Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп пасьля сустрэчы з Пуціным сам-насам заявіў, што пакладзены добры пачатак

абноўлена

У сталіцы Фінляндыі Хэльсынкі адбылася сустрэча прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп сказаў пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным сам-насам, што яны з Пуціным паклалі добры пачатак перамовам. На пачатку прэс-канфэрэнцыі Трамп заявіў, што адносіны ЗША з Расеяй «ніколі не былі горшымі, чым цяпер, але гэтае становішча зьмянілася чатыры гадзіны назад».

Трамп таксама заявіў на сумеснай прэсавай канфэрэнцыі, што ён «наўпрост» зьвяртаўся да Пуціна па тэме расейскага ўмяшаньня ў прэзыдэнцкія выбары ў ЗША ў 2016 годзе і што гэтую тэму падчас сустрэчы яны абмяркоўвалі «шмат часу». Трамп, аднак, не сказаў пра вынікі абмеркаваньня. Пуцін чарговы раз адпрэчыў расейскае ўмяшаньне ў амэрыканскія выбары.


Прэс-канфэрэнцыя Трампа і Пуціна. Ужывую

Трамп назваў сустрэчу з Пуціным «добрым пачаткам, вельмі добрым пачаткам для ўсіх».

Гэтая заява была зроблена падчас абеду, у якім бралі ўдзел абодва прэзыдэнты і іх дарадцы.

Трамп такім чынам ахарактарызаваў ягоныя перамовы з Пуціным, якія ў рэжыме сам-насам плюс перакладчыкі, доўжыліся больш за дзьве гадзіны.

Раней было вядома, што Белы дом заплянаваў для гэтай сустрэчы 90 хвілін.

Пасьля абеду, Трамп і Пуцін зьявіцца на сумеснай прэсавай канфэрэнцыі ў Хэльсынкі.

Перамовы адбываліся ў палацы прэзыдэнта Фінляндыі.

У пачатку перамоваў у прысутнасьці журналістаў Пуцін сказаў, што на сустрэчы будуць абмяркоўвацца як двухбаковыя адносіны, так і міжнародны парадак дня.

Дональд Трамп павіншаваў Пуціна з пасьпяховым правядзеньнем чэмпіянату сьвету ў футболе ў Расеі. Паводле Трампа, будуць абмяркоўвацца пытаньні гандлю, ядзерная зброя, размова зойдзе таксама пра Кітай. Трамп таксама выказаў надзею, што Расеі і ЗША ўдасца наладзіць адносіны.

Пасьля фатасэсіі пачаліся перамовы Пуціна і Трампа. Было заплянаана, што спачатку прэзыдэнты сустрэнуцца сам-насам, а затым да іх далучацца члены дэлегацый. Пасьля абмеркаваньні парадку дня сустрэчы працягнуцца за сумеснымы абедам. І, нарэшце, прэзыдэнты падсумуюць вынікі перамоваў на сумеснай прэсавай канфэрэнцыі.

Саміт у Хэльсынкі ня змог пачацца своечасова. Самалёт Пуціна спазьніўся

Дачыненьні Злучаных Штатаў з Расеяй «ніколі не былі такія дрэнныя», як цяпер, і віну за гэта нясуць доўгія гады «глупства» з боку ЗША. Такое меркаваньне выказаў Дональд Трамп ў твітэры за некалькі гадзін да пачатку сустрэчы з Пуціным.

Пачатак саміту, згодна з інфармацыяй Беламу дому, быў запляянаваны на 13.20 паводле мясцовага часу, які супадае зь менскім.

Упершыню ў гісторыі такіх перамоваў лідэраў дзьвюх найбуйнейшых сусьветных ядзерных дзяржаваў няма абвешчанага парадку дня.

Чакаецца, што ў гутарцы Трампа з Пуціным будуць закранацца сытуацыя на ўсходзе Ўкраіны і становішча вакол анэксаванага Расеяй Крыму.

Акрамя таго, тэмай перамоваў могуць быць становішча ў Сырыі і праблема Ірану. Гаварылася таксама пра назапашаныя праблемы ў галіне ядзернага раззбраеньня і нераспаўсюджваньня ядзернай зброі. Трамп пацьвердзіў, што ўзьніме і пытаньне аб ўмяшаньні ў выбары.

Трамп-Пуцін: што было да іх?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG