Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Найлепшы спосаб забіць мяне — дамагчыся маёй экстрадыцыі ў Расею», — кіраўнік Hermitage Capital


Біл Браўдэр
Біл Браўдэр

Кіраўнік фонду Hermitage Capital Біл Браўдэр кажа, што баіцца за сваю бясьпеку. Пра гэта ён заявіў у інтэрвію праекту Радыё Свабода «Настоящее время».

«Уладзімір Пуцін, як вы ведаеце, разважлівы забойца. Ён нясе адказнасьць за многія забойствы ў Расеі, за сьмерці сваіх ворагаў за мяжой, за выкарыстаньне жудасных ваенных спосабаў для забойства нявінных людзей ва Ўкраіне і ў Сырыі. Вядома, я не адчуваю сябе ў бясьпецы», — сказаў Браўдэр.

«Але зь іншага боку, улічваючы такую адкрытую непрыязнасьць Уладзіміра Пуціна да маёй пэрсоны, калі са мной нешта здарыцца, усе будуць ведаць, хто ў гэтым вінаваты. Гэта Ўладзімір Пуцін. І тады без наступстваў не абысьціся. Я думаю, што ён лічыць, што найлепшы спосаб забіць мяне — гэта дамагчыся маёй экстрадыцыі ў Расею, засунуць мяне ў расейскую турму, каб мяне ў ёй і забілі. Таму мая асноўная задача на дадзены момант — ня езьдзіць у краіны, якія маглі б выдаць мяне Пуціну», — дадаў ён.

19 ліпеня прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп адмовіўся ад ідэі допыту расейцаў па справе аб умяшаньні Крамля ў амэрыканскія выбары ў абмен на допыт расейскімі сьледчымі грамадзян ЗША па так званай справе Браўдэра.

З такой прапановай на перамовах у Хэльсынкі выступаў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін.

Тады Пуцін заявіў, што кіраўнік фонду Браўдэр выкраў з Расеі і перадаў на фінансаваньне кампаніі Гілары Клінтан $400 мільёнаў. Потым ён папрасіў Генэральную пракуратуру Расеі выправіць агаворку, бо гаворка ідзе не пра $400 мільёнаў, а пра $ 400 тысяч.

Браўдэр у артыкуле для часопісу Time адпрэчыў усе абвінавачваньні ў свой адрас.

Браўдэр — сузаснавальнік фонду Hermitage Capital, у 90-я гады ён актыўна інвэставаў у расейскія кампаніі. Таксама Браўдэр зьяўляецца ініцыятарам некалькіх судовых спраў у дачыненьні да расейскіх манаполій, якія ўшчамляюць правы інвэстараў, і галоўным ініцыятарам і лабістам «акту Магніцкага» у ЗША і іншых краінах.

«Акт Магніцкага» зьявіўся пасьля таго, як юрыст Hermitage Capital Сяргей Магніцкі быў арыштаваны ў Расеі па сфабрыкаванай справе аб ухіленьні ад выплаты падаткаў і памёр у маскоўскім сьледчым ізалятары, бо яму не аказвалася мэдычная дапамога. Акт забараняе ўезд у ЗША высокапастаўленым прадстаўнікам расейскіх сілавых структур, якія маюць дачыненьне да сьмерці Магніцкага, і накладае арышт на іх актывы. Пазьней закон быў пашыраны на больш шырокае кола асобаў, датычных да карупцыі і парушэньняў правоў чалавека.

Летась у снежні расейскі суд завочна асудзіў Браўдэра на дзевяць гадоў пазбаўлення волі. Яго прызналі вінаватым у наўмысным банкруцтве і ўхіленьні ад выплаты падаткаў на суму больш за 3 мільярды расейскіх рублёў. Гэта ўжо другі прысуд расейскага суду супраць Браўдэра, вынесены завочна.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG