Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінца Паўла Грыба жорстка зьбілі расейскія сукамэрнікі, — бацька


Павул Грыб

Вывезенага зь Беларусі ў расейскую турму ўкраінца Паўла Грыба жорстка зьбілі расейскія зьняволеныя, паведамляе яго бацька Ігар Грыб у Facebook.

«Дзьве гадзіны таму адвакат Марына Дубровіна прабілася ў СІЗА-4 на спатканьне да Паўла. Ён паведаміў, што падчас этапаваньня ў Растоў-на-Доне быў жорстка зьбіты іншымі расейскімі зьняволенымі, калі тыя даведаліся, паводле якога артыкулу Паша абвінавачваецца. Яны забралі ўсе рэчы і прадукты харчаваньня, якія напярэдадні перадалі ўкраінскія консулы. Ён застаўся ў шортах і майцы», — піша Ігар Грыб.

Ён дадае, што яго сын ня мае ні сродкаў гігіены, ні зьменнай бялізны.

«Па словах Паўла, такое стаўленьне з боку іншых зьняволеных будзе і ў далейшым. Адзін моцны ўдар у вобласьць жывата можа прывесьці да разрыву варотнай вены, як сьледзтва — унутраны крывацёк і сьмерць. Ніхто ня зможа аказаць кваліфікаваную мэдычную дапамогу. Павел пастаянна цярпіць на моцны галаўны боль, слабасьць. Адсутнасьць лекаў толькі пагаршае і без таго жудасны стан здароўя», — заяўляе Ігар Грыб.

3 ліпеня Паўночна-Каўкаскі акруговы вайсковы суд пакінуў украінца пад вартай да 20 сьнежня і прызначыў папярэднія слуханьні ягонай справы на 9 ліпеня.

1 ліпеня Павел Грыб сустрэў у сьледчым ізалятары свой 20-ы дзень нараджэньня.

Павел Грыб зьнік у жніўні 2017 году ў беларускім Гомлі, пазьней яго знайшлі ў СІЗА ў расейскім Краснадары. Яму інкрымінуюць злачынства паводле артыкулу аб тэрарызьме.

Адвакат Паўла Грыба ва Ўкраіне Яўгенія Закрэўская паведаміла, што Эўрапейскі суд у правах чалавека патрабуе ад Расеі доступу ўкраінскіх лекараў да хлопца, каб ацаніць стан яго здароўя. Паводле бацькоў, Павел Грыб як інвалід павінен пастаянна прымаць мэдычныя прэпараты.

Па словах сваякоў, у Паўла Грыба партальная гіпэртэнзія — сындром павышанага ціску ў сыстэме варотнай вэны, які суправаджаецца павелічэньнем селязёнкі, варыкозным пашырэньнем вэнаў страваводу і страўніка, асцытам, пячонкавай недастатковасьцю.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG