Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Новы прэзыдэнт Мэксыкі можа стаць сумесьсю Чавэса і Трампа»


Новы прэзыдэнт Мэксыкі Андэрс Мануэль Лёпэс Абрадор
Новы прэзыдэнт Мэксыкі Андэрс Мануэль Лёпэс Абрадор

На выбарах у Мэксыцы перамог кандыдат у прэзыдэнты ад левай кааліцыі, былы мэр Мэхіка, 64-гадовы Андрэс Мануэль Лёпэс Абрадор. Яго падтрымалі 53% выбарнікаў.

Абяцае расправіцца з карупцыяй

Сусьветныя агенцтвы адзначаюць, што Абрадор стаў першым левым прэзыдэнтам Мэксыкі за ўвесь пэрыяд найноўшай гісторыі краіны. Інстытуцыйна-рэвалюцыйная партыя, якая знаходзілася ва ўладзе, і яе прадстаўнік, дзейны прэзыдэнт Мэксыкі Энрыке Пэньня Ньета, пацярпелі паразу.

Андрэс Мануэль Лёпэс Абрадор паабяцаў расправіцца з карупцыяй, «выціснуць мафію з улады», наладзіць адносіны з ЗША і перамагчы наркагандаль. Новы прэзыдэнт абяцае выкараніць беднасьць, якая, паводле яго слоў, падсілкоўвае акты гвалту.

Абяцае «паставіць на месца» Трампа

Новы прэзыдэнт паспрабуе выканаць і іншае перадвыбарчае абяцаньне — «паставіць на месца» прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, які прыгразіў разарваць пагадненьне аб свабодным гандлі з Мэксыкай з-за праблем з міграцыяй з Паўднёвай Амэрыкі. Лёпэс Абрадор ужо заявіў, што імкнецца да сяброўства і супрацоўніцтва з ЗША. Дональд Трамп адным з першых павіншаваў новага прэзыдэнта Мэксыкі з выбраньнем, выказаўшы надзею на ўзаемнае супрацоўніцтва.

Экзыт-полы таксама прагназуюць недвухсэнсоўную перамогу саюзьнікаў кіраванага Лёпэсам Абрадорам партыі «Рух нацыянальнага адраджэньня» на выбарах губэрнатараў у чатырох з васьмі штатаў, дзе яны праводзіліся, а таксама на выбарах кіраўніка ўраду сталіцы.

Асьцярогі ў Мэксыцы

Кандыдатура Лёпэса Абрадора занепакоіла многіх людзей, якія перасьцерагаюцца, што ён можа адкінуць краіну на некалькі дзесяцігодзьдзяў назад і прывесьці яе да катастрофы сваёй эканамічнай палітыкай.

Крытыкі Абрадора кажуць, што ён можа стаць сумесьсю Чавэса (былога прэзыдэнта Вэнэсуэлы) і Трампа. Сам кандыдат называў сваіх крытыкаў буржуямі і прадажнай абслугай мафіі ва ўладзе.

Нядзельныя выбары прадстаўнікоў усіх узроўняў улады сталі найбуйнейшымі ў Мэксыцы і разглядаюцца як рэфэрэндум па барацьбе з карупцыяй і хабарніцтвам.

Многія ўбачылі ў гэтым выбарах найлепшую з спробаў Лёпэса Абрадора перамагчы ў барацьбе за пасаду прэзыдэнта пасьля 12 гадоў амаль бесперапыннай кампаніі. На гэты раз яго выступы, накіраваныя супраць кіроўных элітаў, знайшлі ўдзячных слухачоў на фоне масавага расчараваньня палітыкамі.

«Кіраваньне карумпаванага рэжыму падыходзіць да канца, — заявіў Лёпэс Абрадор на сваім апошнім перадвыбарчым мерапрыемстве ў сераду. — Мы прадстаўляем сучаснасьць, якая зьявілася зьнізу».

  • Лёпэс Абрадор дагэтуль двойчы ўдзельнічаў у выбарах прэзыдэнта і тлумачыў сваю паразу парушэньнямі. У 2006 годзе ён прайграў кансэрватару Фэліпэ Кальдэрону, адстаўшы ад яго толькі на 0,56%. Пасьля гэтага яго прыхільнікі ладзілі ў Мэхіка шматмесячныя пратэсты, а ён сам называў сябе «законным прэзыдэнтам».
  • У суботу Партыя дэмакратычнай рэвалюцыі паведаміла, што чатыры яе чальца былі забітыя ў штаце Мэхіка, калі яны паспрабавалі перашкодзіць раздачы тавараў выбаршчыкам прадстаўнікамі кіроўнай партыі.
  • Цяперашняя выбарчая кампанія ў Мэксыцы суправаджалася кровапралітнымі злачынствамі — былі забітыя 145 палітыкаў. Нават у дзень выбараў былі застрэленыя два актывісты — прадстаўнік Інстытуцыйна-рэвалюцыйнай партыі (у штаце Пуэблё) і прадстаўнік Працоўнай партыі (у штаце Мічыакан).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG