Камітэт абароны журналістаў з штаб-кватэрай у Нью-Ёрку асудзіў ухвалены камітэтам Дзяржаўнай думы Расеі законапраект, які прадугледжвае пашырэньне статусу СМІ-«замежнага агента» на фізычных асоб.
У заяве праваабаронцаў паведамляцца, што гаворка ідзе аб працягу «сыстэматычнай палітыкі» расейскіх уладаў, скіраванай на абмежаваньне свабоднага пашырэньня інфармацыі. Камітэт абароны журналістаў заклікаў расейскія ўлады «зьмяніць курс».
Напярэдадні камітэт Дзярждумы па інфармацыйнай палітыцы, інфармацыйных тэхналёгіях і сувязі ўхваліў законапраект, які дазволіць прызнаваць «замежнымі агентамі» фізычныя асобы. У дакумэнце гаворыцца, што пад яго дзеяньне падпадуць людзі, якія пашыраюць матэрыялы сродкаў масавай інфармацыі, унесеных у сьпіс «замежных агентаў», або ўдзельнічаюць у іх стварэньні і пры гэтым атрымліваюць фінансаваньне з-за мяжы.
Адзін з аўтараў праекту папраўкі Леанід Левін заявіў, што ў абноўленым законе выключаюцца «асьцярогі, што любы блогер, проста перадрукоўваючы інфармацыю СМІ-замежнага агента, можа пацярпець». Няясна, аднак, ці падпадаюць пад яго дзеяньне, напрыклад, карэспандэнты замежных СМІ, якія працуюць у Расеі.
Закон, які дазваляе расейскім уладам абвяшчаць сродкі масавай інфармацыі, якія атрымліваюць фінансаваньне з-за мяжы, «замежнымі агентамі», быў прыняты ў канцы лістапада. Ён пашырае на сродкі масавай інфармацыі ўведзеную раней практыку прызнаньня «замежнымі агентамі» няўрадавых арганізацый. Міністэрства юстыцыі ўнесла у сьпіс «СМІ-замежных агентаў», у прыватнасьці, «Голас Амэрыкі», «Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа», «Настоящее время».