Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін: Украіна і Грузія ў NATO створаць пагрозу Расеі


Уладзімір Пуцін
Уладзімір Пуцін

Магчымае далучэньне да NATO Ўкраіны і Грузіі «ўяўляе прамую пагрозу бясьпецы» Расеі. Пра гэта расейскі заявіў прэзыдэнт Уладзімір Пуцін. Ён даў інтэрвію амэрыканскаму тэлеканалу Fox News пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам.

У гутарцы з журналістам Крысам Уолесам расейскі лідэр таксама назваў анэксію Крыма праявай «дэмакратыі». Ён патлумачыў гэта тым, што Крэмль ў 2014 годзе правёў на паўвостраве рэфэрэндум аб яго статусе.

Акрамя гэтага, Пуцін чарговы раз адпрэчыў спробы Масквы ўмяшацца ў выбары ў ЗША ў 2016 годзе і заявіў, што ў Масквы «няма ніякага кампрамату» на Трампа.

Прэзыдэнт Расеі таксама адпрэчыў, што ў кампутарнай прэзэнтацыі ракеты «Сармат» сёлета ў сакавіку ядзерная бомба скіраваная на штат Флорыда. «Там не было напісана "Флорыда". Там было зразумела, што [ракета] ляціць на другі бок шарыка», — заявіў Пуцін.

На пытаньне аб тым, чаму гінуць многія палітычныя праціўнікі Пуціна, расейскі лідэр адказаў, што ў ЗША «шмат сваіх праблем». Пры гэтым ён прызнаў «крымінальныя праявы» у Расеі, патлумачыўшы іх тым, што краіна «знаходзіцца яшчэ ў значнай ступені ў стане свайго дзяржаўнага станаўленьня».

Дональд Трамп і Ўладзімір Пуцін у Хэльсынкі 16 ліпеня
Дональд Трамп і Ўладзімір Пуцін у Хэльсынкі 16 ліпеня

Напярэдадні прэзыдэнты Расіі і ЗША правялі сустрэчу ў Хэльсынкі. Па выніках перамоваў Пуцін і Трамп выступілі на прэсавай канфэрэнцыі. Адной з самых гучных заяў Уладзіміра Пуціна стала прызнаньне, што ён хацеў перамогі Трамп на выбарах прэзыдэнта ЗША.

Дональд Трамп, у сваю чаргу, раскрытыкаваў амэрыканскую выведку і заявіў, што давярае словам Пуціна пра тое, што Расея не ўмешвалася ў выбары ў Злучаных Штатах. Пасьля гэтага многія амэрыканскія палітыкі выступілі з крытыкай у адрас самога Трампа.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG