Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як загінуў кіргізкі журналіст Уланбек Эгізбаеў. Самае важнае на гэты момант


Уланбек Эгізбаеў

Аўтар буйных журналісцкіх расьсьледаваньняў карэспандэнт кіргізкай службы Радыё Свабода, які расьсьледаваў карупцыйныя схемы, 28-гадовы Ўланбек Эгізбаеў загінуў 22 ліпеня, купаючыся ў возеры Ісык-Куль. Самае галоўнае, што трэба ведаць пра асобу журналіста і абставіны ягонай гібелі

Калегі аднавілі падзеі, якія прывялі да сьмерці зоркі кіргізкай журналістыкі

Уланбек Эгізбаев патануў, купаючыся ў возеры Ісык-Куль: яму было 28 гадоў. Сьведкі расказваюць, што ён ішоў у вадзе па пояс, але раптам пагрузіўся ў ваду і стаў тануць. Яго выцягнулі на бераг, але не змаглі выратаваць.

Судова-мэдыцынская экспэртыза яшчэ не апублікавала канчатковыя вынікі расьсьледаваньня таго, ад чаго загінуў найлепшы журналіст-дасьледчык Кіргізстану. Але яго калегі, супрацоўнікі кіргіскай службы Радыё Свабода самі правялі сьледчы экспэрымэнт: яны паспрабавалі аднавіць апошнія хвіліны жыцьця Ўланбека на Ісык-Кулі і зразумець, што прывяло да яго сьмерці.

Храналёгія апошняга дня жыцьця Ўлана наступная. Перад ад’ездам у Бішкек ён вырашыў яшчэ раз выкупацца ў возеры і разам з жонкай адправіўся на пляж. Некаторыя СМІ паведамлялі, што Ўлану нехта тэлефанаваў і выклікаў яго на пляж. Жонка журналіста сьцьвярджае, што гэта ня так, і гэта ж можна лёгка праверыць, паглядзеўшы гісторыю выклікаў на тэлефоне Ўланбека.

На запісах з камэр відэаназіраньня на пляжы відаць, як Уланбек спакойна ідзе па пірсе, зь якога ныраюць у ваду. І на пірсе, і потым у вадзе побач зь ім знаходзяцца іншыя людзі, але ні ў каго вакол сытуацыя не выклікае трывогі.

Жонка журналіста Сапаргуль у гэты час сядзіць у шэзьлёнгу у цені.

«Уланбек ішоў у вадзе, і калі вада стала яму вышэй за пояс, ён раптам рэзка пагрузіўся ў ваду, — распавяла Сапаргуль. — Было бачна, што ён адчайна махае рукамі, іх было відаць на паверхні вады».

Карэспандэнты Радыё Свабода і выратавальнік Бакай праверылі месца, дзе патануў Эгизбаев. Аказалася, на адлегласьці 25-30 мэтраў ад берага ёсьць яма глыбінёй каля дзьвюх з паловай мэтраў.

Патрапіўшы ў яе, Уланбек хутка цалкам пагрузіўся пад ваду: яго сябры і родныя пацьвердзілі, што малады чалавек дрэнна плаваў.

Па словах кіраўніцтва пансіянату «Акуна», яны ня ведалі пра яму, у якую праваліўся Ўланбек, але выказалі здагадку, што яна магла там утварыцца з той прычыны таго, што ў гэтае месца заплываюць катэры. Дырэкцыя пансіянату ўжо замовіла папераджальныя таблічкі і паабяцала, што хутка іх усталюе.

Кіргізскі прадпрымальнік падарыць кватэру сямʼі загінулага журналіста


У Кіргізстане прыватны прадпрымальнік, будаўнік Імамідзін Ташаў вырашыў падарыць кватэру сямʼі загінулага журналіста радыё «Азатык» Уланбека Эгізбаева

«Я цаню работу журналістаў, якія займаюцца расьсьледаваньнямі, і адважваюцца назваць белае белым, а чорнае — чорным. Дорачы кватэру, я выконваю грамадзянскую адказнасьць прадпрымальніка».

Журналіст-даследчык радыё «Азатык» 28-гадовы Уланбек Эгизбаев быў пахаваны на сваёй малой радзіме ў Кочкоре. Кіргізстанцы зьбіраюць сродкі на дапамогу сямʼі Ўланбека Эгізбаева.

Зорка кіргізкай журналістыкі

Эгізбаеў у 2013 годзе скончыў Факультэт камунікацыяў Кыргызска-Турэцкага унівэрсытэту «Манас». У 2015 годзе атрымаў дыплём магістра паліталёгіі ў бішкекскім гуманітарным унівэрсытэце.

У 2016 годзе Ўланбек Эгізбаеў атрымаў прэмію Webby Awards за ролік «Мара». Для атрыманьня ўзнагароды ён езьдзіў у Нью-Ёрк разам з героем роліка — Нургазы.

тым жа годзе ён быў уганараваны Ганаровай граматай Кыргызстану. Акрамя таго, у 2017 годзе ён атрымаў узнагароду Міжпарлямэнцкай асамблеі СНД. Яго працу адзначылі ганаровым знакам «За заслугі ў разьвіцьці друку і інфармацыі».

Уланбек апошнім часам займаўся расьсьледаваньнем фактаў карупцыі сярод дзяржаўных чыноўнікаў, у тым ліку, незаконнага продажу зямель у элітных раёнах сталіцы Кыргызстану і месцаў для пахаваньня на могілках у Бішкеку. Паводле дадзеных Азатык, яму паступалі пагрозы праз тэлефон і на пошту.

Месяц таму — 22 чэрвеня — Уланбек атрымаў узнагароду «Залатое пяро».

Былая прэзыдэнтка Кіргізстану ахвяруе сваю пэнсію на стварэньне журналістыкі расьсьледаваньняў

Былая прэзыдэнтка Кіргізстану Роза Атунбаева прапанавала стварыць фонд журналістыкі расьсьледаваньняў, дзе будуць зьбірацца сродкі ад грамадзян, якія жадаюць спрыяць і дапамагаць выяўленьню фактаў карупцыі.

Праца фонду павінна быць празрыстай, кіраваньне — пад наглядам рады зь незалежных, паважаных людзей, экспэртаў, адзначае яна. Статут, устаноўчыя дакумэнты фонду, паводле яе, будуць яшчэ падрабязна абмяркоўвацца з журналістамі.

«Уношу ў якасьці першапачатковага ўзносу на працу гэтага фонду адзін мільён сомаў маёй пэнсіі — прадмета даўніх пустых размоў. Зьвяртаюся да ўсіх суграмадзянаў, хто хоча рэальных зьменаў у краіне, хоча канкрэтна дапамагчы выйсьці на шлях устойлівага прагрэсу, унесьці свой уклад у скарбонку фонду», — заклікала Роза Атунбаева.

Мільён сомаў роўны прыкладна 15 тыс. даляраў.

XS
SM
MD
LG