Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША актывістка залезла на Статую Свабоды на знак пратэсту супраць палітыкі Трампа

Статуя Свабоды ў Нью-Ёрку
Статуя Свабоды ў Нью-Ёрку

Падчас сьвяткаваньня Дня Незалежнасьці ў Нью-Ёрку група актывістаў забралася на п’едэстал Статуі Свабоды ў нью-ёркскай бухце з плякатамі, на якіх было напісана «Расфармуйце ICE» (так скарочана завецца ў Амэрыцы Іміграцыйная і мытная паліцыя — Immigration and Customs Enforcement), паведамляе «Голас Амэрыкі».

Служба бясьпекі комплексу правяла тэрміновую эвакуацыю вострава Свабоды, на якім разьмяшчаецца статуя, і вывела зь яго ўсіх шматлікіх наведнікаў. Тым часам супрацоўнікі паліцыі арыштавалі сямёх удзельнікаў акцыі.

Восьмая ўдзельніца — чарнаскурая жанчына невядомага ўзросту — забралася на самы верх пастамэнту, да падножжа статуі на вышыні прыкладна 15 паверхаў. Супрацоўнікі паліцыі каля чатырох гадзін беспасьпяхова вялі перамовы з жанчынай, але ў выніку забраліся на пастамэнт і затрымалі яе.

Камэнтатары ўжо назвалі інцыдэнт добра сплянаванай акцыяй. Месца яе зьяўляецца сымбалічным. 4 ліпеня статую Свабоды звычайна наведвае павышаная колькасьць турыстаў, яна фігуруе ў навінавых зводках СМІ, і для дэманстрантаў гэта была добрая магчымасьць прыцягнуць увагу публікі да праблемаў нелегальных імігрантаў.

Паводле апошніх паведамленьняў, паліцыя вызначае, хто быў арганізатарам пратэсту і ці не плянуецца правесьці падобныя акцыі дзе-небудзь яшчэ. Акрамя гэтага, існуе рызыка таго, што нешта падобнае могуць зладзіць іншыя групы, незадаволеныя іміграцыйнай палітыкай Белага дома.

Больш за 2300 дзяцей мігрантаў былі разлучаныя са сваімі бацькамі з пачатку траўня, калі Адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа пачала праводзіць палітыку «нулявой цярпімасьці», спрабуючы прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці ўсіх дарослых, якія незаконна перасякаюць мяжу, у тым ліку тых, якія падарожнічаюць з дзецьмі.

20 чэрвеня Дональд Трамп падпісаў распараджэньне перастаць раздзяляць дзяцей нелегальных мігрантаў з бацькамі на мяжы. Згодна з дакумэнтам, бацькоў і іх дзяцей, якія нелегальна перайшлі мяжу з ЗША, пасьля затрыманьня будуць разьмяшчаць разам. Аднак прэзыдэнт ЗША лічыць, што нелегальных мігрантаў неабходна дэпартаваць з краіны без судовых разглядаў.

На 24 чэрвеня ўлады ЗША вярнулі больш за 500 дзяцей іхным бацькам-мігрантам, зь якімі яны былі разлучаныя праз палітыку «нулявой талерантнасьці».

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG