто і ніколі. Спэцкамбінат перад сваякамі і горадам. Мінкульт перад спэцкамбінатам. Зайдэс перад беларусамі. Гліньнік перад Курапатамі. Ніхто і ніколі ня выбачыцца яшчэ і таму (а можа — найперш таму), што ў нас няма культуры прызнаньня сваіх уласных памылак. Як у прыватным, так і у глябальным маштабе.

Гэта мяне дзівіць і сярод настаўнікаў. Гады ў рады бывае, каб настаўнік прызнаў сваю памылку, папрасіў прабачэньня, сказаў бы нешта кшталту «я ня меў рацыі» ці «я гэтага ня ведаў», ці «я тут не кампэтэнтны», ці «сапраўды, дарэмна я гэта сьцьвярджаў»... У самым лепшым выпадку — зробіцца выгляд, што нічога не было, а ахвяра замест выбачэньняў атрымае які-небудзь маўклівы, але адчувальны бонус, плюс бал да адзнакі ў чвэрці, напрыклад. У горшым выпадку — таго, перад кім настаўнік павінен быў выбачыцца, «зьядуць». Чамусьці лічыцца, што настаўнік павінен менавіта такім чынам трымаць свой аўтарытэт перад клясай: удаваць з сабе чалавека, які не памыляецца, і адпаведна, не выбачаецца.

Так яно і ў сям’і. Мама з татам часьцяком бываюць несправядлівымі — бяз гэтага амаль немагчыма выхаваць дзяцей, бо выхаваньне — працэс складаны, а быць бацькамі нас ніхто не вучыў. Але ў каго з нас хапае сіл сесьці на кукішкі перад малечай і сказаць: «даруй мне, я ня меў рацыі, мы зробім так, як ты хочаш».

Гэтак, канешне ж, і ў дзяржаве — адкуль брацца іншаму? Стане такі, у вачах стальныя пробліскі, падбародзьдзе каменнае. «Я вас пачуў» — гэта ў лепшым выпадку. «Хто вам за гэта заплаціў?» — гэта часьцей.

Ціхенька адкруцяць назад, зробяць выгляд, што нічога не было, перайначаць так, нібыта і раней хацелі зрабіць, як сьлед, проста не пасьпелі — што заўгодна, абы не паказаць, што памыляліся, абы не выбачацца. Бо лічыцца, што той, хто выбачаецца — слабак. А дзяржава ня можа быць слабачкай. Будзе лажацца на кожным кроку, але ж выгляд рабіць геройскі.

Вайсковыя могілкі ў Менску. Супрацоўнікі Спецкамбіната прыбіраюць надмагілныя пліты.
Вайсковыя могілкі ў Менску. Супрацоўнікі Спецкамбіната прыбіраюць надмагілныя пліты.

На мінулым тыдні на Вайсковых могілках пабачыла незвычайную карціну. Пяць агромністых, пузатых дзядзькаў, працаўнікоў спэцкамбінату, віліся ля помніку чэкісту Апанскаму. На самым пачатку вандальнага добраўпарадкаваньня Вайсковых яны з жарсьцю і жорсткасьцю выдралі зь зямлі агароджу вакол пахаваньня Апанскага — багатую такую, нкусаўскую шчэ, з чыгуннымі зоркамі, гістарычны аб’ект! — і здалі на мэталялом. Але ж падняўся шум, і, думаецца, за Апанскага ўступіліся раней, чым за іншых. Дык цяпер гэтыя мужыкі, што яшчэ ўчора кувалдамі руйнавалі дзіцячыя кьветнічкі дзеля ўсталяваньня стандартных нашлёпнікаў ад Спэцкамбінату, гэтыя мужыкі залатой фарбачкай аднаўлялі літары на помніку. Ціха, без выбачэньняў.

«Ну што, разварушылі?!» — злосна пытаецца Сяргей Тур у адной з арганізатарак абароны Вайсковых могілак. Ён ніколі не прызнае, што ня меў рацыі — хаця гэта бачна нават шараговым спэцкамбінатаўскім рабацягам. «Ну пасьпяшаліся...» — сказаў мне са змоўшчыцкім выглядам адзін зь іх. Калі я спытала, ці будзе КБО прасіць прабачэньня, ягоны выгляд у тое ж імгненьне стаў бясконца зьдзіўленым. КБО?! Выбачэньня?! Як гэта? Перад кім?!

Нікому не прыходзіць у галаву, што можна быць вінаватым перад грамадой, перад горадам, перад народам, перад краінай. Калі махаеш кувалдай па ідыёцкім загадзе, калі, працуючы ў мінкульце, падпісваеш дрэнна распрацаваную паперчыну, калі, седзячы ў мінадукацыі, дазваляеш сабе прымаць нейкія рашэньні, ані гадзінкі не адпрацаваўшы ў школе...

Чым больш адказнасьці, тым больш памылак. Тым часьцей нагода для выбачэньняў.

Наяўнасьць культуры выбачэньняў, асабліва публічных, нараджаецца там, дзе чалавек адчувае сваю адказнасьць перад грамадой за наступствы сваіх учынкаў. Дзе грамада гэтай адказнасьці чакае і патрабуе. Дзе чалавек разумее, што і ён, і людзі побач зь ім знаходзяцца ў роўных умовах. Дзе кожны чыноўнік ведае, што ён — усяго толькі найміт грамадзтва, якога гэтае грамадзтва ўтрымлівае за кошт падаткаў. Культура выбачэньняў нараджаецца там, дзе чалавек «пры пасадзе» знаходзіцца пад кантролем грамадзтва. А яшчэ яна нараджаецца там, дзе гэты самы чалавек «пры пасадзе» — божа ж тым, ён жа ўсяго толькі — чалавек! — разумее, што ён можа памыляцца. Што пасада не бароніць яго ад памылак, наадварот. Чым больш адказнасьці, тым больш памылак. Тым часьцей нагода для выбачэньняў.

Памятаю, як мае вучні, да якіх я толькі-толькі прыйшла, уся такая нязвыклая — кожнага на «вы», без крыкаў, без двоек за паводзіны — аслупянелі, калі я папрасіла прабачэньня перад усёй клясай у хлопца, да якога была несправядлівай. Хлопец той расчырванеўся, зьніякавеў і пачаў шаптаць, што, маўляў, нічога-нічога, я і не пакрыўдзіўся, што вы. Некаль дзён потым я адчувала, што яму неяк не па сабе. Што ён ня ведае, як сябе цяпер паводзіць.

Бо культуры прымаць выбачэньні ў нас таксама няма.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG