Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нафта і палюбоўніцы. У Гішпаніі разгараецца скандал вакол былога караля


Савудаўскі прынц Салман бін Абдул Азіз і былы кароль Гішпаніі Хуан Карлас I, 2006 год
Савудаўскі прынц Салман бін Абдул Азіз і былы кароль Гішпаніі Хуан Карлас I, 2006 год

У Гішпаніі выбухнуў чарговы скандал вакол каралеўскай сям’і. Гэтым разам ён носіць асабліва востры характар і пагражае самому існаваньню інстытуту манархіі.

У цэнтры скандалу асоба 80-гадовага Хуана Карласа I, бацькі цяперашняга манарха Фэліпэ VI, «заслужанага караля ў адстаўцы», як яго называюць афіцыйна. Прэса абвінавачвае Хуана Карласа ў карупцыі, ухіленьні ад выплаты падаткаў, адмываньні капіталаў, падробцы фінансавых дакумэнтаў.

Падставай для гэтых абвінавачваньняў паслужылі публікацыі ў выданьнях «Эль Эспаньёла» і «ОК Дыярыё», якія спэцыялізуюцца на сэнсацыях. Гаворка ідзе пра нібыта «зьлітыя» у прэсу матэрыялы з дасье адстаўнога паліцэйскага камісара Хасэ Мануэля Вільярэга, які знаходзіцца зь леташняга лістападу ў турме пад сьледзтвам. Сьцьвярджаецца, што камісар многія гады «гандляваў службовай інфармацыяй», а таксама зьбіраў кампрамат на высокапастаўленых асоб «з мэтай шантажу і вымагальніцтва».

Так, у 2015 годзе яму ўдалося таемна запісаць размову зь грамадзянкай Нямеччыны 54-гадовай Карыай Ларсэн, якая пражывае ў Манака і на працягу 10 гадоў знаходзілася ў інтымнай сувязі з Хуанам Карласам. Незадаволеная спыненьнем гэтай сувязі, жанчына выклала паліцэйскаму ўсё, што ведала пра манарха. Журналіст-дасьледчык Жаан Прунэс кажа, што аб сумнеўных фінансавых справах былога караля вядома даўно.

Манарх шмат гадоў атрымліваў камісійныя з розных гандлёвых зьдзелак, да прыкладу, працэнт з паставак нафты ў Гішпанію зь дзяржаваў Пэрсыдзкай затокі, па 1-2 даляры за барэль

— Паводле дадзеных такога аўтарытэтнага выданьня як «Нью-Ёрк Таймс», асабісты капітал Хуана Карласа — 1,8 млрд эўра, хоць яго афіцыйны даход за год складаў у сярэднім ня больш за 10 мільёнаў. Пры гэтым ён знаходзіўся ва ўладзе 38, а не 180 гадоў — ад 1975 па 2014 год, калі адрокся ад пасады на карысьць сына. Адкуль жа капітал? Вядома, што манарх шмат гадоў атрымліваў камісійныя з розных гандлёвых зьдзелак, да прыкладу, працэнт з паставак нафты ў Гішпанію зь дзяржаваў Пэрсыдзкай затокі, па 1-2 даляры за барэль. Сквапнасьць былога манарха таксама добра вядомая. Грошы ён марнаваў хіба што на сваё захапленьне паляваньнем, ды часам дараваў ювэлірныя ўпрыгожаньні палюбоўніцам. Нагадаю, што тая ж Карына жыла ў пасёлку Пардо, у доме, які лічыўся за каралеўскай гвардыяй, то бок належаў дзяржаве і ўтрымліваўся за кошт падаткаплатнікаў. Яго ахоўвалі супрацоўнікі спэцслужбаў, засьцерагаючы гэта месца інтымных сустрэч ад староньніх вачэй. Хтосьці іншы мог бы набыць дом для каханай на ўласныя сродкі, але Хуан Карлас з грашыма заўсёды цяжка разьвітваўся.

Хуан Карлас і ягоны сын Фэліпэ (злева)
Хуан Карлас і ягоны сын Фэліпэ (злева)

З запісаў размовы з Карынай вынікае, што былы кароль атрымаў у свой час камісійныя з кантракту на будаўніцтва Гішпаніяй хуткаснай чыгункі ў Савудаўскай Арабіі, а саму немку часам выкарыстоўваў у якасьці падстаўной асобы. Каб пазьбегнуць падаткаў, манарх аформіў на яе нейкую зямельную ўласнасьць у Марока. Карына таксама сьцьвярджае, што Хуан Карлас таемна захоўвае грошы ў Швэйцарыі, прычым банкаўскія рахункі аформленыя на імя яго стрыечнага брата, Альвара дэ Арлеан-Бурбон. З мэтай «адмыць» нелегальныя капіталы, паводле Карыны, былы кароль зьвяртаецца да паслуг адваката-італьянца Дантэ Каноніка, спэцыяліста ў разьмяшчэньні грошай у афшорных зонах.

Працэс «гніеньня» заўсёды пачынаецца з галавы. У каралеўскай сям’і — з Хуана Карласа

Акрамя таго, з запісаў вынікае, што Хуан Карлас асабіста дапамагаў наладзіць карупцыйныя схемы свайму зяцю-гандбалісту Іньякі Ўрдангарыну, які ў рэшце рэшт трапіў амаль на 6 гадоў у турму паводле абвінавачваньня ў крадзяжы грамадзкіх сродкаў. Папярэдні скандал вакол каралеўскага сямейства, выкліканы сьледзтвам і судом над Ўрдангарынам, бударажыў гішпанцаў больш як 10 гадоў, распавядае Жаан Прунэс:

— Узгадайма, што менавіта кароль адкрыў дарогу Ўрдангарыну да незаконнай дзейнасьці. Без высокай апекі ён ня змог бы ні атрымаць, ні прысабечыць грошы, якія вылучалі яму як кіраўніку Фонду разьвіцьця спорту розныя дзяржаўныя структуры. Успомнім і пра тое, што працэс «гніеньня», як у выпадку з рыбай, заўсёды пачынаецца з галавы. У каралеўскай сям’і — з Хуана Карласа.

Выкрыцьці кінутай каханкі суправаджаюцца ў прэсе ня толькі апісаньнем фінансавых афэраў «заслужанага караля». Адзначаюцца такія бакі яго паводзінаў, як злоўжываньне алькаголем і, галоўнае, нястрымная прыхільнасьць да жаночага полу, якая захавалася ў манарха нават у шаноўным узросьце. Журналіст Прунэс пералічыў імёны некалькіх дам, сувязь караля зь якімі добра вядомая.

— У гісторыі Карыны таксама нічога новага. Да яе ў манарха, сярод іншых «сябровак», былі акторка вар’етэ Барбара Рэй, дызайнэр Марта Гая, італьянская тэлевядоўца Рафаэла Кара і гэтак далей. А ў 1975 годзе каралева Сафія засьпела яго ў шлюбным ложку са знакамітай сьпявачкай і кіназоркай Сарай Мант’ель, якая да таго ж паліла цыгару. Наўрад ці каралеве-грачанцы гэтая сцэна нагадала старажытную элінскую трагедыю, хутчэй, гішпанскі кінэматограф таго часу, які празьмерна захапляўся алькоўнымі сцэнамі.

Кароль Хуан Карлас зракаецца трону, 2014 год
Кароль Хуан Карлас зракаецца трону, 2014 год

Раскручаны ў прэсе скандал тут жа знайшоў водгук у палітычных колах Гішпаніі. Некаторыя члены парлямэнту запатрабавалі разабрацца з былым каралём, стварыўшы для гэтага адмысловую камісію, а таксама перасьледаваць Хуана Карласа ў судовым парадку. Іх матывацыю тлумачыць дэпутат Альбэрта Гарсон:

Мы хочам, каб у Гішпаніі ўсе былі б роўныя перад законам

— Хіба не павінен турбаваць наш парлямэнт той факт, што манарх браў камісійныя за міжнародныя зьдзелкі? Хіба ня можа не турбаваць, што ўсё гэта было вядома нашым спэцслужбам і яны маўчалі? Калі б хтосьці іншы зьдзяйсьняў падобныя дзеі, то абавязкова быў бы пакараны. Усё гэта турбуе, паколькі закранае імідж нашай краіны, наносіць шкоду нашай бясьпецы і бюджэту. Таму неабходна, як мы лічым, стварыць парлямэнцкую камісію для расьсьледаваньня злоўжываньняў былога караля. У рамках камісіі можна было б абмеркаваць і «цёмныя месцы» у нашай канстытуцыі, якія забясьпечваюць некаторым асобам поўную беспакаранасьць. Мы хочам, каб у Гішпаніі ўсе былі б роўныя перад законам, — кажа Гарсон.

Пад «цёмнымі месцамі» у канстытуцыі дэпутат мае на ўвазе пункт, які вызваляе кіраўніка дзяржавы ад любога юрыдычнага перасьледу. Менавіта гэты артыкул ахоўваў манарха ўсе гады яго кіраваньня. Цяпер, страціўшы карону, ён страціў і гэты прывілей. Праўда, паводле закону распачаць справу супраць былога манарха можа толькі Вярхоўны суд Гішпаніі.

Чаму кампрамат, запісаны 3 гады таму, выклікаў скандал менавіта цяпер? Чаму ён прыцягвае такую ўвагу, хоць, паводле экспэртаў, у ім няма нічога новага, што было б раней невядома і спэцслужбам, і шырокай грамадзкасьці? Дарэчы, грамадзкасьць раней заўсёды прабачала каралю любыя «свавольствы», улічваючы яго заслугі. Бо Хуан Карлас быў адной з галоўных дзеючых асоб пасьпяховага пераходу Гішпаніі ад дыктатуры генэрала Франка да дэмакратыі ў канцы 70-х гадоў мінулага стагодзьдзя.

Мэта — зрынуць манархію як гарант нацыянальнага адзінства Гішпаніі

Што ж тычыцца маштабаў цяперашняга скандалу, то мадрыдзкі публіцыст Эдуарда Гарсія Сэрана бачыць за ім «інтрыгі асабліва актыўных апошнім часам каталёнскіх сэпаратыстаў». Яны, маўляў, разьдзімаюць скандал, каб скампрамэтаваць ня гэтулькі былога караля, колькі сам інстытут манархіі, якая, паводле выказваньня публіцыста, «устала ім папярок горла».

— Мяркую, што маштабы цяперашняга скандалу тлумачацца ня толькі «вэндэтай» камісара-шантажыста Вільярэгі, вельмі небясьпечнага субʼекта. Ён узмоцнена нагнятаецца сэпаратыстамі, яікя хочуць скончыць з манархіяй. Яны ўзлаваныя рашучай пазыцыяй караля Фэліпэ ў абарону адзінства краіны. Яго выступы ў гэтым пытаньні мабілізуюць на маніфэстацыі мільёны прыхільнікаў адзінай Гішпаніі. Прычым ня дзесьці, а ў самой Барсэлёне, сэрцы сэпаратыстаў. І гэтага яны ня могуць дараваць. Бо сёньня манархія стала сымбалем тэрытарыяльнай цэласнасьці краіны. Такім чынам, мэта скандалу зусім ня ў тым, каб растаптаць састарэлага Хуана Карласа і Карыну. Мэта — зрынуць манархію як гарант нацыянальнага адзінства Гішпаніі.

Шэсьце прыхільнікаў незалежнасьці Каталёніі ў кастрычніку 2017 году
Шэсьце прыхільнікаў незалежнасьці Каталёніі ў кастрычніку 2017 году

Праўдападобна, аналягічнага меркаваньня прытрымліваюцца і ўрад Гішпаніі, і Вярхоўны суд, і вядучыя парлямэнцкія партыі, якія ня маюць намеру надаваць справе асаблівага значэньня. Ва ўсялякім выпадку, ніякай адмысловай камісіі ў справе Хуана Карласа створана ня будзе. Ня будзе і крымінальнага перасьледу, улічваючы, што ўсе пералічаныя дзеі адносяцца да пэрыяду, калі Хуан Карлас зьяўляўся непадсудным. Пакуль заплянаваны толькі даклад кіраўніка спэцслужбаў Фэлікса Санса Рольдана на закрытым пасяджэньні камісіі парлямэнту па дзяржаўных таямніцах. Матэрыялы дакладу публікавацца ў прэсе ня будуць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG