Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СМІ: Расейскі мільярдэр фінансаваў пратэсты супраць перайменаваньня Македоніі


Іван Савідзі (архіўнае фота)

Расейскі мільярдэр Іван Савідзі выдаткаваў 300 тысяч эўраў на кампанію супраць перайменаваньня Македоніі. Пра гэта паведамляе Цэнтар дасьледаваньня карупцыі і арганізаванай злачыннасьці (OCCRP), а таксама выданьне BuzzFeed.

Грошы, як мяркуецца, былі пераведзеныя дзясяткам македонскіх палітыкаў, а таксама прыхільнікам радыкальных нацыяналістычных партый і футбольным хуліганам, якія ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту супраць перайменаваньня краіны.

На перайменаваньні Македоніі настойвала Грэцыя, у складзе якой ёсьць аднайменная правінцыя. Краіны не маглі прыйсьці да пагадненьня амаль 30 гадоў. Месяц таму Македонія пагадзілася з назвай Паўночная Македонія. Гэта адкрыла краіне шлях у NATO.

Расея выступае супраць пашырэньня NATO. На мінулым тыдні Грэцыя абвясьціла, што высылае з краіны двух расейскіх дыпляматаў. Яны нібыта спрабавалі сарваць зьдзелку паміж Атэнамі і Скоп’е. Масква заявіла, што «люстэркава» адкажа на высылку дыпляматаў.

Іван Савідзі — расейскі бізнэсовец грэцкага паходжаньня. У 2003-2012 гадах ён быў дэпутатам Дзяржаўнай думы Расеі ад партыі «Единая Россия». Апошнія гады Савідзі жыве ў Грэцыі. Там ён валодае футбольным клюбам ПАОК. Увесну сёлета ў матчы супраць каманды АЕК мільярдэр зь пісталетам выбег на поле, патрабуючы залічыць гол яго каманды.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG