Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці праціўнікі акумулятарнага заводу зладзілі флэшмоб у судзе


Падчас мітынгу супраць акумулятарнага заводу. Ілюстрацыйнае фота

Людзі, якія прыйшлі ў суд Ленінскага раёну Берасьця, дзе пачаўся суд над праціўнікамі будаўніцтва акумулятарнага заводу Дзьмітрыем Бекалюком і Алегам Ярмоленкам, зладзілі флэшмоб з старадаўняй карцінай, дзе зь няправеднага судзьдзі здымаюць скуру​, паведамляе «Брестская газета».

У судзе Ленінскага раёну Берасьця пачаўся разгляд адміністрацыйных спраў супраць праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага заводу берасьцейца Дзьмітрыя Бекалюка і жыхара вёскі Тэльмы Берасьцейскага раёну Алега Ярмоленкі. Іх вінавацяць у правядзеньні несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Такім мерапрыемствам палічылі зьбіраньне подпісаў ля гандлёвых цэнтраў за адстаўку кіраўнікоў мясцовай вэртыкалі.

У Адміністрацыю прэзыдэнта накіравалі больш за 2,5 тысяч подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця

Дзьмітры Бекалюк
Дзьмітры Бекалюк

Дзьмітры Бекалюк хадайнічаў, каб у якасьці сьведак у суд выклікалі міліцыянтаў, якія вялі відэаздымкі затрыманьня, а таксама каб суд прагледзеў зробленыя імі відэазапісы. Аднак судзьдзя Сьвятаслаў Каліна гэтыя хадайніцтвы не задаволіў.

Пасьля судовага пасяджэньня прысутныя зладзілі флэшмоб. Яны разгарнулі плякаты з рэпрадукцыяй карціны нідэрляндзкага мастака Герарда Давіда «Суд Камбіса». Карціна нагадвала служкам Фэміды, што судзіць трэба справядліва.

Фатаздымкі з флэшмобу разышліся па сацсетках.

Таксама прысутныя склалі скаргі на імя старшыні суду з просьбай правесьці праверку дзеяньняў судзьдзі Каліны.

Разгляд спраў з удзелам адвакатаў працягнецца 11 ліпеня.

iPower хоча спагнаць з праціўнікаў акумулятарнага заводу 1200 даляраў на адвакатаў

У Берасьці забаранілі мітынг супраць будоўлі акумулятарнага заводу

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трываюць ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі. Штонядзелі пратэстоўцы выходзяць на цэнтральную плошчу ў Берасьці.​

Будаваць акумулятарны завод пад Берасьцем у канцы 2017 году пачала кампанія «АйПаўэр» Віктара Лемяшэўскага. Падрадчыкам выступае Аньхойская замежнаэканамічная будаўнічая карпарацыя (Кітай).

Завод будуецца каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназуе, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.

27 сакавіка суд Маскоўскага раёну Берасьця адмовіў грамадзянам і грамадзкаму аб’яднаньню «Экадом» у задавальненьні пазову супраць ТАА «АйПаўэр» і Берасьцейскага аблвыканкаму.

Пазоўнікі прасілі спыніць будаўніцтва акумулятарнага заводу, пакуль ня будзе праведзена паўторнае грамадзкае абмеркаваньне актуальнай справаздачы па ацэнцы яго ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе.

Лекарку зь Берасьця звольнілі пасьля мітынгу супраць акумулятарнага заводу

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG