Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы міністар абароны Ўкраіны атрымаў у Беларусі статус уцекача. На радзіме яму пагражае турма


Міхаіл Ежаль (зьлева) і Леанід Кучма. 2015 год
Міхаіл Ежаль (зьлева) і Леанід Кучма. 2015 год

Экс-міністар абароны Ўкраіны Міхаіл Ежаль, які працаваў амбасадарам Украіны ў Беларусі і якога ўкраінскія праваахоўныя органы абвінавачваюць у злоўжываньні ўладаю і службовым становішчам, жыве зь сям’ёй у Менску і мае статус уцекача.

Як вынікае з судовага рашэньня, менавіта на гэтай падставе праваахоўныя органы Ўкраіны атрымалі дазвол на выкарыстаньне працэдуры спэцыяльнага (завочнага) дасудовага расьсьледаваньня ў дачыненьні Міхаіла Ежаля.

Ухвальваючы адпаведнае рашэньне, суд спаслаўся на даведку Галоўнага ўпраўленьня вайсковай контравыведкі ад 16 траўня 2017 года аб тым, што Міхаілу Ежалю «ў Рэспубліцы Беларусь дадзены статус уцекача, і, паводле апэратыўных дадзеных, ён пражывае зь сям’ёй у Менску, дзе арэндуе кватэру».

Сам Міхаіл Ежаль у інтэрвію tut.by пацьвердзіў гэтую інфармацыю:

«Так, сапраўды я атрымаў статус уцекача, гэта адбылося больш за год таму. Цяпер я зь сям'ёй пражываю ў Менску, у сям'і від на жыхарства».


Міхаіла Ежаля ва Ўкріане абвінавачваюць у неправамерным выкарыстаньні на працягу 2011-2012 гадоў амаль 43 мільёнаў грыўняў зь дзяржаўнага бюджэту на аплату паслуг прыватных кампаній па харчаваньні асабістага складу Ўзброеных сіл Украіны. На той момант гэта складала каля 5,5 мільёна даляраў.

Апошні раз Міхаіл Ежаль прыяжджаў ва Ўкраіну ў жніўні 2014 году і на допыце не прызнаў сваёй віны. У той жа час невядома, ці зьвярталіся ўлады Ўкраіны да Беларусі з просьбай аб выдачы былога чыноўніка.

Былога пасла Ежаля, якога Ўкраіна абвясьціла ў вышук, знайшлі ў Драздах

Міхаіл Ежаль займаў пасаду кіраўніка Мінабароны Ўкраіны з сакавіка 2010 году па люты 2012-га. У красавіку 2013 году тагачасны прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч прызначыў Ежаля амбасадарам у Беларусі.

У жніўні 2014-га генпракурор Украіны Віталь Ярэма заявіў, што супраць Ежаля распачаты шэраг крымінальных спраў.

У канцы красавіка 2015 году Ежаля адклікаў зь Менску цяперашні прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка, а ў траўні яго звольнілі з займанай пасады.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG