Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька патлумачыў, чаму зноў будзе балятавацца на старшыню АГП


Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька

Сваё рашэньне балятавацца чарговым разам на пасаду старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька патлумачыў «адказнасьцю за партыю».

Гэтыя словы прагучалі падчас запісу тэледэбатаў кандыдатаў на пасаду партыйнага кіраўніка. Адказваючы на пытаньне вядоўцы Паўла Мажэйкі, які заўважыў, што Лябедзька старшынюе ў АГП ужо 18 гадоў запар, партыйны лідэр заявіў, што «ключавое слова тут — адказнасьць».

«Гэта вельмі важная якасьць палітыка. У 28 гадоў мяне абралі, падкрэсьліваю, не прызначылі, а абралі, дэпутатам Вярхоўнага Савету. Ужо 18 гадоў як я на перадавой у АГП», — сказаў ён.

На пытаньне Свабоды, ці азначае ўдзел у дэбатах удзел і ў выбарах старшыні партыі, Анатоль Лябедзька адказаў станоўча і дадаў: «Працэс ідзе. Чым ён завершыцца, дазнаемся 8 ліпеня».

Менавіта на гэты дзень прызначаны справаздачна-выбарны партыйны зьезд. Акрамя Лябедзькі, пра сваё жаданьне балятавацца на партыйнага старшыню заявілі Мікалай Казлоў, Ганна Канапацкая і Васіль Палякоў.

Паведамленьне пра ўдзел Лябедзькі ў партыйных выбарах зьявілася на афіцыйным сайце АГП 26 чэрвеня. Раней ён ня раз заяўляў, што ня будзе балятавацца на пасаду кіраўніка партыі.

У статуце АГП няма абмежаваньняў на тое, колькі тэрмінаў кіраваць партыяй можа адна і тая ж асоба.

Хто заменіць Лябедзьку на чале АГП? Тры прэтэндэнты пра перамены ў партыі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG