Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Споўнілася 400 гадоў першаму ў сьвеце «Буквару», выдадзенаму продкамі беларусаў


24 ліпеня 1618 году пабачыла сьвет першая ў сьвеце кніга, якая называлася «Буквар». Яго склалі манахі і выкладчыкі Віленскага праваслаўнага манастыра Сьвятога Духа.

Гэта быў «Буквар славянскай мовы», надрукаваны ў мястэчку Еўе пад Вільняй. Гэтае выдавецтва было адно з самых старадаўніх і ўплывовых беларускіх выдавецтваў у Вялікім Княстве Літоўскім. Яно выпускала нямала кніг на царкоўнаславянскай, старабеларускай і польскай мовах.

У сьвеце захаваліся толькі два асобнікі першага «Буквара». Адзін зь іх, на жаль, няпоўны, знаходзіцца ў Даніі, у Каралеўскай бібліятэцы. А другі (поўны) экзэмпляр — у Вялікай Брытаніі, у бібліятэцы Мідл Тэмпл, якая разьмяшчаецца ў гістарычным раёне Лёндана, дзе некалі мелі сваю рэзыдэнцыю славутыя рыцары-тампліеры.

Выключная рэдкасьць і вялікая каштоўнасьць першага «Буквара» зрабілі яго амаль невядомым як для навукоўцаў, так і для шырокай грамадзкасьці. Амаль ні ў кога зь беларускіх дасьледнікаў раней не было магчымасьці ўбачыць «Буквар» на свае вочы. На радзіме ніводнага асобніка не захавалася: іх проста «зачыталі да дзірак», як часта бывае з вучэбнымі выданьнямі.

У 2015 годзе намесьніку дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алесю Сушу дзякуючы спрыяньню брытанскіх беларусазнаўцаў, прафэсараў Лёнданскага ўнівэрсытэту, атрымалася наведаць сталіцу Вялікай Брытаніі і займець доступ да гэтага надзвычай каштоўнага помніка. А сёньня зьявілася магчымасьць пазнаёміцца і з дацкім асобнікам.

У «Фэйсбуку» Алесь Суша напісаў:

«Кніга, якую я меў за гонар ня толькі патрымаць у руках, але і заняцца яе больш глыбокім дасьледаваньнем, мае невялікі і зручны для выкарыстаньня памер — удвая меншы, чым сучасныя выданьні «Буквара» — і налічвае крыху больш 100 старонак. Структура выданьня вызначалася характарам навучальнага працэсу ў той пэрыяд. Напачатку вучні вывучалі літары славянскага алфавіта («аз», «букі», «ведзі» і г.д.). Затым яны займаліся складаньнем літар у простыя склады зь дзьвюх літар («букі» + «аз» = ба, «ведзі» + «аз» = ва) і трохлітарныя склады. Нарэшце пасьля гэтага вучні спрабавалі складваць са складоў цэлыя словы, а затым — сказы.

Для лепшага запамінаньня ў кнізе прыводзіцца славянскі алфавіт у звычайным і адваротным парадку, чаго не сустрэнеш у сучасных выданьнях. Далей ідуць прыклады складоў зь дзьвюх, трох, чатырох, пяці і больш літар, прасьцейшыя словы царкоўнаславянскай мовы, пералік знакаў прыпынку і лічбаў у адпаведнасьці са старажытнай кірылічнай традыцыяй, даюцца некаторыя правілы граматыкі.

Апрача адукацыйных задач, «Буквар» быў прызначаны для патрэбаў выхаваньня, якое ў той час грунтавалася на хрысьціянскай сыстэме каштоўнасьцяў. Менавіта з гэтай мэтай у склад выданьня ў якасьці важных тэкстаў для чытаньня ўключаны шматлікія малітвы, рэлігійныя гімны, Сымбаль веры, Божыя запаветы, пропаведзі, пералік добрых якасьцяў чалавека і яго грахоў, а таксама шматлікія іншыя маральна-выхаваўчыя тэксты.

Вонкавае аздабленьне выданьня моцна нагадвае віленскія выданьні Францішка Скарыны.

Нам сёньня не вядома, хто быў ініцыятарам і стваральнікам «Буквара». Найбольш верагоднымі аўтарамі ці складальнікамі кнігі зьяўляюцца вядомыя беларускія праваслаўныя дзеячы Мялецій Сматрыцкі і Лявонцій Карповіч. Фінансавую падтрымку выданьню аказаў князь Багдан Агінскі.

Такім чынам, нам ёсьць чым ганарыцца — першы ў сьвеце «Буквар» прыдумалі нашы продкі. А сёньня з «Буквара» пачынаецца дарога ў сьвет ведаў многіх дзетак не толькі ў Беларусі, але і ў многіх краінах сьвету, а назва «Буквар» увайшла ў сучасныя беларускую, расейскую, украінскую, баўгарскую, басьнійскую мовы, а таксама ў абхаскую, аварскую, адыгейскую, айроцкую, алеутскую, балкарскую, гагаузскую, дагестанскую, далганскую, даргінскую, хакаскую, ханту, цыганскую, чуваскую, чукоцкую, эвенкійскую і іншыя.

Сёлета мы маем унікальную магчымасьць адсьвяткаваць 400-годзьдзе «Буквара», беларускага «Буквара». Асноўныя мерапрыемствы да гэтага важнага юбілею пройдуць у канцы жніўня і пачатку верасьня — да Дня ведаў і Дня беларускага пісьменства. Аднак забыцца пра сёньняшнюю дату было б зусім ня правільна».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG