Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кыргызстане загінуў журналіст Радыё Свабода Уланбек Эгізбаеў


Уланбек Эгізбаеў

У Кыргызстане загінуў журналіст кіргіскай рэдакцыі Радыё Свабода «Азатык» Уланбек Эгізбаеў, паведамляе рэдакцыя. Яму было 28 гадоў.

Вядома, што 22 ліпеня пасьля паўдня людзі на пляжы ў Чалпон-Аце заўважылі, што Уланбек патанае, і выцягнулі яго на бераг. У непрытомным стане яго павезьлі ў шпіталь, дзе ён памёр. У МУС паведамілі, што на месцы працуе апэратыўна-сьледчая група, якая высьвятляе падрабязнасьці.

Эгізбаеў у 2013 годзе скончыў Факультэт камунікацыяў Кыргызска-Турэцкага унівэрсытэту «Манас». У 2015 годзе атрымаў дыплём магістра паліталёгіі ў бішкекскім гуманітарным унівэрсытэце.

У 2016 годзе Ўланбек Эгізбаеў атрымаў прэмію Webby Awards за ролік «Мара». Для атрыманьня ўзнагароды ён езьдзіў у Нью-Ёрк разам з героем роліка — Нургазы.

У тым жа годзе ён быў уганараваны Ганаровай граматай Кыргызстану. Акрамя таго, у 2017 годзе ён атрымаў узнагароду Міжпарлямэнцкай асамблеі СНД. Яго працу адзначылі ганаровым знакам «За заслугі ў разьвіцьці друку і інфармацыі».

Уланбек апошнім часам займаўся расьсьледаваньнем фактаў карупцыі сярод дзяржаўных чыноўнікаў, у тым ліку, незаконнага продажу зямель у элітных раёнах сталіцы Кыргызстану і месцаў для пахаваньня на могілках у Бішкеку. Паводле дадзеных Азатык, яму паступалі пагрозы праз тэлефон і на пошту.

Месяц таму — 22 чэрвеня — Уланбек атрымаў узнагароду «Залатое пяро».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG