Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея працуе над стварэньнем «альтэрнатыўнага інтэрнэту»


Расейскія ўлады актывізавалі працу над стварэньнем «альтэрнатыўнага інтэрнэту» паведамляе «Коммерсант» са спасылкай на свае крыніцы.

Выданьне нагадвае, што ў лістападзе леташняга году Рада бясьпекі РФ даручыла Міністэрству сувязі і МЗС заняцца стварэньнем уласнай сыстэмы каранёвых сэрвэраў DNS. Тады ідэя была раскрытыкаваная як занадта дарагая. Нягледзячы на гэта, праца над сыстэмай працягваецца, пры гэтым расейскія ўлады сталі актыўна ўзаемадзейнічаць з Кітаем.

Паводле дадзеных газэты, Маскву зацікавілі ідэі галоўнага інжынэра Цэнтру кіраваньня інфармацыйнай бясьпекі Кітаю Фан Біньсіна. Ён зьяўляецца стваральнікам сыстэмы «Залаты шчыт», дзякуючы якой кітайскія ўлады кантралююць інтэрнэт у сваёй краіне.

На травень 2018 году сыстэма заблякавала 8 тысячаў сайтаў, сацыяльных сетак і СМІ, празь якія, на думку кітайскіх уладаў, распаўсюджваўся «непажаданы» кантэнт. Сярод іх — YouTube, Twitter, Instagram і амэрыканскі тэлеканал HBO. Апошні быў заблякаваны пасьля таго, як вядучы гумарыстычнага шоў параўнаў старшыню КНР Сі Цзіньпіна зь Віні-Пухам.

Акрамя гэтага, паводле інфармацыі «Коммерсанта» на верасьнёўскай сэсіі генэральнай асамблеі ААН Расея прапануе рэзалюцыю па інтэрнэт-бясьпецы. У адным з пунктаў дакумэнта сказана, што «правы, якія чалавек мае ў афлайнавым асяродзьдзі, могуць быць абмежаваныя ў мэтах аховы дзяржбясьпекі, грамадзкага парадку, здароўя ці маралі насельніцтва».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG