Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржаўная лятарэя: каму пашанцуе з крызісным пакоем


Мінулай ноччу кіраўніцы грамадзкага аб’яднаньня «Радзіслава» Вользе Гарбуновай пазваніў міліцыянт і сказаў наступнае: «Вітаю, я супрацоўнік РАУС, прывёз жанчыну ў крызісны пакой, дзьверы зачынены. На гарачай лініі далі ваш нумар». І паехала Вольга засяляць у сховішча «Радзіславы» жанчыну, якая не змагла атрымаць дапамогу ў дзяржаўным крызісным пакоі.

Ланцужок дзяржаўнай дапамогі так разрываецца ня першы раз.

Самае сумнае ў гэтай гісторыі — бадай, тое, што ланцужок дзяржаўнай дапамогі так разрываецца ня першы раз. І разрываецца не таму, што дзяржаўныя ўстановы не спраўляюцца з наплывам ахвяраў хатняга гвалту, а таму, што адказныя за працу ў гэтай сфэры людзі аказваюцца безадказнымі.

Паводле Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, на 1 студзеня 2018 году ў Беларусі было 132 крызісныя пакоі. Калі чалавек, які аказаўся ў сытуацыі хатняга гвалту, зьвяртаецца ў міліцыю, праваахоўнікі мусяць ня проста прыняць заяву, але і распавесьці пра крызісны пакой, у які можна часова засяліцца. І, пры неабходнасьці, засяліць пацярпелую (як правіла, па дапамогу зьвяртаюцца акурат жанчыны) у гэты пакой. Там жанчына атрымлівае магчымасьць адпачыць і атрымаць патрэбныя псыхалягічныя і юрыдычныя кансультацыі.

У рэальнасьці гэты ланцужок правільных дзеяньняў і рэакцый можа разарвацца ў любы момант, бо на сыстэмным узроўні праца ўсё яшчэ не адладжаная.

Першы такі сталічны пакой прастаяў пустым 10 месяцаў, бо пра яго проста ніхто не ведаў.

Вельмі паказальным быў калісьці самы пачатак працы крызісных пакояў у Менску. Першы такі сталічны пакой прастаяў пустым 10 месяцаў, бо пра яго проста ніхто не ведаў. Пакуль у той жа «Радзіславе» не хапала месцаў для ўсіх жадаючых, пакуль пацярпелыя зьвярталіся ў міліцыю і званілі на гарачыя лініі, пра гэты пакой не было ніякай інфармацыі.

Тацьцяна Радзевіч, дырэктарка тэрытарыяльнага цэнтру абароны насельніцтва, апраўдвала тую сытуацыю высокай занятасьцю адпаведных спэцыялістак і спэцыялістаў: «Вы зразумейце, крызісны пакой — гэта адно са ста пытаньняў, якія мы вырашаем. Вядома ж, калі быў бы вялікі наплыў, стварылі б асобнае ўпраўленьне.»

У выніку пацярпелыя ад хатняга гвалту не атрымлівалі рэальнай дапамогі.

Гэта вечнае «вас шмат, а я адна», але гаворка тут ня проста пра няякасны сэрвіс, а пра безадказнае стаўленьне да ўласных абавязкаў, у выніку якога пацярпелыя ад хатняга гвалту не атрымлівалі рэальнай дапамогі.

Тая гісторыя была ўвогуле трагікамічная, бо, як высьветлілася, міліцыянты, што працавалі ў апорным пункце, у які можна было трапіць з крызіснага пакою ў сытуацыі небясьпекі, увогуле нічога ня ведалі пра такое суседзтва. Хочацца верыць, што цяпер да такога ўжо не даходзіць, але назваць сыстэму адладжанай усё адно нельга.

Дадае праблем і бюракратызацыя засяленьня. Па-першае, пацярпелыя павінны мець з сабой дакумэнты, па-другое — даведку пра стан здароўя. Чым трэба займацца жанчыне, якая ўцякае ад мужа, які рэгулярна яе зьбівае? Вядома ж ісьці ў паліклініку і рабіць флюараграфію! У рэальнасьці ахвяры хатняга гвалту часам зьбягаюць сярод ночы літаральна ў халаце і хатніх тапках, але дзяржаўныя службоўцы, якія працуюць з крызіснымі пакоямі, гэты факт часам проста ігнаруюць. Санітарныя нормы ў нас важнейшыя за ўсё! Дзеля справядлівасьці: дырэктарка цэнтра сацабслугоўваньня сям’і і дзяцей Кацярына Мальцава кажа, што атрымаць даведку можна ўжо пасьля засяленьня ў крызісны пакой.

За 1-2 тыдні такія праблемы звычайна не вырашаюцца.

Яшчэ адна праблема дзяржаўных пакояў — як правіла, жанчына ня можа быць там дастаткова доўга, каб пасьпець неяк стабілізаваць сваё жыцьцё. За 1-2 тыдні такія праблемы звычайна не вырашаюцца. Напрыклад, у крызісным пакоі Менскага раёну можна бесьперарыўна жыць не больш за 10 дзён. Праўда, ёсць прыпіска, што пры неабходнасьці гэты тэрмін можна працягнуць. Але як у сытуацыі хатняга гвалту можна казаць пра выйсьце з крызісу за 10 дзён? Адкуль увогуле ўзялася гэтая лічба? За 10 дзён жанчына ў найлепшым выпадку зможа пачаць нармальна спаць.

І пакуль фармальна ў краіне ідзе актыўная сыстэмная барацьба з агрэсарамі, а чынавенства васямнаццаты год спрабуе прыняць закон па супрацьдзеяньні хатняму гвалту, на практыцы крызісныя пакоі працуюць паводле прынцыпу лятарэі. Камусьці абавязкова пашанцуе. А іншым... ня гэтым разам.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG