Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэдэральны судзьдзя ЗША запатрабаваў ад ураду перастаць падзяляць семʼі


Дзеці мігрантаў на мяжы ЗША, 22 чэрвеня 2018

Фэдэральны судзьдзя Дана Сабраў пастанавіў, што іміграцыйныя агенты ЗША больш не могуць адбіраць дзяцей у бацькоў-імігрантаў пры незаконным перасячэньні мяжы з Мэксыкай, і запатрабаваў узьяднаць тыя семʼі, якія былі падзеленыя.

Акруговы судзьдзя Дана Сабраў задаволіў хадайніцтва Амэрыканскага зьвязу грамадзянскіх свабодаў аб увядзеньні часовай судовай забароны ў справе аб падзеле семʼяў.

Больш за 2300 дзяцей мігрантаў былі разлучаныя са сваімі бацькамі з пачатку траўня, калі адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа пачала праводзіць палітыку «нулявой цярпімасьці», спрабуючы прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці ўсіх дарослых, якія незаконна перасякаюць мяжу, у тым ліку тых, якія падарожнічаюць з дзецьмі.

«Факты, выкладзеныя ў судзе, паказваюць рэактыўны стыль кіраваньня — рэагаваньне на хаатычную сытуацыю, якую ўрад сам жа і стварыў» — пазначыў Сабраў у сваім рашэньні.

«Гэтыя факты супярэчаць узважанаму і ўпарадкаванаму кіраваньню, якое мае цэнтральнае значэньне ў канцэпцыі належнага судаводзтва, замацаванай у нашай Канстытуцыі» — дадаў ён.

У адпаведнасьці з рашэньнем Сабраў, урад павінен абʼяднаць бацькоў з дзецьмі малодшымі за 5 гадоў на працягу 14 дзён, а з дзецьмі ва ўзросьце ад 5 гадоў — на працягу 30 дзён.

Паводле рашэньня суду ўводзіцца таксама забарона на сэпарацыю чальцоў адной сям'і, затрыманых пры незаконным перасячэньні дзяржаўнай мяжы ЗША, за выключэннем тых выпадкаў, калі бацькі ня могуць ці ня хочуць заставацца разам зь дзіцём.

Адміністрацыя можа абскардзіць рашэньне суду.

20 чэрвеня прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў распараджэньне аб спыненьні падзелу дзяцей нелегальных мігрантаў з бацькамі на мяжы. Згодна з дакумэнтам, бацькоў і іх дзяцей, якія нелегальна перайшлі мяжу з ЗША, пасьля затрыманьня будуць разьмяшчаць разам.

На 24 чэрвеня ўлады ЗША вярнулі больш за 500 дзяцей іх бацькам-мігрантам, з якімі яны былі разлучаныя праз палітыку «нулявой талерантнасьці».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG