Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пуцін — галоўны вораг дзяржавы». У Расеі — мітынгі супраць пэнсійнай рэформы 


На акцыі пратэсту ў Навасібірску.
На акцыі пратэсту ў Навасібірску.

У Расеі праходзяць мітынгі супраць пэнсійнай рэформы. На Далёкім Усходзе, у Сыбіры і некалькіх гарадах эўрапейскай часткі краіны акцыі ўжо прайшлі, у іх удзельнічалі тысячы людзей.

У большасьці выпадкаў мітынгі былі арганізаваныя мясцовымі аддзяленьнямі КПРФ, але ў іх таксама ўдзельнічалі прыхільнікі апазыцыянэра Аляксея Навальнага, прадстаўнікі рухаў «Адкрытая Расія», «Левы фронт» і партыі «Яблык». Мітынгоўцы патрабавалі адправіць у адстаўку ўрад і прэзыдэнта.

З такім заклікам, у прыватнасьці, выступіў на мітынгу ў Пскове дэпутат КПРФ Віктар Дуля. Як паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода, дэпутат назваў пэнсійную рэформу «рабаўніцкай», а прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна «галоўным ворагам дзяржавы». Пасьля гэтага да выступоўца накіраваліся паліцыянты, але ўдзельнікі мітынгу адціснулі іх, скандуючы «Ганьба!».

У Якуцку мітынг супраць пэнсійнай рэформы спрабавалі сарваць правакатары. Невядомыя прыйшлі на акцыю і сталі выкрыкваць лёзунгі пра тое, што «Расею забівае міжнародны валютны фонд». Яны таксама крычалі «Не дамо Дзярждэпу паставіць нас на калені!» і абвінавачвалі выступоўцаў на сцэне ў «працы пад дыктоўку Захаду».

У Маскве мітынг супраць пэнсійнай рэформы прайшоў на праспэкце Сахарава. Там сабраліся каля 10 тысяч чалавек. Арганізатарам акцыі таксама выступала КПРФ. Лідэр партыі Генадзь Зюганаў заявіў, што шкода ад пэнсійнай рэформы, на яго думку, параўнальная са стратамі ад Другой Сусьветнай вайны. Яшчэ адзін мітынг супраць павышэньня пэнсійнага ўзросту пройдзе ў Маскве заўтра, яго арганізуюць прыхільнікі Навальнага.

Улады Расеі хочуць павысіць пэнсійны ўзрост да 65 гадоў для мужчын і да 63 гадоў для жанчын. Законапраект ужо прайшоў першае чытаньне ў Дзярждуме. Чакаецца, што рэформа пачнецца са студзеня 2019 году. Спікер Дзярждумы Вячаслаў Валодзін раней заявіў, што пратэстныя мітынгі не дапамогуць вырашэньню пытаньняў, зьвязаных з пэнсійнай рэформай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG