Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Грузіі апублікаваны сьпіс грамадзян Расеі, якія падазраюцца ў злачынствах на акупаваных тэрыторыях


Мамука Бахтадзэ
Мамука Бахтадзэ

Новы прэмʼер-міністар Грузіі Мамука Бахтадзэ заявіў на першым жа брыфінгу для журналістаў, што ўрад склаў сьпіс асобаў, якія ўчынілі злачынствы супраць грузінскіх грамадзян на акупаваных тэрыторыях — Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі.

У сьпіс унесеныя супрацоўнікі адміністрацыяў і сілавых ведамстваў непрызнаных рэспублік, абвінавачаныя ў забойствах і катаваньнях грузінаў. Супраць іх распачатыя крымінальныя справы.

Сьпіс, аб распрацоўцы якога на брыфінгу паведаміў прэмʼер-міністар, названы ў імя Гігі Атхазорыя, забітага абхаскім памежнікам на мяжы з Абхазіяй 19 траўня 2016 году, і Арчыла Татунашвілі, забітага 22 лютага 2018 году ў сьледчым ізалятары Паўднёвай Асэтыі.

Усяго ў сьпісе 33 службовыя асобы і супрацоўнікі сілавых структур, якія маюць дачыненьне да гэтых і іншых злачынстваў супраць грузінскіх грамадзян. У асноўным гэта жыхары Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Практычна ўсе яны — грамадзяне Расеі. Аднак у сьпісе няма расейскіх службовых асоб і вышэйшых кіраўнікоў непрызнаных рэспублік.

Грузінскія ўлады неаднаразова ўскладалі адказнасьць за ўсе злачынствы менавіта на Расею і яе «акупацыйныя войскі», якія «ажыцьцяўляюць эфэктыўны кантроль на тэрыторыі Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі».

Прэмʼер-міністар Бахтадзэ паведаміў, што «Сьпіс Атхазорыя — Татунашвілі» неўзабаве будзе пашыраны. Дакумэнт накіруюць у Інтэрпол і ва ўсе дзяржавы, зь кім Грузія падтрымлівае дыпляматычныя адносіны, з патрабаваньнем неадкладнага арышту і экстрадыцыі фігурантаў сьпісу, калі яны зьявяцца ў гэтых краінах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG