Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва адказала Расеі на перасьлед пракурораў і судзьдзяў, якія займаюцца справай пра гібель людзей каля Віленскага тэлецэнтру


Сьледчы камітэт Расеі пачаў крымінальную справу ў дачыненьні да супрацоўнікаў генэральнай пракуратуры Літвы і шэрагу літоўскіх судзьдзяў, якія вядуць працэс аб падзеях у Вільні ў 1991 годзе. Міністэрства замежных спраў Літвы лічыць гэта адкрытым ціскам на краіну і яе правасудзьдзе.

Справу пачалі супраць тых, хто спрабуе прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці расейскіх вайскоўцаў, якія ўдзельнічалі ў здушэньні пратэстаў у Вільні ў студзені 1991 году. Расейскі Сьледчы камітэт называе дзеяньні супрацоўнікаў літоўскай пракуратуры і суду незаконнымі, бо падчас падзей 1991 году ў Вільні Літва ўваходзіла ў склад СССР, і «вайсковыя падразьдзяленьні выконвалі свой службовы абавязак, дзейнічаючы ў адпаведнасьці з заканадаўствам СССР».

Вільня, 13 студзеня 1991 году
Вільня, 13 студзеня 1991 году

Акрамя таго, прадстаўнікі Сьледчага камітэту Расеі сьцьвярджаюць, што абвінавачваньне супраць расейскіх грамадзян не пацьверджана аб’ектыўнымі доказамі.

Міністэрства замежных спраў Літвы заявіла, што рашэньне Сьледчага камітэту зьяўляецца правакацыйным і не адлюстроўвае сапраўдную пазыцыю народу Расеі па гэтым пытаньні.

«На жаль, Расея ўсё больш гразьне ў дрыгве савецкага мінулага, якое не адрозьнівалася павагай ні да чалавечага жыцьця, ні да свабоды, ні да сувэрэнітэту суседніх краін, — гаворыцца ў паведамленьні МЗС Літвы.

У ведамстве адзначаюць, што абвінавачваньне ў адсутнасьці доказаў супраць арганізатараў і ўдзельнікаў справы 13 студзеня 1991 году выглядае «асабліва цынічным», бо расейскі бок пакінуў без адказу ўсе просьбы генэральнай пракуратуры і Міністэрства юстыцыі Літвы аб прававой дапамозе і супрацоўніцтве і «актыўна хавае і апекуе кіраўнікоў і выканаўцаў узброеных дзеяньняў супраць мірных жыхароў, робіць усё магчымае для таго, каб дапамагчы ім пазьбегнуць адказнасьці».

Архіўнае відэа:

Вільня. 13 студзеня 1991 году
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:19 0:00

У ведамстве паведамляюць, што сьледзтва па справе 13 студзеня 1991 году завершана і цяпер разглядаецца ў судзе.

Вярхоўны савет Літвы 11 сакавіка 1990 году абвясьціў аб аднаўленьні незалежнасьці краіны. У студзені 1991 году ў Літве пачаліся несанкцыянаваныя акцыі пратэсту, і на літоўскую тэрыторыю перакінулі дадатковыя савецкія спэцпадразьдзяленьні. У ноч на 13 студзеня калёна савецкай бронетэхнікі накіравалася ў цэнтар Вільні. У ходзе сутыкненьняў каля тэлецэнтру загінулі 14 чалавек, больш за 600 былі параненыя.

На падставе хадайніцтваў пракуратуры Віленскі гарадзкі суд санкцыянаваў завочны арышт расейцаў, якія ўдзельнічалі ў тых падзеях.

«Вялікую справу» аб падзеях 13 студзеня 1991 году пачалі разглядаць у Вільні ў студзені 2016 году. З 65 фігурантаў справы перад судом паўсталі толькі двое падазраваных. Астатніх суд абвінаваціў завочна. Сярод іх — генэрал-лейтэнант Уладзімер Усхопчык, які цяпер жыве ў Беларусі і займаў пасаду намесьніка міністра абароны. У 1991 годзе менавіта Ўсхопчык быў камандзірам Віленскага гарнізону. У 2011 годзе па просьбе Генпракуратуры Літвы Ўсхопчыка дапыталі ў пракуратуры Беларусі.

19 студзеня 2017 году Віленскі суд выклікаў на допыт былога прэзыдэнта СССР Міхаіла Гарбачова. Паводле дадзеных літоўскай пракуратуры, менавіта ён у студзені 1991 года аддаў загад страляць па прыхільніках незалежнасьці. У адказ экс-прэзыдэнт СССР заявіў, што не зьбіраецца ўдзельнічаць у судовым працэсе «ні ў якім варыянце».

У ліпені 2017 году Літва прад’явіла абвінавачваньні яшчэ двум расейцам, падазраваным па справе аб штурме тэлецэнтру ў студзені 1991 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG