Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арыштавалі пляменьніка экс-кіраўніка Армэніі Саргсьяна. Падазраюць у замаху на забойства


Айк Саргсьян (у цэнтры) пад канвоем паліцыі

Айк Саргсьян, мяркуюць сьледчыя, наўмысна страляў у чалавека, але віну на сябе ўзяў зусім іншы, які «памірыўся» з пацярпелым. Айк і ягоны брат Нарэк Саргсьян пагражалі пацярпеламу забойствам, калі ён раскажа, што сапраўды адбылося.

Ерэванскі суд 11 чэрвеня арыштаваў на два месяцы Айка Саргсьяна — сына брата былога прэзыдэнта і былога прэм’ера Армэніі Сэржа Саргсьяна, піша «Інтэрфакс».

Айку Саргсьяну выставілі абвінавачаньне ў замаху на забойства, незаконным набыцьці і захоўваньні зброі.

Паводле матэрыялаў справы, 11 гадоў таму, 1 красавіка 2007 году, адбылася страляніна ў цэнтры Ерэвану, быў шпіталізаваны мясцовы жыхар 1984 году нараджэньня. У той жа дзень у паліцыю здаўся грамадзянін, які заявіў, што знайшоў зброю каля дома і выпадкова стрэліў у сябра. Справа была спыненая праз прымірэньне бакоў.

Але 3 чэрвеня 2018 году выкрыліся новыя абставіны, аднавілася сьледзтва. Аказалася, страляў ня той чалавек, які ў гэтым прызнаўся, а Айк Саргсьян, і стрэл быў наўмысны. Пацярпелы цяпер сьцьвярджае, што інцыдэнт адбыўся ў доме бацькі Айка, Аляксандра Саргсьяна, у пакоі для аховы, і Саргсьян быў пад узьдзеяньнем наркотыкаў. Ён сьцьвярджае, што Айк і ягоны брат Нарэк Саргсьян пагражалі яму забойствам, калі ён раскажа, што адбылося напраўду.

У доме Аляксандра Саргсьяна прайшоў ператрус, паліцыя дапытвала гаспадара дома, але вызваліла.

Тузін справаў, якія зрабіў Нікол Пашыньян за два месяцы кіраваньня

Некалькі дзён раней Камітэт дзяржаўных даходаў (КДД) пры ўрадзе Армэніі распачаў крымінальную справу адносна іншага брата былога прэзыдэнта Сэржа Саргсьяна — Лявона Саргсьяна. Яго падазраюць ва ўтойваньні сродкаў, якія падлягаюць дэкляраваньню, і ў незаконным узбагачэньні. Паводле сьледчых, Лявон Саргсьян і яго дачка Ані Саргсьян ня задэкляравалі маёмасьць у асабліва буйных памерах і не патлумачылі павелічэньне іх маёмасьці, хоць яно істотна перавысіла памер іх законных даходаў.

Некалькі дзён таму суд таксама аддаў распараджэньне арыштаваць былога міністра абароны Армэніі Мікаэла Аруцюняна, якога абвясьцілі ў вышук і абвінавачваюць у «зьвяржэньні канстытуцыйнага ладу» з прычыны разгону пратэстаў у сакавіку 2008 году.

У Армэніі ўжо некалькі тыдняў працягваецца маштабная антыкарупцыйная кампанія, прычым справы заводзяцца на паплечнікаў і сваякоў экс-прэзыдэнта Сэржа Саргсьяна. У канцы красавіка ён сышоў у ходзе рэвалюцыі. Цяперашні прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян у 2008 годзе быў чальцом перадвыбарчага штабу кандыдата ў прэзыдэнты Лявона Тэр-Пэтрасяна і адным з актыўных удзельнікаў акцыяў пратэсту. У 2010 годзе яго асудзілі на сем гадоў пазбаўленьня волі за арганізацыю масавых беспарадкаў у Ерэване. Але ў траўні 2011 году ён выйшаў на волю па амністыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG