Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«А наш прэзыдэнт ходзіць без аховы». Што іншаземцы кажуць пра Купальле на радзіме Лукашэнкі


На Купальлі ў Александрыі
На Купальлі ў Александрыі

На малой радзіме Аляксандра Лукашэнкі маштабна адзначылі Купальле. Фэст «Александрыя зьбірае сяброў» восьмы раз зладзілі непадалёк ад рэзыдэнцыі кіраўніка дзяржавы. Свабода распытала замежных гасьцей, чым іх уразіла само сьвята, Беларусь ды беларусы.

Александрыя ў чаканьні Купальля
Александрыя ў чаканьні Купальля

Купальскае сьвята наведвае сам Лукашэнка і выступае на ім з прамоваю. Прыяжджае ў Александрыю «шукаць папараць-кветку» і высокае чынавенства. Да месца правядзеньня фэсту сьцягваецца немалая колькасьць сілавікоў.

Двухдзённы фэст ладзяць на ўскрайку вёскі Александрыя, зь якой зрабілі аграгарадок з тэніснымі кортамі, гатэлем, спартовай заляй, дыхтоўнымі катэджамі і дагледжанымі вуліцамі.

Чым вядомае Купальле ў Александрыі

  • Зь дзяржаўнага бюджэту на сёлетняе сьвята патрацілі прынамсі 200 тысяч рублёў (каля 100 тысяч даляраў). Такой сумай Міністэрства культуры стымулявала ахвотнікаў арганізаваць і правесьці фэст.
    Чарга ахвотнікаў трапіць на купальскую пляцоўку
    Чарга ахвотнікаў трапіць на купальскую пляцоўку
  • Сьвята праходзіла пры ўзмоцненых захадах бясьпекі. Звонку агароджаную турнікетамі «купальскую» пляцоўку кантралявалі вайскоўцы. Унутры гаспадарылі сілавікі ў цывільным.
  • Каб пабыць на александрыйскім Купальлі, трэба было выстаяць у чарзе. Прапускалі на фэст праз мэталяшукальнікі і асабісты агляд. З прафэсійнымі фота- і відэакамэрамі дазвалялі прайсьці толькі акрэдытаваным журналістам. Ад іншых тэхніку патрабавалі здаць у камэры захоўваньня.
Абшуквалі ня толькі шараговых наведнікаў Купальля, але і чыноўнікаў. Аглядаюць намесьніка старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Андрэя Кунцэвіча
Абшуквалі ня толькі шараговых наведнікаў Купальля, але і чыноўнікаў. Аглядаюць намесьніка старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Андрэя Кунцэвіча

Паводле афіцыйных зьвестак, у імпрэзах сёлетняга фэстывалю ўзялі ўдзел музыкі і рамесьнікі з васьмі краінаў. Свабода распытала замежных гасьцей Купальля на радзіме Лукашэнкі пра тое, чым іх уразіла само сьвята, Беларусь ды беларусы.

Рамесьнік зь Літвы: «Наш прэзыдэнт ходзіць да людзей без аховы»

«Мы дужа доўга стаялі на ўваходзе», — падзяліўся першымі ўражаньнямі ад наведваньня малой радзімы кіраўніка беларускай дзяржавы рамесьнік зь Літвы Ўладзіслаў. У Беларусь ён прыехаў упершыню. На фэст Уладзіслаў прывёз свае вырабы з драўніны.

Рамесьнік зь Літвы Ўладзіслаў
Рамесьнік зь Літвы Ўладзіслаў

Захады бясьпекі на купальскім фэсьце іншаземец назваў «суровымі». Патлумачыць, чым выкліканыя такога роду засьцярогі, суразмоўца ня змог.

«Калі наша прэзыдэнтка ідзе да людзей, то ніякай аховы няма, а калі і ёсьць, то мінімальная», — адзначыў Уладзіслаў, даведаўшыся, што Аляксандра Лукашэнку чакаюць на фэсьце.

Уявіць сабе Літву з адзіным і нязьменным кіраўніком дзяржавы, якога так дбайна ахоўваюць, суразмоўца ня змог. «Відаць, беларусы дужа любяць свайго прэзыдэнта, таму і ўвесь час выбіраюць яго», — з усьмешкай заўважыў ён.

Украінцы: беларусы выглядаюць прыгнечанымі, бо «бацька» трымае іх у кулаку

Уразілі захады бясьпекі і двух украінскіх рамесьнікаў Юрыя і Канстанціна. Хлопцы пабачылі, як вадалазы абсьледавалі прылеглую да «купальскай» пляцоўкі акваторыю Дняпра. «Гэта было для нас у навінку», — заўважыў, усьміхаючыся, Канстанцін.

Гасьцям з Украіны таксама не спадабалася, што іх доўга трымалі на ўваходзе. Яны прызналіся: гэта іх нэрвавала. «Мы ж прыехалі сюды займацца справаю, а не марнаваць час стоячы ў чарзе», — адзначылі яны.

Украінцы: Юры (справа) і Канстанцін (зьлева)
Украінцы: Юры (справа) і Канстанцін (зьлева)

Юры і Канстанцін у Беларусі ўпершыню. Акрамя «чысьціні на вуліцах», украінцы заўважылі, што «тутэйшы народ выглядае прыгнечаным.

«Украінцы больш разьняволеныя, але вас, відаць, дужа моцна трымае ў кулаку „бацька“, — выказаліся яны. — Можа, такім чынам ён трымае парадак у краіне. Не дае спуску ні простым людзям, ні чыноўнікам».

Рамесьніца з Украіны: беларусы зьнішчылі сваю мову

Рамесьніца з Івана-Франкоўшчыны Люба ў Александрыю прыехала ўпершыню, але ў Беларусі дагэтуль была неаднойчы. Ейны сьвёкар з-пад Баранавічаў. Акрамя Беларусі, рамесьніца з вышытымі ўласнымі рукамі строямі паезьдзіла па Эўропе. Першыя ўражаньні ад фэсту на радзіме Лукашэнкі ў яе, як і ў папярэдніх суразмоўцаў.

Рамесьніца з Украіны Люба
Рамесьніца з Украіны Люба

«З такім прапусканьнем на пляцоўку, як тут, мы не сутыкаліся нідзе, — эмацыйна падзялілася яна. — Нам такая сытуацыя нязвыклая і супярэчыць нашаму характару. Мы доўга стаялі пад парканам у дождж, і ніхто не тлумачыў, што адбываецца».

Пра беларусаў Люба кажа, што мы «дужа гасьцінныя, вясёлыя ды шчырыя».

«Мы цешымся вашым краем, — дадала яна. — У вас дагледжаныя лясы ды дарогі. Нам падабаецца ў вас».

Разам з тым украінская рамесьніца зьвярнула ўвагу, што беларусы «зьнішчылі сваю мову, царкву і напалову — уласную волю».

Адказнасьць за адраджэньне беларускай мовы, як яна настойвае, найперш мусяць узяць самі людзі, а потым улада.

«Вам жа не забараняюць гаварыць па-беларуску ў сваёй хаце. Чаму вы ня вучыце сваіх дзяцей і ўнукаў сваёй мове, не прывучаеце да сваіх традыцыяў? — дзівілася жанчына. — Мы ж, украінцы, асабліва на захадзе, падтрымліваем свае абрады, традыцыі, мову ды песьні. І будзем трымацца ўсяго ўкраінскага, пакуль не памрэ апошні з нас».

Літоўка пра сваю мову: яна ня зьнікне, пакуль літоўцы гавораць на ёй

Літоўка Лаймуце прывезла на фэст «літоўскую выцінанку». У Беларусі рамесьніца ня першы раз. Неаднойчы ўдзельнічала ў майстар-клясах, арганізаваных яе беларускімі калегамі. Яе запрасілі ўзяць удзел і ў фэсьце ў Александрыі.

«Беларусы неверагодна добразычлівыя людзі», — кажа яна. — У мяне такое ўражаньне, што дарослы беларус шчыры, як дзіця«.

Рамесьніца зь Літвы Лаймуце
Рамесьніца зь Літвы Лаймуце

Лаймуце не згаджаецца, што беларусы «зьнішчылі» сваю мову. Суразмоўца настойвае: беларускія рамесьнікі, зь якімі яна мае стасункі, гавораць па-беларуску. Праблемаў у паразуменьні зь імі ў яе не было.

Лаймуце нарадзілася не ў Літве і мела досьвед зносін зь літоўцамі, якія не гаварылі па-літоўску, і гэта яе дзівіла. Рамесьніца перакананая: літоўская мова не памрэ, пакуль на ёй гавораць. Акрамя таго, яна зьвярнула ўвагу, што мова яе народу разумна абароненая дзяржавай, а таксама мае падтрымку сродкамі Эўрапейскага зьвязу.

2018 год, паводле рамесьніцы, праходзіць пад знакам адзначэньня 100-годзьдзя аднаўленьня дзяржаўнасьці Літвы. З гэтай нагоды ў Літве ладзіцца шмат імпрэзаў.

«Літоўцы дужа ганарацца гэтым, і гэты гонар іх аб’ядноўвае», — падсумавала суразмоўца.

Расейскі рамесьнік: без Расеі Беларусі ня выжыць

Па суседзтве зь літоўцамі разгарнулі свой намёт расейскія рамесьнікі з Арлоўскай вобласьці. Іх зьдзівілі ўбачаныя ў Беларусі «наноў узьведзеныя вёскі» ды «прыгажосьць у гарадах», і гэта, лічаць яны, заслуга ўлады і асабіста Аляксандра Лукашэнкі.

«Калі выступае, як тут кажуць, „бацька“, дык яго дужа прыемна слухаць. Ён кіраўнік суворы. Латругам не дае продыху. Сябруе з Расеяй і за гэта яго народ любіць», — адзначыў рамесьнік з Арлоўшчыны Мікалай Сяргеевіч.

Рамесьнік з Расеі Мікалай Сяргеевіч
Рамесьнік з Расеі Мікалай Сяргеевіч

Безь «сяброўства» з Расеяй, настойвае ён, Беларусь ня выжыве. Суразмоўца абураецца, як «сышла Украіна, якой зьбіраліся дапамагаць».

«У нас жа зь імі была адзіная гісторыя, а цяпер яны імкнуцца яе разарваць. Беларусы ж гэтага ня хочуць. Мы ж разам будавалі адзіную дзяржаву, якую, аднак, разбурылі», — даводзіў свой погляд расейскі рамесьнік.

Суразмоўца намагаецца вярнуць зь нябыту рамяство вырабу цацак-сьвістулек са зьніклых на яго радзіме за савецкім часам вёсак. На фэст у Александрыю ён, як і ягоныя калегі, прыехаў за ўласны кошт. Патрачаныя сродкі на паездку ў Беларусь «вярнуць» гандлем сувэніраў ім ня ўдасца. Паводле рамесьніка, на фэст у Александрыю прыехалі, каб паказаць, якімі традыцыямі і промысламі багаты іх край.

Мікалай прызнаецца: цяперашняй моладзі вырабляць сьвістулькі нецікава, бо шмат працы і прыбытку няма.

«Моладзь не разумее, што гэта традыцыі іхных продкаў. Яны асучасьнілася. Ды й чаго таіць: нашы традыцыі зьнішчаныя, а спробы адрадзіць іх не даюць пакуль асаблівага плёну», — адзначыў ён.

Афіцыйна Купальле на радзіме Лукашэнкі падаецца як «паказ разьвіцьця купальскіх традыцыяў ва ўсясьветнай прасторы і часе», а таксама дэманстрацыя нацыянальнай самабытнасьці краін-удзельніц. Цягам двух дзён праводзяцца канцэрты, кірмашы. На імпрэзы запрашаюцца прадстаўнікоў беларускай, украінскай і расейскай эстрады. Выступаюць і самадзейныя музычныя калектывы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG