Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забітыя паліцыянты, пратэсты «экстрэмістаў» і замах на мэра. Што адбываецца ў Азэрбайджане


Генпракуратура, МУС і Служба дзяржбясьпекі Азэрбайджану паведамілі, што двое паліцыянтаў загінулі ад нажавых ранаў падчас пратэстаў у горадзе Гянджа, другім паводле велічыні азэрбайджанскім горадзе. Гэта намесьнік начальніка Галоўнага ўпраўленьня гораду палкоўнік Ільгар Балакішаў і намесьнік начальніка раённага ўпраўленьня паліцыі палкоўнік-лейтэнант паліцыі Самэд Абасаў.

Пратэсты ў Гянджы, на якіх затрымалі некалькі дзясяткаў чалавек і сьмерць дваіх высокапастаўленых паліцыянтаў прайшлі на тле яшчэ адной падзеі: замаху на мэра Гянджы. Як заяўляюць улады, і ў замаху, і ў пратэстах, і ў сьмерці афіцэраў могуць быць замяшаныя рэлігійныя экстрэмісты і тэрарыстычная арганізацыя «ісламская дзяржава».

Але ці так гэта на самай справе? Тлумачым, што адбываецца ў другім паводле велічыні горадзе Азэрбайджану.

Пратэсты

Увечары 10 ліпеня, паводле афіцыйных дадзеных, каля 200 чалавек сабраліся насупраць гарадзкой адміністрацыі Гянджы на несанкцыянаваны пратэст, які паліцэйскія паспрабавалі разагнаць. У Генэральнай пракуратуры Азэрбайджану заявілі, што пратэстоўцамі аказаліся «члены радыкальнай рэлігійнай групоўкі», але больш падрабязнай інфармацыі не далі.

Усяго на акцыі затрымалі 40 чалавек, астатнія пасьпелі схавацца. Цяпер паліцыя спрабуе знайсьці арганізатараў і ўдзельнікаў мітынгу. У вышук ужо абвешчаныя двое падазраваных у забойстве паліцэйскіх. Праўладныя СМІ паведамляюць, што пратэстоўцы нібыта размахвалі сьцягамі «рэлігійных экстрэмістаў» і скандавалі «Алах Акбар».

Але паводле дадзеных крыніц азэрбайджанскай службы Радыё Свабода, на плошчы не гучалі пратэставыя заклікі, а сама акцыя насіла мірны характар. Больш за тое, паводле словаў крыніц, якія выступалі на пратэсьце, людзі не былі мясцовымі жыхарамі.

У сацыяльных сетках карыстальнікі з Азэрбайджану падтрымалі пратэсоўцаў. Яны заклікалі выступаць супраць паліцыі, якая разагнала мітынг, і крытыкавалі ўлады за спробу прывязаць рэлігійны экстрэмізм да падзеяў у Гянджы.

Замах на мэра і заклікі да зьвяржэньня ўлады

Праваахоўныя органы ўпэўненыя, што пратэстоўцы выйшлі з падтрымкай Юніса Сафарава, які некаторы час таму зьдзейсьніў замах на кіраўніка выканаўчай улады горада Гянджы Эльмара Вяліева (улады паведамілі пра ўзброены нападзе на Вяліева 3 ліпеня). Кіраўнік гораду і яго ахоўнік Гасым Ашбазаў атрымалі агнястрэльныя раны рознай ступені цяжкасьці.

Прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў заявіў, што возьме расьсьледаваньне замаху пад асабісты кантроль.

Паводле падазрэньня ў нападзе паліцыя затрымала 35-гадовага ўраджэнца Гянджы Юніса Сафарава. Генпракуратура распачала некалькі крымінальных спраў, а МУС паведаміў пра затрыманьне яшчэ 11 чалавек з падазрэньня ў змове з Сафаравым.

Неўзабаве, паведамілі ў МУС, яшчэ некалькі дзясяткаў чалавек выклікалі на допыты, а 14 прысудзілі да адміністрацыйнага арышту да 30 дзён. Усе яны зрабілі запісы ў сацыяльных сетках пра замах на мэра або крытыкавалі ўлады за перабоі з электрычнасьцю. Напярэдадні замаху амаль па ўсім Азэрбайджане было адключанае сьвятло з-за выбуху на электрастанцыі ў Мінгячэвіры, якая знаходзіцца за 50 км ад Гянджы.

Азербайджан без света: как это было
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:33 0:00

Таксама Генпракуратура паведаміла, што супраць некалькіх людзей і службовых асоб СМІ заведзеныя крымінальныя справы аб «закліках да тэрарызму, гвалтоўнага захопу ўлады і зьмены канстытуцыйнага ладу» ў Азэрбайджане.

Хто такі Юніс Сафараў

Паводле афіцыйных дадзеных, Сафараў мае расейскае грамадзянства, некалькі месяцаў жыў у Іране і праходзіў вайсковую падрыхтоўку ў Сырыі, але ў якасьці каго — не ўдакладняецца. У Генпракуратуры, МУС і Службе Дзяржбясьпекі заяўляюць, што затрыманы спрабаваў усталяваць у Азэрбайджане «ісламскую дзяржаву», якая кіруецца законамі шарыяту.

«Для гэтага ён павінен быў забіць некалькіх дзяржаўных чыноўнікаў з мэтай стварэньня ў рэспубліцы ажыятажу, хаосу і страху з канчатковай мэтай гвалтоўнага захопу ўлады», — гаворыцца ў сумеснай заяве.

Таму неўзабаве пасьля затрыманьня крымінальную справу супраць Сафарава перакваліфікавалі замест «замаху на забойства» на «мэтанакіраваны і заплянаваны тэрарыстычны акт».

Але паводле неафіцыйных дадзеных, Сафараў зьдзейсьніў напад на кіраўніка Гянджы з-за жаданьня адпомсьціць мэру за абразу яго цяжарнай сястры. Як распавядаюць крыніцы «Азадлыг» у рэгіёне, напярэдадні яна дамаглася сустрэчы з мэрам у асабістай праблеме, але ён выгнаў яе з прыёмнай з абразамі. Улады гэтую вэрсію адмаўляюць.

Крыніцы ў паліцыі незадоўга да пратэстаў паведамілі апазыцыйным СМІ аб меркаваных катаваньнях над Сафаравым, каб выбіць зь яго прызнаньне. Афіцыйна ўлады гэтую інфармацыю таксама адмаўляюць.

Забойства паліцэйскіх

Крыніцы «Азадлыг» паведамляюць, што забойства паліцэйскіх у Гянджы таксама можа тлумачыцца не тэрарыстычнымі дзеяньнямі або нападам пратэстоўцаў, а ўнутранай барацьбой мясцовых сілавікоў. Адзін з забітых афіцэраў быў блізкім сваяком «унутрыклянавага ворага» мэра Гянджы, а другі — карэнным гянджынцам, які не дапускаў катаваньняў у мясцовым СІЗА.

Кіраўнік Дзяржкамітэту па працы з рэлігійнымі суполкамі Мубарыза Гурбанлы пацьвердзіў, што забіты афіцэр Абасаў — родны брат афіцыйнага прадстаўніка кіраўніка Ўпраўленьня мусульман Каўказу Таіра Абасава і незадоўга да здарэньня выступіў з заклікамі не паддавацца на рэлігійныя правакацыі на адным зь мясцовых тэлеканалаў. Паводле яго, афіцэраў забілі «члены тэрарыстычных і экстрэмісцкіх груповак».

Зьнешнія ворагі, уключаючы Армэнію

Аднак улады Азэрбайджану ўяўляюць падзеі ў Гянджы ў іншым сьвятле. Як заявіў МЗС Азэрбайджану, спроба замаху на мэра і наступныя пратэсты зьвязаныя са спробамі «зьнешніх сіл», якіх не задавальняе цяперашняе разьвіцьцё краіны, дэстабілізаваць сытуацыю.

«Падзеі ў Гянджы паказалі, што разьвіцьцё Азэрбайджану, турбуе ня толькі Армэнію, але і некаторыя іншыя зьнешнія сілы», — заявіў Хікмет Гаджыеў на брыфінгу ў сераду. Але якія менавіта «вонкавыя сілы» могуць стаяць за гэтым, ён не ўдакладніў.

Таксама Служба дзяржбясьпекі Азэрбайджану ўпершыню за ўвесь час раскрыла дадзеныя аб грамадзянах, якія ваявалі ў Сырыі — паводле іх словаў, каля 1000 азэрбайджанцаў далучыліся да экстрэмісцкіх групоўкаў у Сырыі.

«Чаму гэта адбылося? Натуральна, дзякуючы рэкляме. На гэтыя працэсы паўплываў мэханізм штучнай прапаганды, якая праводзіцца ў СМІ, сайтах і сацсетках, што кантралююцца экстрэмістамі. Чаму тыя, хто далучыўся да падзеяў у Сырыі, апынуліся там? Таму што прапагандзе гэтых падзеяў надавалася вялікае значэньне, на яе было выдаткавана больш сродкаў. Натуральна, што СГБ сур’ёзна кантралюе гэтыя працэсы, і ўжывае захады для іх спыненьня. Дзякуючы гэтаму ў Азэрбайджане спыняецца рэлігійны радыкалізм», — заявіў Суад Махмудаў.

Пры гэтым улады Азэрбайджану ўжо спрабавалі перакласьці адказнасьць за пратэсты ў краіне на «рэлігійных экстрэмістаў». У 2016 годзе менавіта іх, разам з апазыцыяй, яны абвінавачвалі ў арганізацыі студзеньскіх акцыяў пратэсту ў Фізулінскім, Сіазаньскім, Ахсуйскім і Ленкаранскім раёнах, а таксама ў горадзе Агджэбэдзі. Тады на мітынгах былі затрыманыя 55 чалавек.

Протесты и стрельба. Горячий день в Азербайджане
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:55 0:00
Наўпроставы лінк

Тады ў студзені 2016 году жыхары Азэрбайджану ў асноўным выходзілі на стыхійныя мітынгі, пратэстуючы супраць росту коштаў на харчовыя тавары, беспрацоўя і праблем з выплатай заробкаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG