Расейскія хакеры ўзламалі сотні электрасетак ў ЗША. Пра гэта піша The Wall Street Journal са спасылкай на міністэрства ўнутранай бясьпекі Злучаных Штатаў.
Паводле зьвестак ведамства, узломшчыкі атрымалі доступ да кампутараў амэрыканскіх фірмаў, якія займаюцца абслугоўваньнем энэргетычнай інфраструктуры. Такім чынам хакеры выкралі дадзеныя пра амэрыканскія энэргасыстэмы. Узлом можа пагражаць масавымі адключэньнямі электрычнасьці ў ЗША. Паводле дадзеных амэрыканскіх уладаў, хакеры могуць «пераключыць рубільнік» у любы момант. За атакай, як сьцьвярджаюць крыніцы, стаіць групоўка Energetic Bear, зьвязаная з расейскімі ўладамі. Крэмль падтрымку хакераў адмаўляе.
Раней ЗША прад’явілі завочныя абвінавачваньні 12 меркаваным хакерам з расейскай вайсковай выведкі (ГРУ). Сьцьвярджаецца, што яны маюць дачыненьне да ўмяшаньня ў амэрыканскія выбары.
Хакерская групоўка Energetic Bear (яна таксама вядомая пад назвамі Dragonfly і Crouching Yeti) стала праяўляць актыўнасьць у 2010 годзе. Яе мэтамі зьяўляюцца энэргетычныя і прамысловыя прадпрыемствы.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў