Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фонд імя Паўла Шарамета стварылі ў Польшчы


Партрэт Паўла Шарамета, архіўнае фота
Партрэт Паўла Шарамета, архіўнае фота

У Польшчы створаны фонд «Свабода і салідарнасьць» імя Паўла Шарамета, паведаміла БелаПАН маці журналіста Людміла Шарамет.

Стварыць фонд вырашылі сям’я, сябры і калегі Паўла Шарамета. Кіраўнік праўленьня польскага фонду — сябар журналіста Дарыюш Багускі.

«Фонд заснаваны ў падтрымку таленавітых журналістаў Польшчы, Украіны і Беларусі, — сказала Людміла Шарамет. — Цяпер Дарыюш вырашае пытаньні наконт таго, як фонд будзе дзейнічаць ва Ўкраіне. У Кіеве плянуецца адкрыць філіял фонду. Затым кіраўнік фонду прыедзе ў Беларусь, і мы тут таксама абгаворым, як гэта будзе выглядаць у нас».

Сярод мэтаў і задач фонду — захаваньне памяці пра Паўла Шарамета і прасоўваньне ягонай справы. Фонд плянуе штогод выдаваць узнагароду і грашовую прэмію найлепшым журналістам Украіны, Расеі і Беларусі — краін, дзе працаваў і жыў Шарамет. Фонд мае намер таксама прызначыць імянную стыпэндыю для студэнтаў факультэтаў журналістыкі трох краін і сабраць фільмы, кнігі і лекцыі Шарамета.

44-гадовы журналіст Павал Шарамет, родам зь Беларусі, загінуў 20 ліпеня 2016 году. Ён падарваўся ў аўтамабілі ў цэнтры Кіева, дзе жыў і працаваў пяць гадоў. Акалічнасьці яго гібелі да гэтага часу не расьсьледаваныя.

Дэманстрацыя ў Кіеве да гадавіны забойства Шарамета
Дэманстрацыя ў Кіеве да гадавіны забойства Шарамета

Нацыянальны саюз журналістаў Украіны 19 ліпеня апублікаваў заяву, у якой патрабуе ад улады і праваахоўнікаў публічнай справаздачы пра вынікі расьсьледаваньня забойства Шарамета.

«Адсутнасьць прагрэсу ў гэтай рэзананснай справе — гэта трывожны сыгнал для ўсёй журналісцкай супольнасьці, для грамадзтва ў цэлым: беспакаранасьць за злачынствы супраць мэдыйшчыкаў спараджае новыя злачынствы», — гаворыцца ў заяве.

Журналісты нагадалі, што ў 2017 годзе прэзыдэнт Парашэнка патрабаваў публічнай справаздачы пра вынікі расьсьледаваньня, але яе так і не адбылося. «Саюз працягвае патрабаваць яе правядзеньня. Журналісты і грамадзтва маюць права ведаць, што сьледзтва зрабіла, каб знайсьці і пакараць забойцаў нашага калегі», — адзначаецца ў заяве.

«Забойцы дагэтуль ня знойдзеныя». У Кіеве ўшанавалі памяць Паўла Шарамета

Загадкавыя сьмерці беларускіх журналістаў: Бябенін, Завадзкі, Майсеня, Гроднікаў, Чаркасава, Шарамет

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG