Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Каліноўскі павінен быць пахаваны ў Беларусі


У сацыяльных сетках зьявілася інфармацыя пра тое, што ў Вільні сярод адшуканых пахаваньняў паўстанцаў 1863 году былі ідэнтыфікаваныя парэшткі Кастуся Каліноўскага. Выніковага пацьверджаньня пакуль няма.

Але калі інфармацыя ўсё ж выявіцца праўдай, гэта будзе калясальная сэнсацыя і знаходка стагодзьдзя. І дзейнічаць, зважаючы на гэта, беларускае грамадзтва й беларуская дзяржава павінны ўжо зараз. Неабходна прыцягваць да гэтай тэмы ўвагу беларускай амбасады ў Вільні, беларускіх МЗС і Міністэрства культуры.

Пахаваньні паўстанцаў 1863 году, адшуканыя ў Вільні
Пахаваньні паўстанцаў 1863 году, адшуканыя ў Вільні

Для Беларусі Каліноўскі — напэўна, цэнтральная гістарычная фігура ўсяго 19 стагодзьдзя. Гэта ікона барацьбы беларусаў за сацыяльныя і нацыянальныя правы, фігура, якая парадаксальным чынам яднае нацыянальна-дэмакратычны дыскурс і афіцыйны БССР’аўскі.

Кастусь Каліноўскі
Кастусь Каліноўскі

Каліноўскі — хоць і чалавек яшчэ «літвінскай», «дабеларускай» эпохі — стаў папярэднікам і натхняльнікам усяго беларускага нацыянальна-вызвольнага руху, пачынаючы ад другой паловы 19 стагодзьдзя. Паралельна з гэтым ён быў адзінай сымбалічнай асобай зь ліку барацьбітоў за вызваленьне Беларусі ад расейскага панаваньня, якая афіцыйна шанавалася ў БССР і забясьпечвала своеасаблівы нацыянальны складнік у савецкай ідэалёгіі на Беларусі.

Для палякаў і літоўцаў жа ён проста адзін з многіх актыўных дзеячоў і кіраўнікоў паўстаньня 1863 году — выбітны, шанаваны, але не галоўны. Пагатоў, як «чырвоны» і як чалавек, што апэляваў да беларусаў, Каліноўскі яшчэ больш аддалены ад польскага пантэону «Студзеньскіх паўстанцаў». Калі ён будзе пахаваны ў Вільні разам зь іншымі паўстанцамі, ягоная магіла будзе проста адной у шэрагу многіх. І надпіс на беларускай мове на ёй — калі ён увогуле будзе — быў бы толькі адным у шэрагу некалькіх.

Калі інфармацыя пра Каліноўскага ўсё ж пацьвердзіцца, беларуская афіцыйная ўлада павінна зрабіць усё, каб забясьпечыць пахаваньне Каліноўскага на тэрыторыі Беларусі. Магіла такога чалавека — гэта нацыянальны мэмарыял нумар адзін, ніяк ня менш важны за, напрыклад, савецкую стэлу перамогі ў Другой усясьветнай вайне на Круглай плошчы ў Менску. Пахаваць Каліноўскага можна было б ці ў Менску як сталіцы Беларусі, ці ў Горадні, зь якой зьвязанае яго жыцьцё.

У любым выпадку, забясьпечыць урачыстае пахаваньне Каліноўскага на беларускай зямлі — справа гонару для Беларусі, беларускай дзяржавы і беларускай нацыі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG