Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БМП «узялі ў палон» мікрараён катэджаў у Горадні. Як церпяць ад вайсковай тэхнікі


Мікрараён Ласосна-4

Гісторыя з наездам БМП на легкавушку ў Горадні выявіла, што ейны кіроўца не адзіны, хто цярпіць ад вайскоўцаў. Баявыя машыны «ўзялі ў палон» мікрараён на ўскрайку Горадні. Яны блякуюць жыхарам шлях у горад, пужаюць дзяцей і фактычна перашкаджаюць пабудаваць нармальную дарогу.

БМП наехала на легкавы аўтамабіль на ўскрайку Горадні. ВІДЭА​

Уласьнікаў катэджаў непакоіць дарога ў горад

Мікрараён Ласосна-4 на месцы вайсковых складоў пабудаваў галоўны гарадзкі забудоўшчык некалькі год таму. Тут жыве больш за 100 сем’яў. Мікрараён месьціцца на ўскрайку горада пасярод лесу. Калі каркасна-панэльныя дамы ўпалі ў кошце, іх можна было набыць за 60 тысяч даляраў. Гэты ўчастак горада называюць «Маленькай Аўстрыяй», а віцэ-прэм’ер Анатоль Калінін прыводзіў яго як узор іншым абласьцям.

Мікрараён называлі ўзорным для ўсё краіны
Мікрараён называлі ўзорным для ўсё краіны

Аднак галоўнай праблемай ягоных жыхароў стала дарога. Мікрараён зь «вялікім горадам» злучае грунтовая дарога праз густы лес даўжынёй каля аднаго кілямэтра.

У ёй можна вылучыць пяць заганаў.

1. Дарога з паваротамі. Таго, хто едзе насустрач, бачна не адразу.

2. Калі разагнацца на пясчаным пакрыцьці, уздымаецца воблака пылу.

За пылам амаль нічога ня бачна
За пылам амаль нічога ня бачна

«Калі насустрач едуць дзьве машыны з хуткасьцю 60 км/гадзіну, там такі пыл падымаецца, што нічога ня бачна. Кіроўца можа цябе заўважыць толькі за 30 мэтраў. Мы прайшлі па ёй з жонкай і вазком адзін раз, і вырашылі болей там не шпацыраваць», — кажа жыхар мікрараёна Станіслаў.

3. Акрэсьленай абочыны на дарозе няма. Пешаходы і раварысты дзеляць яе з машынамі.

Абочыны няма
Абочыны няма

«Хутка дзеці будуць хадзіць на аўтобусны прыпынак, каб ехаць у школу. Няма нават тратуарнай дарожкі. Я б сваё дзіця не пусьціў адно. Будзе ехаць машына, дзіця спужаецца, і можа пабегчы не ў лес, а на сярэдзіну дарогі», — распавядае пра небясьпеку Станіслаў.

Тут жыве шмат сямей з малымі дзецьмі, у тым ліку шматдзетных сем’яў.

Бацькі баяцца адпускаць дзяцей адных
Бацькі баяцца адпускаць дзяцей адных

«Як я буду адпускаць дзяцей, не ўяўляю. Кожнага я ж не давяду да прыпынку», — перажывае шматдзетная маці Вольга.

4. Няма асьвятленьня.

Ліхтары ў пасёлку выключаюць на ноч, на дарозе іх увогуле няма
Ліхтары ў пасёлку выключаюць на ноч, на дарозе іх увогуле няма

5. Па дарозе ходзіць вайсковая тэхніка.

Калёна вайсковай тэхнікі блякуе ўвесь мікрараён

Баявыя машыны пяхоты належаць шостай асобнай гвардзейскай мэханізаванай брыгады Заходняга апэратыўнага камандаваньня, што месьціцца ў мікрараёне Фолюш.

Пэрыядычна яны едуць на вучэньні на палігон у Гожу. Відаць, адтуль яны вярталіся 22 чэрвеня, калі адну з баявых машын занесла на легкавушку. Вядома, што з 12 па 20 чэрвеня на палігоне ладзілася вайсковая гульня з удзелам згаданай брыгады.

Танк наехаў на легкавы аўтамабіль на ўскрайку Горадні, 22 чэрвеня 2018 году
Танк наехаў на легкавы аўтамабіль на ўскрайку Горадні, 22 чэрвеня 2018 году

Жыхары мікрараёна ня могуць узгадаць дакладна, як часта праходзіць калёна. Кажуць, што звычайна ўвечары або ўначы. Некаторыя кажуць пра некалькі раз на год, іншыя пра некалькі разоў на месяц. За апошні месяц яе бачылі двойчы.

«Сёлета далі грошы, яны езьдзяць. Налета не дадуць, яны ня будуць. На гэтыя вучэньні ж грошы патрэбныя. А вы думалі, яны проста вырашылі на палігон паехаць пастраляць?» — разважае Аляксандар, які раней служыў у шостай брыгадзе, а цяпер жыве ў Ласосна.

«Калі я сюды перасяліўся, то задумаўся пра бясьпеку. Я мяркую, гэта ненармальна ехаць калёнай побач з дамамі», — кажа Станіслаў.

«Ненармальна ехаць калёнай побач з дамамі»
«Ненармальна ехаць калёнай побач з дамамі»

Апрача шуму і патэнцыйнай небясьпекі для тых, хто мог апынуцца ў гэты час на дарозе, людзі кажуць пра блякаваньне шляху. Перакрываюць увесь мікрараён. Апошні раз гэта цягнулася прыкладна 40 хвілін. Ніхто за гэты час ня можа ні заехаць, ні выехаць з мікрараёна. Бо дарога адна.

«Замест таго, каб укладваць дзіця спаць, я буду сядзець у машыне і чакаць, пакуль праедзе гэтая калёна, каб трапіць дадому. У Міністэрстве абароны нам сказалі: „Не перажывайце, гэта бясьпечна“. Учора раздавілі машыну, а заўтра што раздавяць?», — абураецца Станіслаў.

Пра небясьпеку вайсковай тэхнікі кажа гарадзенец Аляксандр, які служыў у Пячах і там езьдзіў на БМП, падобнай да той, што наехала на легкавушку. Ён распавядае, што падчас ягонай службы на БМП вучылі езьдзіць цягам паўгоду. Салдат мусіў «накатаць» усяго 85 кілямэтраў за гэты час.

Месца, дзе БМП наехала на аўтамабіль
Месца, дзе БМП наехала на аўтамабіль

На думку былога салдата, гэтага недастаткова, каб кіраваць машынай вагой у 14 тон на гусеніцах. Аднак мужчына адзначыў, што такая тэхніка больш прадказальна сябе паводзіць на пясчанай дарозе, а не на асфальце, па якім яна сьлізгае нібы па лёдзе.

Патрэбны асфальт, тратуар, асьвятленьне

Жыхары сёлета калектыўна зьвярталіся да дзяржаўных органаў.

Патрэбны асфальт, тратуар і асьвятленьне
Патрэбны асфальт, тратуар і асьвятленьне

Прасілі:

  1. зрабіць асфальтаваную дарогу з пешаходнай часткай і асьвятленьнем, якую ім абяцалі пры продажы дамоў,
  2. пусьціць у мікрараён грамадзкі транспарт,
  3. знайсьці для вайсковай тэхнікі іншы шлях,
  4. праверыць раён на боепрыпасы (пасьля таго, як у вуснай размове чыноўнікі патлумачылі немагчымасьць пабудовы дарогі, бо «раптам там захаваліся боепрыпасы»).

Дарогу не пабудуюць з-за БМП?

На калектыўны зварот з Горадзенскага гарвыканкама пісьмова адказалі, што сёлета праектаваньне і пабудова дарогі з Ласосна-4 бюджэтам Горадні не прадугледжана. У вуснай размове з прадстаўнікамі Мінабароны прагучала, што дарогу ня хочуць будаваць, бо БМП адразу яе разаб’юць.

«Тут заплянавана пабудаваць шасьціпалосную аб’язную дарогу. Гэта будзе, можа толькі праз 20 год. Тады давядзецца нішчыць ужо пракладзены фрагмэнт», — тлумачыць прычыны жыхарка мікрараёна Вольга, якая ўдзельнічала ў размове са старшынём гарвыканкама.

Так выглядае асфальтаваная дарога каля Ласосна пасьля праезду БМП
Так выглядае асфальтаваная дарога каля Ласосна пасьля праезду БМП

​Аўтобус, па словах уладаў, сюды ня могуць пусьціць, бо... няма дарогі і няма, дзе яму разьвярнуцца. Жыхары мяркуюць, што месца для развароту хапае.

З Заходняга апэратыўнага камандаваньня Ўзброеных Сілаў Беларусі (ЗАК) жыхарам адказалі, што іншы шлях немагчымы, бо тады вырасьце рызыка нашкодзіць уласнасьці, жыцьцю і здароўю людзей, у параўнаньні з тым, якая яна цяпер.

Вайскоўцы кажуць, што аб’язны шлях немагчымы
Вайскоўцы кажуць, што аб’язны шлях немагчымы

Праверыць і ачысьціць раён ад магчымых боепрыпасаў вайскоўцы паабяцалі да канца ліпеня.

Раён правераць на боепрыпасы
Раён правераць на боепрыпасы

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG