Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускую рэзалюцыю ўключылі ў дэклярацыю сэсіі ПА АБСЭ. Нароўні з жорсткай крытыкай Расеі


10 ліпеня падчас штогадовай сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ў Бэрліне камітэт па эканамічных пытаньнях, тэхналёгіі і навакольным асяродзьдзі скончыў разгляд рэзалюцыі афіцыйнага Менску «Прасоўваньне лічбавай эканомікі ў інтарэсах забесьпячэньня эканамічнага росту на прасторы АБСЭ».

Дэбаты па гэтым дакумэнце пачаліся яшчэ ўчора ўвечары, але былі спыненыя з прычыны позьняга часу. Сёньня камітэт завяршыў дыскусію і аднагалосна прагаласаваў за ўключэньне рэзалюцыі ў агульную Бэрлінскую рэзалюцыю летняй сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ.

Рэзалюцыя ўключае ў сябе 9 параграфаў. У іх, сярод іншага, адзначаецца, што прасоўваньне лічбавай эканомікі «найлепшым чынам будзе садзейнічаць адаптацыі краін-удзельніц да новых эканамічных рэалій», што ПА АБСЭ падтрымлівае ўсе захады, «скіраваныя на ўлік інтарэсаў кожнай з краін-удзельніц у частцы безбарʼернага доступу да масіваў дадзеных, сучасных інфармацыйных тэхналёгій і рашэньняў з мэтай скарачэньня лічбавага разрыву».

На галасаваньне паставяць тры рэзалюцыі, якія асуджаюць Расею

У праект заключнай Бэрлінскай дэклярацыі ўнесеныя тры рэзалюцыі, якія тычацца Крыму, крытыкі расейскай судовай сыстэмы і 10-й гадавіны вайсковай інтэрвэнцыі, якую разьвязала Расея супраць Грузіі.

Праект першай унесены ўкраінскай дэлегацыяй. Ён тычыцца «парушэньняў правоў чалавека і асноўных свабод» у Крыме і Севастопалі. У дакумэнце 17 патрабаваньняў, сярод якіх заклікі спыніць «выкараненьне адукацыі на ўкраінскай мове», адмяніць рашэньне аб абвяшчэньні Мэджліса крымскататарскага народу «экстрэмісцкай арганізацыяй» ды іншыя.

Аўтар другой рэзалюцыі — парлямэнтар са Швэцыі Маргарэта Сэдэрфэльт. Яна і яе швэдзкія калегі заклікаюць Расею прымаць законы, якія «скіраваныя на барацьбу са злачынствамі на глебе нянавісьці». Таксама расейцаў заклікаюць забясьпечыць справядлівы судовы разбор адпаведна з гарантыямі Эўрапейскай канвэнцыі аб правах чалавека. У дакумэнце ёсьць просьба да ўладаў Расеі вызваліць усіх, хто быў затрыманы «за мірнае ажыцьцяўленьне правоў на свабоду выказваньня меркаваньняў, свабоду сходаў».

Трэцюю рэзалюцыю ўнесла дэлегацыя Грузіі. У дакумэнце два асноўныя заклікі: мірнае вырашэньне канфлікту ў адпаведнасьці зь міжнародным правам і Хэльсынскімі прынцыпамі; поўнае выкананьне пагадненьня аб спыненьні агню ад 12 жніўня 2008 году.

Расейская дэлегацыя на чале зь віцэ-сьпікерам Дзяржаўнай думы Пятром Талстым зрабіла мноства намаганьняў, каб не дапусьціць разгляду рэзалюцый. Расейцы абвінавацілі аўтараў у тым, што яны «ня бачылі нічога на свае вочы», а «іх дадзеныя грунтуюцца на фэйкавых навінах».

Аднак камітэт Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ па дэмакратыі, правах чалавека і гуманітарных пытаньнях падтрымаў усе тры рэзалюцыі. А гэта азначае, што яны будуць уключаныя ў праект выніковай дэклярацыі Бэрлінскай сэсіі.

Штогадовая летняя сэсія Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ праходзіць з 7 па 11 ліпеня ў Бэрліне. Галасаваньне па выніковай дэклярацыі пройдзе ў апошні дзень сэсіі. Тады ж абяруць і новае кіраўніцтва арганізацыі.

Парлямэнцкая асамблея АБСЭ створана ў 1991 годзе. Цяпер у яе ўваходзяць дэпутаты 57 краін. Галоўная падзея ў дзейнасьці ПА АБСЭ — штогадовая сэсія, на якой выбіраюцца кіраўніцтва і службовыя асобы асамблеі, прымаюцца дэклярацыі і рэзалюцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG