Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзіны ў сьвеце перакладчык зь беларускай на вугорскую: Вялікая ўдача майго жыцьця, што я апынуўся ў Беларусі


Пэтэр Барас на Тыдні кнігі ў Будапэшце ў 2013 годзе.

Пэтэр Барас, 68 гадоў. Выпускнік Ленінградзкага ўнівэрсытэту (1974). Ажаніўся зь беларускай і з 1975 году жыве ў Берасьці. Паводле адукацыі матэматык. Паводле роду заняткаў перакладчык, валодае дзесяцьцю мовамі. Савецкага, а пасьля беларускага грамадзянства ня мае, быў і застаецца грамадзянінам Вугоршчыны.

Як усё пачалося

— Як вы зацікавіліся беларускай мовай?

— У Берасьці няшмат людзей, якія карыстаюцца беларускай мовай. Але ў савецкія часы было даволі шмат добрых тэлевізійных перадач, якія я зь цікавасьцю глядзеў. Ну а паколькі я цікавіўся мовамі, ведаў, напрыклад, польскую, то і зь беларускай даў рады даволі хутка.

Працуючы перакладчыкам, я ў адзін момант (2009 год) вырашыў паспрабаваць свае сілы ў мастацкім перакладзе і пераклаў з польскай мовы на вугорскую раман Сяргея Пясецкага «Каханак Вялікай Мядзьведзіцы».

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году і пад уплывам той палітычнай сытуацыі я зацікавіўся творчасьцю Ўладзімера Някляева. Мне здалося важным пазнаёміць вугорскага чытача з творчасьцю гэтага паэта і пісьменьніка.

Я ўзяўся перакладаць Някляева, яшчэ ня ўмеючы размаўляць па-беларуску. А тры гады таму вырашыў, што трэба ўсё ж авалодаць і гутарковай мовай. Зьезьдзіў у Міжнародную школу беларусістыкі, пасьля стаў хадзіць на курсы «Мова нанова» і вось вынік — магу з вамі размаўляць па-беларуску.

— Адкуль у вас веданьне польскай мовы?

— Я таксама яе ніколі не вучыў адмыслова. Проста жывучы ў Берасьці і маючы сваякоў у Вугоршчыне, шмат езьдзіў на радзіму праз Польшчу. Вось так польская мова да мяне ў «прыляпілася».

Перакладчыцкі даробак

— Вашы пераклады выходзілі ў Вугоршчыне?

— Так, вядома. У 2011 і 2012 гадах пераклады Някляева выходзілі ў розных часопісах. А ў 2013 годзе ў Вугоршчыне ў выдавецтве Ab Ovo выйшаў зборнік ягоных апавяданьняў у маім перакладзе. Сёлета ў выдавецтве Rézbong выйдзе мой пераклад Пясецкага.

Таксама мне давялося перакладаць асобныя тэксты Валянціна Акудовіча, Ігара Бабкова, Наталкі Бабінай, Аляксандра Лукашука. Гэтыя пераклады выходзілі ў вугорскіх часопісах.

Хто ідзе на зьмену

— Ці ёсьць сёньня ў Вугоршчыне яшчэ перакладчыкі зь беларускай, апрача вас?

— Не, на жаль, няма. Беларуская літаратура яшчэ ў савецкія часы прысутнічала ў Вугоршчыне, але абсалютна ўсе вугорскія пераклады рабіліся з расейскіх перакладаў.

Пасьля распаду Савецкага Саюзу зьявілася некалькі перакладаў твораў беларускай літаратуры, зробленых праз пасярэдніцва расейскай і польскай моваў.

Мая першая мэта — навучыць некалькіх вугорскіх студэнтаў, якія цікавяцца беларускай культурай, рабіць мастацкія пераклады

А менавіта зь беларускай пакуль перакладаю я адзін. Якраз сёлета ўвосень я рыхтую выданьне беларускага нумару аднаго з вугорскіх літаратурных часопісаў. Пакуль фінансаваньня няма, але праца ідзе.

Тут у мяне дзьве мэты. Адна з мэтаў — пазнаёміць вугорскага чытача з творамі беларускай літаратуры, але гэта другая мэта. А першая — навучыць некалькіх вугорскіх студэнтаў, якія цікавяцца беларускай культурай, рабіць мастацкія пераклады. Гэта значыць, я не хачу заставацца адзіным вугорскім перакладчыкам, які перакладае зь беларускай.

Ну і другое, пра што я дбаю, гэта падрыхтоўка вугорскага нумару беларускага інтэрнэт-часопісу «Прайдзісьвет».

Беларусь вачыма вугорца

— Вы даўно жывяце ў Беларусі. Нельга не спытацца ў вас, а што вы думаеце пра нашу краіну і народ. Ці ёсьць у нас нешта агульнае з вугорцамі, ці мы зусім розныя?

— Па-першае, мне вельмі падабаецца ў Беларусі. Інакш бы я тут не застаўся. Дзеці даўно вырасьлі, і я мог бы ў любы момант зьехаць, але я застаюся тут. Вядома, я тут жыву даўно, маю шмат сяброў. Але ня толькі. Мае сябры падзяляюць маё зацікаўленьне беларускай культурай, гэта больш важнае. Я сур’ёзна цікаўлюся беларускай культурай, і мая перакладчыцкая дзейнасьць — гэта вынік гэтага, а не наадварот.

для чалавека з эўрапейскімі каранямі, такога як я, з усіх постсавецкіх краін Беларусь найбольш зручная для жыцьця, бо гэта краіна эўрапейская

Па-другое, для чалавека з эўрапейскімі каранямі, такога як я, з усіх постсавецкіх краін Беларусь найбольш зручная для жыцьця, бо гэта краіна эўрапейская.

Некалі я быў перакладчыкам ў камэрцыйнай сфэры, перакладаў камэрцыйныя перамовы бізнэсмэнаў, і мне заўсёды было цяжка патлумачыць, чаму і як нешта адбываецца ў Расеі. Я нават мусіў зрабіць свой пераклад на ангельскую мову верша Цютчава «Умом Россию не понять». Зь Беларусьсю было значна прасьцей. Беларусь можна зразумець. Тут нашмат прасьцей.

Я апынуўся ў Беларусі, вядома, не таму. Я проста закахаўся і ажаніўся зь беларускай дзяўчынай з-пад Берасьця. Але гэта аказалася ўдачай майго жыцьця, што я апынуўся менавіта тут. Нават у тыя часы, калі існаваў Савецкі Саюз, Беларусь на добрую палову была зусім эўрапейскай краінай з эўрапейскай гісторыяй.

— А ў школах вугорскіх за вашым часам вучылі пра караля Стэфана Баторыя?

— Вучылі, але як польскага караля. Але нам нічога не расказвалі пра Вялікае Княства Літоўскае. Рэч Паспалітая — так, ВКЛ — не. Польскі кароль — так, Вялікі князь літоўскі — не. Пра Горадню там ніхто нічога не ведаў.

Вось чаму я цікаўлюся гісторыяй і стараюся перадаваць свае веды вугорскім студэнтам. Летась у Вугоршчыне, калі я выкладаў мастацкі пераклад, то тры лекцыі прысьвяціў Францішку Скарыну, бо гэта быў год 500-годзьдзя беларускай Бібліі.

Пра пэрспэктывы беларускай мовы

— Што вы думаеце пра пэрспэктывы беларускай мовы ў Беларусі?

— Я тут вялікі аптыміст. Вядома, пакуль людзей, якія размаўляюць па-беларуску, няшмат, але іх штораз стаецца ўсё больш і больш. Калі я, напрыклад, іду ў краму і размаўляю па-беларуску, то на мяне ўжо так ня дзівяцца, як гэта было яшчэ год таму. Пры тым, што я размаўляю з акцэнтам.

Тут важна ня тое, як улада ставіцца да беларускай мовы, але як насельніцтва адносіцца да яе. А тут якраз справы ўсё лепш і лепш.

  • 16x9 Image

    Сяргей Абламейка

    Сяргей Абламейка нарадзіўся ў Менску. Скончыў гістарычны факультэт БДУ. Працаваў сьлесарам на МАЗе, выкладаў гісторыю ў школе, быў навуковым супрацоўнікам Музэю народнай архітэктуры і побыту, пасьля Скарынаўскага цэнтру. На «Свабодзе» – зь верасьня 1990 году, з траўня 1995 году – у Празе. Пісьменьнік, гісторык, журналіст.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG