Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадзенскія «мальдывы» засыплюць, але ня плястыкавым сьмецьцем 


Кар’ер Сінька пад Горадняй

Дзяржаўная прыродаахоўная інспэкцыя адрэагавала на публікацыю Свабоды: кар’еры пад Горадняй схаваюць пад «чыстым» грунтам.

Як пісала Свабода, на ўскраіне Горадні непадалёк ад Нёмана цяжкая тэхніка пачала засыпаць крэйдавыя кар’еры. Для гэтага меўся выкарыстоўвацца грунт. Аднак на бераг таксама было зьвезена будаўнічае і плястыкавае сьмецьце. Гараджане пачалі непакоіцца, што на дно скінуць сьмецьце, якое доўга перагнівае.

Друз на засыпку кар'еру
Друз на засыпку кар'еру

Вадзім Палякоў, начальнік Горадзенскай гарадзкой і раённай інспэкцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя запэўніў Свабоду, што шкодны друз у ваду ня трапіць.

«Тое, што нядобрасумленныя грамадзяне вывезьлі туды з парушэньнем прыродаахоўнага заканадаўства машыну сьмецьця, ня значыць, што яно пойдзе на засыпку кар’еру, — патлумачыў чыноўнік. — Хтосьці пад гэтую марку ў прыватным парадку спрабаваў пазбавіцца ад друзу. Магу запэўніць, што на гэты момант усё прыбрана, ніякіх сьлядоў не засталося. Арганізацыі, якая займалася прыбіраньнем, даслала здымкі, што ўсё ў парадку».

Крэйдавыя кар’еры Сіньку і Зялёнку, якія за бірузовы колер вады называюць горадзенскімі «мальдывамі», пачалі засыпаць грунтам з будоўляў. Гарвыканкам, пад адказнасьць якога аб’ект перайшоў у 2008 годзе, вырашыў ад іх пазбавіцца. Глыбіня карʼераў сягае 30-40 мэтраў, берагі стромыя і насычаныя вільгацьцю — у іх можна загразнуць.

Кар'ер Зялёнка
Кар'ер Зялёнка

«Справа паціху ідзе, кар’еры будуць ліквідаваныя, — адзначыў у камэнтары Вадзім Палякоў. — Ня буду ўтоваць, што ў цяперашнім выглядзе яны ўяўляюць рэальную небясьпеку — некалькі трагічных выпадкаў, на жаль, таму пацьвержаньнем...»

Паводле зьвестак абласной службы надзвычайных сытуацый, у горадзенскіх кар’ерах патанулі ўжо больш за дзесяць чалавек, у тым ліку дзеці.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG