Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп заявіў пра гатоўнасьць да беспасярэдніх перамоваў з Іранам


Дональд Трамп, архіўнае фота
Дональд Трамп, архіўнае фота

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп выступіў з самай выразнай на гэты момант заявай пра тое, што ён адкрыты для прамых перамоваў з Іранам, піша «Голас Амэрыкі».

У ходзе сумеснай прэс-канфэрэнцыі з прэм'ер-міністрам Італіі Джузэпэ Контэ ва Ўсходняй залі Белага дома Трампа спыталі, ці гатовы ён сустрэцца з прэзыдэнтам Ірана Хасанам Рухані.

«Я веру ў сустрэчы, — адказаў Трамп. — Гутаркі зь іншымі людзьмі, асабліва калі гаворка заходзіць пра магчымасьць вайны, гібелі людзей, голад і многае іншае — для гэтага вы сустракаецеся. Няма нічога дрэннага ў сустрэчах».

Трамп прывёў у прыклад яго нядаўнія перамовы з паўночнакарэйскім лідэрам Кім Чэн Ынам і прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным у якасьці прыкладаў яго наўпроставай дыпляматычнай працы зь лідэрамі, якія лічацца варожымі да інтарэсаў ЗША.

«Таму я б абавязкова сустрэўся з Іранам, калі б яны захацелі сустрэцца. Я ня ведаю, ці гатовыя яны да гэтага. Цяпер яны перажываюць нялёгкія часы, — дадаў Трамп. — Я гатовы сустрэцца ў любы час, калі яны захочуць».

Адказваючы на пытаньне, ці выкажа ён нейкія папярэднія ўмовы для такой сустрэчы, Трамп сказаў: «Ніякіх папярэдніх умоваў. Калі яны захочуць сустрэцца, я сустрэнуся».

У адказ на гэта Іран заявіў, што шлях да беспасярэдніх перамоваў з Вашынгтонам ляжыць праз вяртаньне ЗША да Сумеснага ўсёабдымнага пляну дзеяньняў – так афіцыйна называецца пагадненьне ў ядзернай праграме Тэгерана, складзенае Іранам з шасьцю сусьветнымі дзяржавамі.

«Павага правоў іранскай нацыі, зьніжэньне варожасьці і вяртаньне да ядзернай угоды — вось крокі, якія можна зрабіць, каб пракласьці выбоісты шлях да перамоваў паміж Іранам і Амэрыкай», — напісаў у «Твітэры» дарадца Рухані Хамід Абуталебі.

На думку аналітыкаў, сустрэча Трампа і Рухані наўрад ці адбудзецца ў хуткім часе. Яны зазначаюць, што жаданьне правесьці прамую сустрэчу з Рухані ўзьнікла ў прэзыдэнта ЗША ўжо нейкі час таму, але яго спробы былі беспасьпяховымі.

«Ня думаю, што гэта адбудзецца ў найбліжэйшай будучыні», — сказаў Джарэт Бланк, старшы навуковы супрацоўнік праграмы па геаэканоміцы і стратэгіі ў Фондзе Карнэгі за міжнародны мір.

Іран, зь ягонай больш складанай унутрыпалітычнай структурай, чым таталітарная мадэль Паўночнай Карэі, халаднавата ставіцца да ідэі дыпляматычнай працы з Вашынгтонам, асабліва пасьля таго, як Трамп абвясьціў аб выхадзе ЗША з пагадненьня аб ядзернай праграме, якая ўводзіла абмежаваньні на магчымасьці Ірану ствараць ядзерную зброю ў абмен на зьняцьце санкцый.

Іншыя ўдзельнікі дамовы працуюць з Іранам, спрабуючы выратаваць пагадненьне, у той час як Вашынгтон пачынае аднаўляць санкцыі супраць Тэгерану, якія пачнуць набываць моц у жніўні.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG