Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кангрэс ЗША ўнесьлі законапраект, каб Пуэрта-Рыка стала 51-м штатам

Будынак Кангрэсу ЗША ў Вашынгтоне.
Будынак Кангрэсу ЗША ў Вашынгтоне.

Законапраект унесьлі 20 кангрэсмэнаў-рэспубліканцаў і 14 дэмакратаў. Калі прапанова будзе ўхваленая, то працэдуру па ўваходжаньні выспы ў ЗША плянуецца завяршыць да 2021 году.

Пуэрта-Рыка з 1898 году, пасьля перамогі ЗША ў вайне з Гішпаніяй, мае асаблівы праўны статус «неінкарпараванай арганізаванай тэрыторыі». Пуэртарыканцы зьяўляюцца грамадзянамі ЗША, аднак ня могуць галасаваць на прэзыдэнцкіх выбарах і не маюць свайго прадстаўніка ў Кангрэсе з поўным правам голасу.

Прадстаўніца вострава ў Кангрэсе Джэніфэр Гансалес Калён, якая ня мае права голасу, таксама была адным зь ініцыятараў законапраекту.

Горача выступіў у падтрымку далучэньня вострава да ЗША і яго губэрнатар Рыкарда Расэлі.

«Мы змагаемся за поўную роўнасьць, вельмі важна, каб з нашым пакаленьнем скончыліся каляніяльныя адносіны». «Спадары кангрэсоўцы, ці вы з намі ці вы супраць народу Пўэрта-Рыка» — заявіў ён на прэсавай канфэрэнцыі ў Кангрэсе.

Насельніцтва востраву было падзеленае па пытаньні дзяржаўнасьці на працягу многіх дзесяцігодзьдзяў. На рэфэрэндуме летам 2017 году 97% удзельнікаў выказаліся за ўваходжаньне ў склад ЗША ў якасьці штату, пры гэтым 1,5% выказаліся за незалежнасьць вострава і 1,3% наагул не захацелі мяняць яго статус. Аднак удзел у рэфэрэндуме ўзялі толькі 23% жыхароў выспы. Такая нізкая актыўнасьць была выкліканая заклікамі байкатаваць рэфэрэндум з боку апазыцыйных партыяў, які яны называлі «неістотнай падзеяй», «цыркам» і «маскарадам».

Аднак рэфэрэндум у любым выпадку меў рэкамэндацыйны характар. Рашэньне павінен прымаць Кангрэс ЗША.

Апошнія гады Пуэрта-Рыка перажывае сур'ёзныя эканамічныя праблемы, дзяржаўны доўг вострава складае 730 мільярдаў даляраў.

Новыя штаты ў ЗША апошнім разам зьяўляліся ў 1959 годзе: гэта былі Аляска і Гаваі.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG