Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітоляг: пасьля выбараў 2019 году ўкраінская эліта можа папрасіць прытулку ў Беларусі


Уладзімір Фясенка

Экс-міністар абароны Ўкраіны атрымаў статус уцекача ў Беларусі, дзе ён працаваў амбасадарам ад 2013 па 2015 год. Пра гэта стала вядома з пастановы Саломенскага раённага суду Кіеву, які дазволіў судзіць экс-чыноўніка завочна. Ва Ўкраіне Ежаля падазраюць у падрыве абараназдольнасьці ўзброеных сілаў краіны ў бытнасьць міністрам абароны пры прэзыдэнце Віктары Януковічы.

Як тлумачаць ва Ўкраіне пазыцыю Беларусі? Камэнтуе ўкраінскі палітоляг Уладзімір Фясенка.

— Сытуацыя вельмі супярэчлівая, як і наогул адносіны паміж Украінай і Беларусьсю. З аднаго боку, ёсьць адносна нядрэнныя адносіны паміж двума прэзыдэнтамі, якія пэрыядычна здымаюць канфліктныя сытуацыі паміж краінамі. Маю на ўвазе апошнія шпіёнскія скандалы, арышт, зьнікненьні ўкраінскіх грамадзян у Беларусі, якія потым аказваюцца ў Расеі, сумесныя з расейцамі вучэньні.

Лукашэнка манэўруе паміж Захадам і Масквой і ў пэўнай ступені паміж Кіевам і Масквой. Але застаецца верным саюзьнікам Масквы, чалавекам, сьветапогляд якога грунтуецца на аўтакратычным і намэнклятурным успрыманьні ўлады.

Пасьля падзеяў 2014 году Ежаль апынуўся нічыім чалавекам

Ежаль для яго намэнклятурны чалавек. Думаю, што калі ён працаваў у Беларусі, ён наладзіў вельмі добрыя адносіны зь беларускай элітай і з самім Лукашэнкам. Хто ведае, магчыма, і з расейцамі.

Падчас падзеяў 2014 году [Эўрамайдан у Кіеве] ён апынуўся ў Менску, магчыма, гэта яго і ўратавала. Хоць да яго былі прэтэнзіі яшчэ ў Януковіча. Ён апынуўся нічыім чалавекам. Але прававыя прэтэнзіі да яго не зьніклі.

Міхаіл Ежаль (зьлева) і Леанід Кучма. 2015 год
Міхаіл Ежаль (зьлева) і Леанід Кучма. 2015 год

Ежаль уцёк у Беларусь, дзе, думаю, яго прынялі паводле намэнклятурнага прынцыпу. Можа, спрацавалі яго асабістыя сувязі, магчыма, з расейцамі.

Гэта [прадстаўленьне Ежалю статусу бежанца] не дэмарш у бок Кіеву. Для цяперашняй украінскай улады Ежаль — ня нейкая адмысловая мішэнь, якая ўваходзіць у першую дзясятку людзей, якіх трэба пакараць. Ён адзін з многіх, хто скарыстаўся пасадай, каб павялічыць сваю маёмасьць. Гэта проста спэцыфічная супярэчлівая сытуацыя, якіх цяпер паміж Украінай і Беларусьсю шмат.

Лукашэнка спрабуе манэўраваць і атрымаў на гэтым шмат дывідэндаў

Дзякуючы такой гульні Лукашэнку ўдалося зьняць блякаду. Хай ня цалкам, але ўсё-ткі да яго больш няма такога крытычнага стаўленьня, як раней.

Але, як бы ён не манэўраваў, ён усё роўна залежыць ад Масквы. Ён ня можа ад яе адарвацца. Гэта Кучма [экс-прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма] у рамках палітыкі шматвэктарнасьці мог манэўраваць. Ён залежаў ад Масквы, але не крытычна. А Лукашэнка і Беларусь — крытычна.

Таму манэўры манэўрамі, а залежнасьць застаецца. Лукашэнка ня можа адарвацца ад Масквы, нават інстытуцыйна.

— Гэта ня першы падобны выпадак. У Беларусі таксама атрымаў прытулак былы прэзыдэнт Кыргызстану Курманбек Бакіеў, якога ў красавіку 2010 зрынула апазыцыя.

— З Расеі ўцякаць у Менск цяпер рызыкоўна, маю на ўвазе для прадстаўнікоў апазыцыі. А для дыктатараў або напаўдыктатараў з Цэнтральнай Азіі такі варыянт цалкам прымальны. Калі ў іх няма моцных сувязяў з Масквой, то можна скарыстацца і падтрымкай Лукашэнкі.

Ці будуць такія выпадкі з прадстаўнікамі ўкраінскай эліты? Давайце паглядзім на гэта пасьля 2019 году [прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне]. Пакуль гэта не заканамернасьць, але я не выключаю, што некаторыя прадстаўнікі ўкраінскай эліты могуць скарыстацца гэтым пасьля 2019 году.

Былы міністар абароны Ўкраіны атрымаў у Беларусі статус уцекача. На радзіме яму пагражае турма

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG